Беларускія актывісты зьвярнуліся да генпракурора Польшчы

07 снежня 2011 07:37  |  Палітыка

У аўторак у Варшаве прадстаўнікі арганізацыяў «Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі», Цэнтар «Супрацоўніцтва бязь межаў», «Малады Фронт», «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» ды «Эўрапейская Беларусь» накіравалі на імя генэральнага пракурора Польшчы Анджэя Сэрэмэта ліст з просьбаю аб асабістай сустрэчы.

Актывісты заяўляюць аб выпадках нэгатыўнага стаўленьня да беларускага незалежніцкага руху, прыкладам, пра «фактычную забарону на карыстаньне бел-чырвона-белым сьцягам».

«Выглядае так, што кіраўніцтва Польшчы дапамагае ды падтрымлівае прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, а адначасна маюць месца розныя выпадкі, якія перакрэсьліваюць усе дэклярацыі. Так, як гэта было ў Быдгашчы, калі затрымалі беларусаў за бел-чырвона-белы сьцяг на стадыёне, ці, прыкладам, справа Андрэя Жукаўца (беларускі бізнэсовец, які ўжо каля 10 гадоў судзіцца ў справе запыту афіцыйнага Менску аб ягонай выдачы ў Беларусь)», – сказаў Свабодзе сябар БХД Анатоль Міхнавец.

Спадар Міхнавец дадаў, што ў асабістай размове з генпракурорам ён ды іншыя падпісанты маюць намер патлумачыць сытуацыю ды заклікаць спадара Сэрэмэта «паўплываць на сваіх падначаленых».

Болей навін