Сёння Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага 2012 11:06  |  Галоўныя навіны

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у 5-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, арганізаванай Таварыствам беларускай мовы. ТБМ прапануе наступны тэкст для чытання на дыктоўцы. 

 

РОДНАЯ МОВА

Максім Танк

З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, —
Ты выткана, дзіўная родная мова. 
Няма на зямлі таго шчасця і гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такіх нетраў, глыбокага мора
І гор, праз якія б ты не правяла
Мяне на радзіму, туды, дзе сягоння
Стаіць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй —
Над тым, што было і што век будзе вольным. 
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калі ж ападзе і развеецца дым
І нівы васкросшыя закаласяцца, — 
Ізноў прашуміш ты вясновым дажджом,
Ізноў зазвініш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасі іх сарэбраны гром
І вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.

1943 г.

 

 

Ліст у рэдакцыю

 

(замест прамовы на святкаванні дваццацігадовага юбілею ў Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года)

 

Беларусь на сваім доўгім вяку нямала чаго перажыла. Не раз і не два была арэнай крывавых змаганняў Захаду і Усходу за панаванне над падняволенымі народамі. Паншчыну перанесла на сваіх працавітых плячах. Але Беларусь яшчэ і іншую адыгрывала ў гісторыі ролю: праз яе абшары і народ ішлі калісьці, у той час вялікія і агульналюдскія, ідэалы навукі і ведаў…

 

Калі ж прыгледзімся ў сучасныя з’явы, то доля Беларусі тая самая, толькі на іншы манер: праз яе абшары і народ ізноў ідуць … вялікія агульначалавечыя ідэі… I, разумеецца, мусіць прыйсці той час, калі Беларусь будзе зноў арэнай вялікіх змаганняў. Трэба толькі цвёрда верыць, што верх возьме праўда, бо на свеце больш працоўных сумленных рук, як тых несумленных, што няволю сеюць.

 

Але што ні тварылася б на свеце, беларуская думка аб нацыянальнай і сацыяльнай волі як жыла, жыве, так і жыць будзе. Наша беларускае настаўніцтва, выхаванае і загартаванае, павінна і будзе сеяць гэтыя думкі сярод нашых дзяцей.

 

На змену старым барацьбітам за волю і долю людзей ідзе новая беларуская змена, ідзе наша моладзь, наш бунтарскі маладняк. Дык няхай жа жыве беларуская бунтарская песня змагання, вызвалення і свабоды!

 

(Паводле Янкі Купалы)

Болей навін