Павал Севярынец: Беларуская глыбіня. Усмешка Васьковіча

19 снежня 2011 20:50  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

Бывала, усміхнуся ім — 

яны не вераць,
і святла твару майго
Яны не азмрочвалі.
Ёў 29:24

 

Яўгена Васьковіча ведаюць усе бабулькі ў раёне. «Наш Жэня!» Калі сябры БХД паўтара года таму абыходзілі бабруйскія вуліцы Мінскую ды Кастрычніцкую, мне самому стала цікава, чаму 21-гадовы беларускамоўны актывіст-пачатковец карыстаецца такой папулярнасцю сярод «электарата». Аказалася — элементарна, Ватсан:

 

Яўген пры сустрэчы заўсёды ўсміхаецца і вітаецца нават з незнаёмымі — шырока, адкрыта і, галоўнае, шчыра.

 

Усмешлівы Яўген працаваў сабе журналістам у «Бабруйскім кур’еры», як хадэцкі народны дэпутат збіраў подпісы за добраўпарадкаванне свайго раёна — і аднойчы быў жорстка збіты мясцовай міліцыяй падчас хакейнага матчу ў падтрыбунным памяшканні лядовага палаца за тое, што ўзняў бел-чырвона-белы сцяг.

 

Калі мяне ў Мінску вызвалялі ў зале суда для «хіміі», даведаўся, што Яўгена Васьковіча судзяць за напад на бабруйскую ўправу КДБ.

 

У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 бабруйскія хлопцы ўтрох закідалі будынак раённага аддзела КДБ бутэлькамі з запальнай сумессю. Афіцыйныя страты склалі 253 тысячы беларускіх рублёў, але абвінавачванне заявіла: раз хацелі спаліць усё — лічым за шкоду кошт усёй канторы, 2 мільярды.

 

Доўга не мог уцяміць, як юны, абаяльны, усмешлівы каталік шпурляе кактэйль Молатава разам з анархістамі. Дастаць яно, канечне, дастала — але трэба разумець, што такі ўчынак раўнавартасны стрэлу «Аўроры». Гэта вайна, у тым ліку і з самім сабой.

 

У судзе Яўген Васьковіч трымаўся героем, па-каліноўску. Бел-чырвона-белая майка. Распраўленыя плечы. І, канечне, усмешка.

«Маёй мэтай было запалохаць КДБ. Аб тым, што зрабіў, не шкадую. Я ліцвін, і мой святы абавязак — абараняць беларускія нацыянальныя каштоўнасці. За іх я памерці гатовы, бо жыццё кароткае, а Радзіма вечная. Жыве Беларусь!»

 

Сем гадоў узмоцненага рэжыму.

 

Адвакат, які ўпершыню наведваў Васьковіча ў турме, быў у шоку ад бадзёрага настрою схуднелага Яўгена. «Думаў, бравіруе, — прызнаўся ён пасля, — а потым гляджу, ён так жыве».

 

У адказ на пяць маіх дасланых лістоў дайшоў адзін. Затое які! «Усміхаюся ўсім — і вязням, і канваірам. І яны пачынаюць усміхацца ў адказ». Радкі проста праменяць. Я напрыканцы — лаціна: «З Богам да ўсяго гатовы». Першае, за што Васьковіч атрымаў карцар, — адмова аддаць канваірам Біблію.

 

Пішу Яўгену, што мы пераможам без гвалту — так, як гэта рабілі нашы продкі, суседзі, еўрапейцы, так, урэшце, як гэта зрабіў Ісус. Васьковічу даходзіць мой канверт, а ўсярэдзіне — чысты аркуш з надпісам: «Перапіска з Севярынцам забароненая».

 

Для тых, каму перапіску з Васьковічам яшчэ не забаранілі, ёсць адрас: 212011, Магілёў, вул.Крупскай, 99а, турма №4.

Праваабаронцы размаўляюць пра Васьковіча неахвотна — сам прызнаўся ў гвалце. Але — парадокс: патрабаванне свабоды Васьковічу робіць нас саміх вольнымі, асуджэнне ці абыякавасць (маўляў, ведаў, на што ішоў) робіць нас рабамі гвалту, які чыніць рэжым.

 

Увогуле, свабода і гвалт несумяшчальныя. Вось чаму беларусы дамагліся незалежнасці не ў выніку збройных паўстанняў ХІХ стагоддзя, а пасля духовых і культурных адраджэнняў ХХ стагоддзя.

 

Зазвычай тыя, хто кідае бутэльку з агнём, закрываюць твар. Каб не пазналі і каб не бачылі злосці, ад якой перакошвае аблічча.

 

Яўген Васьковіч твару не хавае. Ён усміхаецца. І ўсмешка Васьковіча-Карнэгі робіць значна больш, чым запальны кактэйль Молатава-Васьковіча.

 

За парушэнне рэжыму ўтрымання Яўгену Васьковічу прызначылі 3 гады крытай турмы — паўгалоднай ізаляцыі і поўнай безабароннасці.

 

Але ён усміхаецца. Думаю, гэта сведчанне біблійных словаў: «Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром» (Да Рымлянаў 12:21)

 

Трымайся, наш Жэня!

 

Мы верым. Мы можам. А значыць, мы пераможам — беларускім словам і добрай справай, воляй і надзеяй, усмешкай і любоўю. Так, як дзве тысячы гадоў таму перамог Сам Бог.

Болей навін