"Будзем бачыць, што там будзе..."

21.02.2012, 09:59  |  Блог Галіны Каржанеўскай, Палітыка, Грамадства

Расія кіпіць перад выбарамі. Наша ўвага прыцягнута да расійскіх навін. У Мядзведзева, калі ён выступае перад грамадскасцю, стрэсавы выраз твару. Нарэшце, зразумеў, у што яго ўтравіў піцерскі зямляк…  Дадумацца ж да такога шахматнага хода, да такой неверагоднай ракіроўкі!

 

Зрэшты, у краіне, якую “умом не понять”, можа быць што заўгодна. Аддадзім належнае Пуціну: пры ім з апазіцыі ніхто не знік бясследна – ні Нямцоў, ні Навадворская, ні іншыя, хто перад камерамі дыпламатычных выразаў не падбірае. Але, як сказаў мудрэц, нельга ўвайсці двойчы ў адну ваду. Рака за гэты час перамянілася. Людзям, здольным мець сваю думку пра ход падзей, немагчыма пагадзіцца на такую грубую перастаноўку. У моцны мароз выйшлі “на Плошчу” дзесяткі тысяч, гэта ўражвае. (Колькасць пратэстуючых, як і ў нас, інфарматары звыкла пераменшылі.) А мы ўспомнілі сваю, 19 снежня: вязкая, сціскаючая сэрца трывога, нарастаючае напружанне, дзелавое мернае бумканне  па шклу за спінамі журналістаў на ганку Дома ўраду, гнеўныя крыкі з натоўпу пры першым з’яўленні спецназу… І перахоплены, сарваны голас Рымашэўскага з мікрафона: “Не біце міліцыю!”

 

Мне хапіла мінус дзесяці каб добра-такі змерзнуць, і злавесны  суцэльны шэраг шчытоў я згледзела толькі з акна 69-га аўтобуса…  “Фас!” сказалі толькі тады, калі добра палова народу паспела сысці дадому.

 

Цяпер, назіраючы за пратэстамі ў магутнага суседа, мы разумеем, што і ў нас магло быць усё іначай. На Украіне таксама абышлося без збіцця і масавых затрыманняў, і той самы Юшчанка, якога сёння толькі сабакі не кусаюць, правёў сумленныя выбары і сумленна сышоў з ганаровай пасады. А як не ўспомніць Ельцына? Ад яго ўвогуле ніхто не чакаў такога правільнага асабістага ўчынку…

 

І яшчэ адно назіранне адносна расійскай раскладкі сіл: з цяжкасцю прабіваюцца на палітычны маскоўскі Алімп новыя імёны. А старыя расійскім грамадзянам, пэўна, даўно прыеліся. І вось цяпер, спахапіўшыся, Мядзведзеў пачынае наспех ініцыяваць новыя законы на аздараўленне палітычнай абстаноўкі ў краіне. А як было б, думаю, цікава назіраць, каб абодва яны пайшлі на выбары. Якая была б драматургія! Якое захапляльнае шоу для ўсяго цывілізаванага свету!..

 

На жаль, цуда не адбылося. Нядаўна мне нават прыснілася рэвалюцыя ў Расіі: забурэнне, небяспека, бягуць людзі… Якісь урадавы дом з крутой параднай лесвіцай (выгляд зверху), а па ёй з такім самым, як на экранах, вартым жалю тварам сыходзіць уніз “часова прызначаны” Дзмітрый Анатольевіч. Як пісаў  Алесь Ставер, “будзем бачыць, што там будзе”…

Навіны па тэме