Віталь Рымашэўскі. «ВЫБАРЫ» 2012. Стратэгія БХД супраць стратэгіі рэжыму

10 лютага 2012 12:09  |  Галоўныя навіны

У святле апошніх падзей у апазіцыі (спробаў развалу існуючай кааліцыі; падпісання БНФ, «Гавары праўду» і рухам «За свабоду»пагаднення аб пачатку мабілізацыі электарату на «выбары»), на фоне інфармацыі аб ініцыятыве перагляду спісу неўязных беларускіх чыноўнікаў шэрагам апазіцыйных дзеячаў становіцца відавочным сцэнар улады на правядзенне выбараў 2012 года. Ён да тупасці прымітыўны: прысутнасцю апазіцыйных кандыдатаў забяспечваецца яўка выбаршчыкаў на «выбары».

У гэты ж час шэраг дэмакратычных арганізацый праводзіць кампанію байкоту выбараў. Гэта непазбежна прывядзе да ўзаемных абвінавачваннях і скандалаў у асяроддзі апазіцыі. Адначасовая рэалізацыя двух сцэнароў – сапраўднае параза дэмакратычных сіл. Вынікам стане дыскрэдытацыя ўсёй апазіцыі сярод насельніцтва і міжнароднай супольнасці, развал кааліцыі і новыя магчымасці для лабістаў рэжыму.

У выніку пад выглядам дэмакратаў у палатку будуць прызначаныя некалькі завербаваных членаў апазіцыйных арганізацый. Потым з гэтых людзей паспрабуюць зрабіць аснову для «сістэмнай» апазіцыі. Тут магчымыя варыянты: новыя кааліцыі пад рознымі соусамі альбо з’яўленне “Трэцяй Сілы” – “новай, малады і перспектыўнай”. Ад Захаду ўлада запатрабуе прызнання выбараў і аднаўлення палітычных і эканамічных кантактаў, падмацоўваючы свае словы абяцаннямі выпусціць некалькіх палітвязняў.

Нягледзячы на тое, што гарантыю эфектыўнасці гэтага сцэнара пацвярджаюць падкантрольныя апазіцыянеры, чаканых вынікаў такая стратэгія не прынясе. Наадварот, яна толькі пагоршыць існае становішча.

Па-першае, вызваленне палітычных зняволеных не з’яўляецца дастатковай умовай для пачатку нармалізацыі адносін з ЕС і ЗША.

Па-другое, у выпадку праходжання ў Палату прадстаўнікоў шэрагу відавочна ўзгодненых прадстаўнікоў апазіцыі будуць цалкам дыскрэдытаваны не толькі апазіцыйныя палітыкі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, але і сама ідэя «эвалюцыйных» пераменаў у краіне.

У выпадку адсутнасці значнага паляпшэння ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў выніку правядзення выбарчай кампаніі 2012 дасягнуць мэты нармалізацыі эканамічных і палітычных адносін з заходнімі краінамі будзе практычна немагчыма аж да наступных выбараў.

Больш рэальным стане «расейскі варыянт» – нефармальная перадача Беларусі ў сферу поўнага эканамічнага і палітычнага ўплыву Расеі, калі Беларусь практычна перастае быць суб’ектам міжнародных адносін, і ўсе пытанні, звязаныя з выкананнем правоў чалавека і інш, будуць пераважна вырашацца праз кіраўніцтва РФ.

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прапануе альтэрнатыўную стратэгію. Яе асноўныя этапы:

Крок першы. Вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных.

Крок другі. Правядзенне выбараў па стандартах АБСЕ (ужо падрыхтаваны адпаведны пакет патрабаванняў, заканадаўчых змяненняў і паправак).

Крок трэці. Прадастаўленне Беларусі фінансавай і эканамічнай дапамогі. Гэты крок будзе ажыццяўляцца толькі пасля здзяйснення першых двух.

Прынцыповым момантам гэтай прапановы з’яўляецца атрыманне роўных магчымасцяў для ўдзелу ў выбарчых кампаніях ўсіх палітычных сілаў, а не толькі лабістаў рэжыму. Гэта адзіна магчымы шлях для мірнага выхаду Беларусі з сістэмнага палітычнага і эканамічнага крызісу.

