Тысячы беларусаў просяць прэзідэнта Расіі спыніць перамовы ў справе Аэс

07.10.2009, 12:09  |  Навіны » Грамадства

Больш як пяць тысяч беларускіх грамадзян звярнуліся да прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева з просьбай спыніць перамовы аб будаўніцтве АЭС у Беларусі.

У звароце, падпісаным кіраўніком грамадскай ініцыятывы "Горацкая антыядзерная група" Пятром Маланачкіным, адзначаецца, што па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі з Расіяй ідуць перамовы аб будаўніцтве АЭС у Беларусі. Але палітычнае рашэнне аднаго чалавека, нават прэзідэнта, не адлюстроўвае жадання астатніх беларусаў, якія не па сваёй волі 23 гады таму атрымалі значную дозу радыяцыі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, гаворыцца ў звароце.

Маланачкін інфармуе Мядзведзева, што ў артыкуле 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь "замацаваны бяз'ядзерны шлях развіцця" краіны. Улічваючы постчарнобыльскія настроі беларусаў і статыстыку захворванняў, выкліканых чарнобыльскай катастрофай, Пётр Маланачкін просіць кіраўніка расійскай дзяржавы "спыніць усякія перамовы з нагоды будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі".

"Мы, беларусы, хочам жыць у мірнай краіне, мець сяброўскія адносіны з нашымі суседзямі, а не быць агульнымі заложнікамі ядзерных амбіцый", — падкрэсліваецца ў звароце, накіраваным таксама прэм'ер-міністру Расіі Уладзіміру Пуціну і прэзідэнту "Росатама" Сяргею Кірэенку. Да дакумента прыкладаюцца копіі больш чым пяці тысяч подпісаў грамадзян Беларусі.

Навіны па тэме