Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў чацвёрты раз адмовілі ў рэгістрацыі

19 студзеня 2012 11:13  |  Галоўныя навіны

Мінюст адмовіў у рэгістрацыі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, які прымае ўдзел у выніковай калегіі Міністэрства юстыцыі. Пра тое, што партыі адмовілі ў рэгістрацыі, у БХД не ведалі.

 

Алег Сліжэўскі паведаміў, што ў пададзеных для рэгістрацыі дакументах БХД быў выяўлены шэраг парушэнняў. У прыватнасці, парушэнні былі ўсталяваныя ва ўстаноўчых дакументах, спісах заснавальнікаў партыі. У цэлым яны былі аформленыя неналежным чынам. 

“Такім чынам, такія дакументы не маглі быць прызнаныя юрыдычна маючымі значэнне”, – цытуе міністра БелТА

З прычыны гэтага ў адпаведнасці з заканадаўствам Міністэрства юстыцыі было вымушана прыняць рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі БХД, адзначыў Алег Сліжэўскі. 

“Нам не паступала ніякіх афіцыйных дакументаў аб тым, што нам адмоўлена ў рэгістрацыі. Міністэрства юстыцыі паводзіць сябе абсалютна па-хамску. Спачатку яно паведаміла, што прыпыняе рэгістрацыю партыі БХД на месяц, а сёння мы даведаемся з БелТА, што партыі адмовілі ў рэгістрацыі. Нам не паведамлялі, што яны аднавілі працэс рэгістрацыі. Яны робяць усё, што хочуць. Разгарнулі масавыя рэпрэсіі па краіне супраць заснавальнікаў БХД. Апошнія звесткі аб гэтым прыйшлі з заводу МАЗ, дзе просяць працоўных пісаць тлумачальныя начальніку цэха і іншаму кіраўніцтву завода. 

Спісы заснавальнікаў БХД, якія мы падавалі толькі ў Міністэрства юстыцыі, апынуліся ў міліцыі, у адміністрацыі прадпрыемстваў, што абсалютна незаконна. Супрацоўнікі міністэрства паводзяць сябе непісьменна. Мне сорамна, што ў нашай краіне такія людзі прадстаўляюць закон”, – так пракаментаваў “Беларускаму партызану” Віталь Рымашэўскі інфармацыю аб адмове БХД у рэгістрацыі.

Болей навін