17 снежня 2011 з’езд Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі сфармуляваў свае патрабаванні да беларускіх уладаў, пры выкананні якіх кандыдаты ад БХД будуць удзельнічаць у выбарах:

1) Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных. Спыніць пераслед іншадумцаў па месцы вучобы і працы, забяспечыць вяртанне звольненых і выключаных (у выпадку іх жадання) на ранейшыя месцы працы і вучобы.

2) Зарэгістраваць ўсе грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, якім па надуманых прычынах адмаўлялася ў рэгістрацыі. Унесці ў заканадаўства неабходныя і прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі змены, якія спрашчаюць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасці. Адмяніць артыкулы 193-1 і 369-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.

3) Стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Спрасціць сістэму іх рэгістрацыі. Адмяніць незаконныя абмежаванні на іх выданне і распаўсюджванне.

4) Унесцi ў Выбарчы кодэкс шэраг змяненняў.

На выкананне гэтых патрабаванняў Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя дае ўладам тэрмін да 25 сакавіка 2012 года.

У выпадку невыканання дадзеных патрабаванняў БХД пачне кампанію актыўнага байкоту.

Сутнасць кампаніі байкоту: на кожнай выбарчай акрузе мы высоўваем лідэра кампаніі байкоту як персанальную альтэрнатыву кандыдатам ад улады, якіх можа быць некалькі, у тым ліку пад выглядам апазіцыянераў і “незалежных” кандыдатаў. Праводзіцца актыўная агітацыйная кампанія, накіраваная на данясенне праўдзівай інфармацыі выбаршчыкам аб сітуацыі ў краіне, пра фальсіфікацыі, аб альтэрнатыўным бачанні развіцця краіны. Мы будзем заклікаць байкатаваць выбары і ўключацца ў кампанію незалежнага назірання падчас галасавання. Асноўная мэта назірання – зафіксаваць недастатковую яўку выбаршчыкаў.

Ва ўмовах, калі ў краіне не адбываецца ніякіх пазітыўных зменаў, паглыбляецца эканамічны крызіс, у турмах знаходзяцца палітычныя зняволеныя, прапанаваныя намі дзеянні – адзіны шлях да таго, каб вырашаць асноўную задачу: дамагчыся падтрымкі сярод тых 60% насельніцтва, якія ўжо не падтрымліваюць уладу, але і пакуль яшчэ не падтрымліваюць апазіцыю.

У адваротным выпадку ўдзел у «выбарах» будзе сродкам легітымізацыі выбараў і «парламента».

Такім чынам, наша прапанова – шлях для мірнага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі. Ад яго рэалізацыі выйграюць усе беларусы – прыхільнікі ўлады і прыхільнікі апазіцыі.

Мы разумеем, што поспех нашай стратэгіі шмат у чым залежыць ад кансалідацыі дэмакратычных сіл, і менавіта таму БХД імкнецца дасягнуць прыняцця сумесных рашэнняў.

Але калі ўлічыць выкладзеную вышэй стратэгію ўлады, уплыў спецслужбаў на паводзіны многіх апазіцыйных лідэраў, – што можа прымусіць іх уступіць ў супрацьстаянне рэжыму?

Ёсць толькі адна сіла, здольная змяніць сітуацыю – актывісты дэмакратычных арганізацый (палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў) і простыя грамадзяне краіны, якія не падтрымліваюць уладу. Яны нічога не атрымліваюць ад закулісных гульняў прадстаўнікоў апазіцыі і ўлады. Гэта менавіта на іх меркаванне павінны абапірацца лідэры партый і рухаў. Менавіта яны, а не малалікая група экспертаў і лідэраў з’яўляюцца пачаткам грамадзянскай супольнасці Беларусі. Упэўнены, што рана ці позна іх голас будзе вырашальным.

Для таго каб выйсці з тупіку сённяшняй сітуацыі, БХД прапануе да 25 сакавіка 2012 года правесці сходу дэмакратычных актывістаў і грамадзян ва ўсіх рэгіёнах краіны. На гэтых сходах трэба будзе вызначыць фармат правядзення сумеснай палітычнай кампаніі 2012 года і вылучыць дэлегатаў на Усебеларускі Народны З’езд. З’езд прапануем правесці ды канца красавіка 2012 года. Яго асноўная задача – падтрымаць альтэрнатыўную стратэгію і зацвердзіць яе як адзіную для ўсіх дэмакратычных сілаў краіны.

Болей навін