У Глыбокім збіраюць подпісы супраць вуліцы Леніна

03 студзеня 2012 11:54  |  Рада Народных Дэпутатаў

Глыбачане просяць перайменаваць цэнтральныя вуліцы гораду. З такою прапановаю яны звярнуліся да мясцовых уладаў.

У звароце на імя старшыні райвыканкаму Алега Морхата прагучала прапанова перайменаваць вуліцу Леніна ў Замкавую, вуліцу Маскоўскую – у Менскую або Докшыцкую, а вуліцу Савецкую назваць Беразвецкаю.

Напісаў зварот і арганізаваў збор подпісаў сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Зміцер Лупач. “Больш як дваццаць гадоў мы жывем у незалежнай Беларусі, а назвы вуліцаў дагэтуль застаюцца савецкія. Такая сітуацыя нас не задавальняе”, – кажа ён.

Некалькі месяцаў таму з падобным зваротам да старшыні райвыканкаму звярнуўся глыбачанін Генадзь Плавінскі. Тады Алег Морхат адказаў, што падтрымлівае ідэю перайменавання вуліцы Леніна ў Замкавую, аднак лічыць гэта немагчымым з-за вялікіх выдаткаў на перайменаванне. Морхат палічыў немэтазгодным змяняць і назву плошчы 17-га верасня. На ягоную думку, большасць глыбачанаў пазітыўна ставіцца да назвы, бо яна нагадвае пра падзеі “ўз’яднання” БССР і Заходняй Беларусі.

Адносна новага звароту ў райвыканкаме заявілі, што яго разгледзяць, але на станоўчае рашэнне надзеі мала. “Перайменаванне вуліцаў – гэта дарагі ды няпросты працэс. Больш за тое, людзі прызвычаіліся жыць на вуліцах з сённяшнімі назвамі, таму можа быць шмат незадаволеных”, – кажа галоўны ідэолаг гораду Міхаіл Чарапкоўскі.

Болей навін