Алесю Бяляцкаму: 4,5 гады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй. Каментар Севярынца і Садоўскага

24 лістапада 2011 12:06  |  Галоўныя навіны

24 лістапада ў 11 гадзінаў суддзя Першамайскага суду Менска Сяргей Бандарэнка абвясціў прысуд кіраўніку праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесю Бяляцкаму: 4 з паловай гады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя гэтага паводле рашэння суду, Бяляцкі мусіць сплаціць 721 мільёнаў стратаў і 36 мільёнаў судовай дзяржпошліны.

Суворы прысуд Алесю Бяляцкаму у інтэрв’ю прэс-службе БХД пракаментаваў сустаршыня БХД, палітвязень Павал Севярынец

“Гэта поўнае беззаконне, удар у самае сэрца беларускай салідарнасці. Прысуд Бяляцкаму – гэта прысуд усім нам. Мы павінны прыняць гэты выклік і выявіць усю магчымую салідарнасць як з Алесем, так і з астатнімі палітвязнямі. Патрымка “палітычных” мусіць стаць агульнанароднай справай: молімся, лістуем, дапамагаем сем’ям, арганізоўваем візіты святароў да палітвязняў.”

Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, які прыйшоў падтрымаць зняволенага праваабаронцу у суд, даў з гэтай нагоды такі каментар:

“Прысуд не быў нечаканы ні для каго. На жаль, на гэта паўплывала сітуацыя, якая склалася ў краіне: падпісаньне паганнення з Расеяй, якое чакаецца бліжэйшымі днямі, і адпаведна, змяншэнне эканамічнай залежнасці ад падтрымкі Еўропы.

Алесь мужна сустрэў прысуд. Людзі, якія прыйшлі яго падтрымаць, таксама паводзілі сябе мужна, чуліся воклічы “Жыве Беларусь!”, “Ганьба суду”, у судзе былі партрэты Бяляцкага і нават расцяжка “Вясну не стрымаць”.

Менавіта ад нашай твёрдай пазіцыі залежыць, наколькі хутка ён і іншыя палітвязні выйдуць на свабоду. Прысуд, які мы пачулі сёння, яшчэ раз засведчыў, што рэжым не збіраецца аслабляць ціск. Рэпрэсіўная машына па-ранейшаму накіраваная на знішчэнне грамадзянскай супольнасці. “

 

Нагадаем, што працэс над Алесем Бяляцкім пачаўся 2 лістапада. Суддзя – Сяргей Бандарэнка, пракурор – Зайкоўскі. Праваабаронцу абвінавачвалі паводле ч.2 арт. 243 КК РБ (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Судзілі Бяляцкага на падставе звестак пра ягоныя банкаўскія рахункі, перададзеных Беларусі з Літвы і Польшчы. Насамрэч, на асабістых рахунках ён трымаў грошы для праваабарончай дзейнасці ў Беларусі. Дзякуючы дзейнасці Бяляцкага і ПЦ “Вясна”, тысячы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі і іх сем’яў атрымлівалі матэрыяльную дапамогу на аплату велізарных штрафаў, перадачы ў месцы зняволення, юрыдычную падтрымку.

Болей навін