Віталь Рымашэўскі: “Няма гарантыі, што палітвязняў выпусцяць нават пасля таго, як яны напішуць прашэнне аб памілаванні»

27 снежня 2011 11:59  |  Галоўныя навіны

Аляксандр Лукашэнка заявіў на прэс-канферэнцыі, што не памілуе экс-кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча, а таксама кіраўніка выбарчага штаба Саннікава – Змітра Бандарэнку, пакуль яны не звернуцца да яго з адпаведнай просьбай. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі распавядае ў інтэрв’ю www.Euramost.org, ці могуць палітвязні датэрмінова выйсці на волю без прашэння аб памілаванні. 

– Шчыра кажучы, я думаў, што ўсіх палітвязняў вызваляць да канца гэтага года, – кажа Віталь Рымашэўскі. – Гэта рэальна магло адбыцца. Але ўжо зараз відавочна, што ў 2010 годзе людзі застануцца за кратамі. Як мне здаецца, у асноўным з-за таго, што цяпер улада не бачыць прэферэнцый, якія яна можа атрымаць ад Еўрасаюза за іх вызваленне. Але я ўпэўнены, што ўсе палітвязні будуць вызваленыя датэрмінова, незалежна ад якіхсьці прашэнняў. Вядома, пры ўмове, што пазіцыя Еўропы і ЗША застанецца такой жа цвёрдай і прынцыповай ў гэтым пытанні. І, калі захаваецца пэўнасць у гэтым плане ў беларускім дэмакратычным грамадстве, а апазіцыя будзе настойваць на вызваленні палітвязняў. У такім выпадку, як мне здаецца, вызвалення можна чакаць ужо ў бліжэйшыя паўгода. Таму што наступныя прэзідэнцкія выбары для Аляксандра Лукашэнкі будуць важныя як ніколі. Уладам трэба будзе ўсталёўваць кантакты з Еўропай, каб хоць неяк легітымізаваць выбары. Але, паўтаруся, экс-кандыдаты маглі быць ужо на волі і без усялякіх умоў. Зараз – гэта справа часу. 

– Чаму так прынцыпова важна дамагчыся ад палітвязняў прашэнняў аб памілаванні? 

– З аднаго боку гэта, напэўна, даставіць нейкае маральнае задавальненне уладам – ​​убачыць, як супернік просіць літасці. З іншага боку – бо многія фігуранты справы 19 снежня не пісалі ніякіх прашэнняў, але іх вызвалілі. Гэта паказчык таго, што прашэнне – толькі падстава трымаць людзей за кратамі. Ды і няма гарантыі, што цябе выпусцяць пасля таго, як чалавек нават напіша такое прашэнне. Мабыць, іх трымаюць за кратамі з нейкіх сваіх меркаванняў. 

– У такім выпадку, напэўна, ніхто не дасць гарантыі, што і ў наступным годзе той жа Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў апынуцца на свабодзе? 

– Многае будзе залежаць ад таго, як за іх будуць змагацца палітыкі, ад іх дзеянняў. Упэўнены, што яны маглі быць вызваленыя і раней, але не хапіла, можа быць, пэўнай рашучасці. Гэта датычыцца і беларускай апазіцыі, і заходніх палітыкаў. Толькі цвёрдасць пазіцыі можа паспрыяць таму, каб палітвязні апынуліся на свабодзе. 

Болей навін