Малітоўны тэлемост Менск – Мадрыд з удзелам Папы Рымскага запланаваны на 2011 год

07 кастрычніка 2009 12:02  |  Грамадства

Прэс-сакратар Беларускай рыма-каталіцкай царквы ксёндз Аляксандр Амяльчэня паведаміў, што на жнівень 2011 года запланаваны малітоўны тэлемост Мадрыд – Менск, які злучыць беларускіх вернікаў з папай рымскім Бенэдыктам XVI.

Як паведаміў прэс-сакратар, гэты тэлемост уключаны ў праграму ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды Сусветнага дню моладзі, якія адбудуцца 16 -21 жніўня 2011 года ў Мадрыдзе. Дзякуючы тэлемасту вернікі з Беларусі злучацца ў сумеснай малітве са святым айцом і ўдзельнікамі свята. Чакаецца, што на святкаванне ў Мадрыд прыедзе і дэлегацыя з Беларусі.

Ксёндз таксама паведаміў, што сьвяткаванне Сусветнага дню моладзі ў Мадрыдзе прадугледжвае ўрачыстую месу на плошчы Плаза дэ Кібелес з удзелам каля тысячы епіскапаў. Гэтаксама запланавана працэсія з удзелам моладзі па алее Пасео дэ ла Кастэлано, якая знаходзіцца ў цэнтры Мадрыда. У парку Рэтыра адбудзецца богаслужэнне пакаяння і еднасьці.

Нагадаем, што летам 2008 года такі тэлемост з нагоды Сусветнага дню моладзі злучыў гарадскі пасёлак Івянец з Сіднэем (Аўстралія).

Болей навін