У кіраўніцтве БХД адбудуцца змены

14 снежня 2011 11:08  |  БХД

У кіраўніцтве аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў найбліжэйшы час адбудуцца змены. Пра гэта 14 снежня карэспандэнту Тэлеграфа паведаміў адказны сакратар аргкамітэта Дзяніс Садоўскі. “Змены адбудуцца як у складзе Нацыянальнай рады, так і ў складзе сустаршыняў”, – заявіў ён.

 

“Пакуль гаварыць аб канкрэтных зменах рана. Канкрэтныя рашэнні аб складзе Нацыянальнай рады і сустаршыняў прыме ўстаноўчы з’езд партыі, які пройдзе 17 снежня ў Мінску ў ДК МТЗ. Вядома, пэўныя прапановы па змене кіраўніцтва ёсць, але да з’езду яны пакуль не агучваюцца”, – распавёў Дзяніс Садоўскі.

Між тым адказны сакратар БХД нагадаў, што на будучым з’ездзе дзеючы сустаршыня аргкамітэта Аляксей Шэін не будзе балатавацца на дадзеную пасаду, застаючыся пры гэтым членам Нацыянальнай рады.

Дзяніс Садоўскі таксама распавёў аб зменах у стратэгіі партыі, якія рыхтуюцца. У прыватнасці, па яго словах, БХД будзе больш надаваць увагі эканамічным пытанням, пашыраць сваю дзейнасць у якасці народнай партыі і ўмацоўваць сваю хрысціянскую аснову.

“Па кожным з пунктаў як па стратэгіі, так і па складзе кіраўніцтва будуць галасаваць дэлегаты з’езду. Відавочна, што змены адбудуцца, але наколькі радыкальнымі яны будуць, пакажа з’езд”, – падкрэсліў Дзяніс Садоўскі.

Як паведамляў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе інтэрв’ю амерыканскаму выданню The Washington Post заявіў, што ў Беларусі, хутчэй за ўсё, ніколі не зарэгіструюць партыю “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. “Яны ўдзельнічалі ў масавых беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны – бандыты”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Між тым у прэс-службе БХД заявілі, што арганізацыя, “заклікаючы людзей да ўдзелу ў акцыях пратэсту, заўсёды казала аб мірнай дэманстрацыі, а прадстаўнікі БХД ўсяляк спрабавалі не дапусціць масавых беспарадкаў”.

Болей навін