БХД звяртаецца да Каталіцкага Касцёлу з просьбай ушанаваць памяць Адама Станкевіча

06.01.2012, 10:36  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" звяртаецца да кіраўніцтва Рымска-Каталіцкага Касцёла на Беларусі з просьбай ушанаваць памяць беларускагаа святара, аднага з заснавальнікаў БХД Адама Станкевіча, якому 6 студзеня спаўняецца 120 гадоў. Зварот кіраўніцтву Касцёла будзе перададзены 6 студзеня. Поўны тэкст звароту:

 

Яго Эксцэленцыі ксяндзу арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу,

 Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, адміністратару Пінскай дыяцэзіі

Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Аляксандру Кашкевічу,

 біскупу Гродзенскай дыяцэзіі

Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Антонію Дзям’янку,

дапаможнаму біскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Уладзіславу Бліну,

ардынарыю Віцебскай дыяцэзіі

Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Казіміру Вялікасельцу,

дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі

 

Мінск, 06.01.2012

 

 

Шаноўныя Ксяндзы Арцыбіскуп і Біскупы!

 

Сёння. 6 студзеня беларусы адзначаюць 120-годдзе народзінаў Адама Станкевіча, беларускага ксяндза, гісторыка, выдаўца, грамадскага дзеяча і пакутніка, які скончыў жыццё ў савецкім ГУЛАГУ.

Адам Станкевіч нарадзіўся 6 студзеня 1892 года ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету, цяпер Смаргонскага району. Вучыўся ў Ашмянах, Вільні і Пецярбургу. Быў пасвечаны ў святары ў 1914 годзе.

Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, адзін з ініцыятараў правядзення і ўдзельнік з’езду Беларускага Каталіцкага Святарства 24 і 25 траўня 1917 года ў Мінску. У 1917 адным з першых перайшоў да казанняў на Беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў. Кандыдат кананічнага права ў 1918 годзе, з 1919 года выкладаў рэлігію ў Віленскай Беларускай Гімназіі. У жніўні 1919 і з верасня 1922 гадоў - рэдактар і выдавец хрысціянскай дэмакратычнай газеты “Крыніца”. У 1922-28 гг. быў паслом Польскага Сейму. У 1924-26 гг. узначальваў Таварыства Беларускай Школы, быў старшынём і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК).  У 1928-39 гг. рэдактар і выдавец часопіса “Хрысьціянская Думка”. На 4-м З’езде БХД быў абраны Сябрам Цэнтральнага Камітэта Партыі. Вёў Набажэнствы на беларускай мове ў касцёле Св. Мікалая ў Вільні.

Адам Станкевіч – аўтар шматлікіх літаратурных твораў, як уласна рэлігійных для беларусаў-каталікоў, так і грамадска-палітычных і гістарычных, літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, па гісторыі хрысціянства на Беларусі, беларускага нацыянальнага адраджэння і асветы. Самыя буйныя і значныя яго манаграфіі - «Родная мова ў святынях» (1929), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» (1934), «Хрысціянства і беларускі народ: (Спроба сінтэзы)» (1940).

У 1938 годзе Станкевіч быў высланы польскай адміністрацыяй на 5 гадоў у Слонім. Восенню 1939 года вярнууся ў Вільню і стаў дырэктарам Беларускай Дзяржаўнай Прагімназіі. 7 снежня 1944 года быў арыштаваны савецкімі ворганамі НКВД. 13 красавіка 1949 арыштаваны другі раз, 31.08.49 асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у Лукішках, потым у АЗЕРЛАГУ Тайшэт Іркуцкай вобласці, дзе і памёр. Пахаваны 10.12.49 каля вёскі Шаўчэнкі Тайшэцкага району.

Ксёндз Адам Станкевіч – адзін з вялікіх Беларусаў, хто ахвяраваў сваё жыццё за Бога і Айчыну! Лічым, што ўшанаванне памяці аб ім з’яўляецца нашым супольным абавязкам. Гэты Вялікі Сын Беларускага народа, выбітны святар можа стаць светлым прыкладам і натхненнем для беларускіх святароў і ўвогуле для маладых людзей. Ён як Хрыстос паклаў сваё жыццё як ахвяру на алтар і прынёс вялікі плён для нашай зямлі: ягоныя кнігі актуальныя і сёння, а большасць яго ініцыятываў трывае да цяперашняга дня.

Шаноўны Ксёндз Арцыбіскуп! Шаноўнае Святарства!

Звяртаемся да Вас з просьбай узяць удзел ва ўшанаванні памяці гэтага выбітнага каталіцкага святара і дапамагчы нам у будучыні правесці наступныя мерапрыемствы:

1)      Правядзенне ўрачыстых набажэнстваў у памяць кс. Адама Станкевіча

2)      Наданне вуліцам Менску, Смаргоні, Гародні, Слоніма Імя Кс. Адама Станкевіча

3)      Усталяванне памятных шыльдаў і помнікаў у гонар кс. Адама Станкевіча

4)      Правядзенне навукова-практычнай канференцыі “Адам Станкевіч”

 

З павагай і малітвай,

 

Георгі Дзмітрук, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

 

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

 

Павал Севярынец, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Навіны па тэме

Фото юзера Serg
Serg 06.01.2012
Дзе каляднае віншаванне???
Фото юзера zdanek
zdanek 06.01.2012
некатолікі ацэньваюць важкасць ксяндза Станкевіча для Каталіцкага касцела.
асабіста я лічу яго палітыкам, публіцыстам, магчыма гісторыкам, а не рэлігійным дзеячам. Тым больш лявацкіх поглядаў...

То Касцел і не мусіць выступаць за столь масштабнае ўвакавечанне яго памяці.
Хай гэта робяць палітыкі.