Беларуская глыбіня. Забыць героя

19.02.2012, 22:11  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Грамадства

Хто ты, што баішся

чалавека,

які памірае,

і сына чалавечага,

які тое самае, што трава,

і забываеш 

Госпада Творцу свайго…

Ісаі 51:13

«А калі зноў Расія, Паш? — дзядзька бяссільна апускае галаву на рукі, і ў валасах знічкамі праблісквае і згасае сівізна. — Што, за ствол і ў Пушчу?..»

Быццам вырваныя з зямлі, караністыя пальцы курчацца ў сутарзе.

«Заб’юць. І ніхто не памяне нават. Нікому тут тваё геройства не трэба».

Каму яно наогул трэба, беларускае геройства? Сам шукаў, распытваў надоечы пра беларускую незалежніцкую партызанку на Пружаншчыне. Была, але хто, дзе, калі?

Прагортваю з дзясятак кніжак. Крохі. Чытаю, шукаю між радкоў і прозвішчаў. Перабіраю ўсіх сваякоў з Палесся, пакутліва намагаюся зразумець: як так, людзі?..

Насамрэч народ мы памятлівы, да самазабыўнасці. Дробныя рахункі з суседам усё жыццё трымаем у кішэні. Добра памятаем, што «высоўвацца» нельга — гэта на ўзроўні мускульнага здранцвення, пры выпадку аніводнае валаконца не здрыганецца. Расійскую, польскую, украінскую, англійскую мову запамінаем злёту, асвойваем лепш за карэнных…

Ну, вы ўжо здагадаліся, да чаго гэта я.

Паміж апошняй вайной і сённяшнім часам — працягласць усяго аднаго чалавечага жыцця. Яшчэ жывыя сведкі, як раз’ятраная цывілізацыя, паставіўшы чалавека на месца Бога, знішчала беларусаў з Захаду на Усход — дзеля «звышчалавецтва»; з Усходу на Захад — у імя «чалавечай роўнасці», з аднолькавай нялюдскай жорсткасцю.

Хто быў героем тады?

Ушанаваныя чырвонымі зоркамі за выкараненне карычневай чумы? Узнагароджаныя жалезнымі крыжамі за выпальванне чырвонай пошасці? Акоўцы, якія знішчалі нязгодных з «рыжскім мірам»? Тыя, хто сядзеў ціха і рабіўся раптоўнай ахвярай з таго ці іншага боку? Ці той, хто адчайна стараўся абараніць чалавека, свайго бліжняга, ад гвалту ды нянавісці?..

І хаця сёння адказ відавочны, настолькі ж відавочная і рэчаіснасць: апошніх памятаюць менш за ўсё. Беларусаў, якія ў самы страшны час абаранялі саміх беларусаў, беларусы забылі.

Ураджэнец вёскі Харава Пружанскага раёна (7 км ад Купліна) Якуб Новік ва ўзросце Васьковіча ды Ліхавіда са зброяй у руках пайшоў у Пушчу, дзе хутка зрабіўся кіраўніком беларускага атрада. Ахоўваў беларусаў ад асаднікаў ды «санацыі», затым перайшоў праз мяжу ў БССР; у 1937, шуканы энкавэдзістамі, — назад… У саракавых, падчас вайны, стварыў беларускую незалежніцкую партызанку, не даваў лютаваць на беларускім Палессі ні нацыстам, ні бальшавікам…

А жывыя, нашчадкі ўратаваных ім тутэйшых, паціскаюць плячыма. Якуб Харэўскі? Новік? Мо і быў тут… нейкі…

Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, што нарадзіўся за 30 км адсюль, у Поразаве, на ўзмежжы Белавежскае пушчы, сябра Рады БНР і заснавальнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, які пераклаў для Касцёла Новы Запавет на беларускую мову і першым пачаў служыць імшу ў Мінску па-беларуску, стварыў незалежніцкае падполле, што змагалася супраць фашыстаў ды саветаў і вяло перамовы з заходнімі саюзнікамі — схоплены гестапаўцамі пасля імшы ў ноч на Раство 1942 і расстраляны ў Трасцянцы…

Як-як? Гадлеўскі?.. Ані знаку.

А знішчаныя атрадамі Арміі Краёвай беларускія праваслаўныя святары, тыя, хто гуртаваў людзей, каб ім не было так страшна працягваць жыць?.. Канстанцін Маеўскі, Іван Аляхновіч, закатаваны разам з матушкай, Міхаіл Леванчук — з усёй сям’ёй? Іераманаха Лукаша з блізкага Жыровіцкага манастыра акоўцы жыўцом закапалі ў зямлю да галавы, а вакол распалілі вогнішча і палілі да той пары, пакуль ад галавы не застаўся адно чэрап.

Што ты такое кажаш… Іх-та за што?

Ды не «за што»: ЗА каго. За нас з вамі.

Як жа лёгка мы забываемся, калі нехта ахвяруе за нас жыццё!.. А між тым здольнасць аддаць сябе за бліжніх — найвышэйшая праява Боскай любові, найпаўней выяўленай у Хрысце: «Няма большай за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх» (Евангелле паводле Яна, 15:13).

Для беларуса забыць у сабе беларуса — значыць укрыжаваць у сабе Хрыста. Замест таго каб выракацца ўласнага эгаізму, праславутай «хаты з краю» і злоснага «ды-пайшлі-вы-ўсе!» — беларус шукае для свайго немаленькага, скурчанага, але яршыстага «я» яшчэ ямчэйшую нацыянальную скуру: то расійскую, то польскую, то савецкую.

І тады з глыбіняў душы выпаўзае «самае чалавечнае» або «звышчалавечае» — пыхлівая пагарда, чортава прага таннага хлеба ці крывавых відовішчаў, што пнецца выбухнуць крыкамі «Укрыжуй!»

Наша ўратаванне — у прасякнутай болем і любоўю да іншых нацыянальнай памяці. Бо, забываючы тых, хто пайшоў на смерць дзеля нас, мы забіваем у сабе і сябе, і Бога.

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме