З’езд БХД пройдзе ў ПК МТЗ

02 снежня 2011 13:21  |  Галоўныя навіны

Чацвёрты Устаноўчы з’езд Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” пройдзе 17 снежня ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу. Пра гэта паведаміў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.

 

Паводле яго словаў, 2 снежня з ПК МТЗ паведамілі, што Менскі гарвыканкам даў дазвол на правядзенне з’езду БХД у гэтым палацы. У кіраўніцтва ПК МТЗ ніякіх пярэчанняў з гэтай нагоды няма. Яно гатовае даць памяшканне для правядзення з’езду на ўвесь дзень 17 снежня. У панядзелак, 5 снежня, Дзяніс Садоўскі мае намер паехаць у ПК МТЗ, каб заключыць афіцыйную дамову на правядзенне з’езду.

 

“Пытанне вырашылася нестандартна рана. Звычайна адказ мы атрымоўвалі за некалькі дзён да правядзення з’езду. А тут застаецца яшчэ два тыдні. Безумоўна, гэта вельмі добра. Мы запрашаем усіх на з’езд партыі, які распачнецца а 10-й гадзіне 17 снежня”, – адзначыў адказны сакратар БХД.

 

Дзяніс Садоўскі таксама паведаміў, што на з’ездзе плануецца вырашыць наступныя пытанні: выбары кіраўніцтва партыі, удакладненне стратэгіі партыі, удзел ў парламенцкіх выбарах 2012 году ці іх актыўны байкот, пашырэнне дзейнасці БХД як народнай партыі, паглыбленне хрысціянскага духу ў партыі.

 

“Мы спадзяемся, што ніякіх сюрпрызаў не будзе і рашэнне ўладаў не зменіцца. Мы маем дазвол Менгарвыканкама – у мінулыя разы гэтага было дастаткова”, – падкрэсліў Дзяніс Садоўскі.

 

Партыя БХД пачынаючы з 2009 года ўжо тройчы праводзіла ўстаноўчыя з’езды і падавала рэгістрацыйныя дакументы ў Міністэрства юстыцыі, але да гэтага дзяржаўную рэгістрацыю з палітычных матываў так і не атрымала.

Болей навін