Цуды на балоце

27 лютага 2012 09:55  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

Я зараз у глыбокай багне,
і няма на чым стаяць…
Псальма 68:3


«Пабываў у Альшанах — і, ведаеш, нарэшце ўбачыў, якая яна, новая Беларусь, — Андрэй Кім захоплены. — Усе вернікі, сем’і па сем-дзесяць дзяцей, гаспадаркі ў кожнага, катэджы, па некалькі машынаў!..»

 

Не, гэта не легендарныя Гальшаны, гняздо княскага роду, дзе караткевічаў Чорны замак.

 

Альшаны — вялікая пратэстанцкая вёска на Століншчыне, дае ільвіную долю вытворчасці ды экспарту беларускай гародніны.

 

А сам Кім — евангельскі хрысціянін з царквы «Ян Прадвеснік», як і лідары «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, Зміцер Хведарук, Наста Палажанка, кіраўнік КХП-БНФ у Беларусі Юрась Беленькі, хадэкі Дзяніс Садоўскі і Аляксей Шэін ды вядоўцы «Ліцвінскага клуба».

 

Агулам евангельскія хрысціяне Берасцейшчыны — яшчэ адзін відавочны цуд беларускай глыбіні.

 

Найбольшая колькасць баптысцкіх і пяцідзясятніцкіх грамадаў — на Берасцейшчыне. Большасць правадыроў беларускага пратэстанцкага руху — з гэтых балоцістых мясцінаў. У 1995 нікому яшчэ невядомы Паша Знавец, які са сваім дзядзькам-вернікам аб’ехаў усе евангельскія грамады адной з тутэйшых выбарчых акругаў, у выніку масавага галасавання хрысціянаў (мясцовыя ўлады былі ў шоку) абраўся ў апошні беларускі парламент ужо ў першым туры.

 

Яшчэ паўтысячы гадоў таму менавіта з Берасцейшчыны, дзе ваяводамі былі канцлеры ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны і Астафі Валовіч, пачалася беларуская Рэфармацыя: магнаты, шляхта і частка месцічаў перайшлі ў кальвінізм, і хутка хрысціянскае абуджэнне ахапіла і Касцёл, і Царкву. Менавіта тут Чорны заснаваў першы ў Беларусі евангельскі збор, за свае грошы выдаў шыкоўную «Біблію» для Польшчы і распачаў нотадрукаванне канцыялам «Песні хвал Боскіх».

 

Чаму не сталічная Віленшчына і не цэнтральны Мінск, а тутэйшая дрыгавіцкая дрыгва дала найбольшы ўраджай пратэстантызму?

 

У 1910—1930-х у Заходняй Беларусі якраз тут, дзякуючы сябру Рады БНР Лукашу Дзёкуць-Малею, «Амерыканцам» (беларускім місіянерам, што вярнуліся з-за акіяна, такім, як Іосіф Пухоўскі, Даніла Комса) ды беларускаму паэту, прэсвітару Данілу Ясько, паўстала найвялікшая евангельская царква ва Усходняй Еўропе. Адзін толькі Дзёкуць-Малей, яшчэ ў 1913 арыштоўваны ў Лыскаве Пружанскага павета за евангельскую казань, пераклаў на беларускую 17 хрысціянскіх брашураў і ў 1931 разам з Антонам Луцкевічам выдаў «Новы Запавет і Псальмы».

 

Менавіта выданнем Дзёкуць-Малея карыстаўся вялікі евангельскі пастыр Эрнст Сабіла (які, дарэчы, 18 сакавіка адзначыць 80-годдзе). У 1951, асуджаны пасля 2 месяцаў «амерыканкі» да расстрэлу за «антысавецкую агітацыю», абцяжараную нацыянальнымі і рэлігійнымі забабонамі, ён адсядзеў 13 гадоў — і да цяпер каржакаваты, магутны, цягае цэглу для будаўніцтва агромністага дома малітвы ў Асіповічах. Нетаропкі, грунтоўны, але гучны, Эрнст Канстанцінавіч расказвае пра ўцёкі з лагера — і кожнае слова бы тую цагліну кладзе:

 

«Бягу. Сілаў няма. Снег. Страляюць. Толькі кулі ўвушшу — жыг! жыг!.. Аніводная не кранула. Госпад даў выжыць. Думаю, дзеля чаго? Для таго, дзеткі, каб зараз я мог вам распавесці, як было там».

 

Глядзіш у ягоныя глыбокія беларускія вочы — і наварочваюцца слёзы.

 

Пратэстанты — простыя, таму людзі і цягнуцца. Але большасць беларусаў баіцца. І прычына тут не ў сімвале веры ці тэксце Святога Пісьма (яны аднолькавыя з праваслаўнымі).

Проста сённяшні беларус баіцца жыць па-Божаму. Ну як гэта… Не піць, не паліць, не блудзіць, не хлусіць… Гэта што яшчэ за секта?!.

 

Ды вось пытанне: куды падзелася беларускасць калісьці прынцыпова беларускамоўных пратэстантаў? Пратэстантызм разлічвае прывабіць тутэйшага расейскамоўнасцю — і не заўважае, што гэта насамрэч пазбаўляе вернікаў цвёрдай глебы пад нагамі. Стаць царквой нацыянальнага маштабу перашкаджае якраз недахоп цэласнага погляду на беларускую ідэяю як сутнасна хрысціянскую, а на саму Беларусь — як на Радзіму, дадзеную Богам.

 

Разумеючы гэта, у свой час пастары той самай фенаменальнай евангельскай грамады «Ян Прадвеснік» (якія калісьці, абвінавачаныя ў харызматыі, выйшлі з касцёла Святога Роха, але захавалі беларускі характар) правялі на Палессі грандыёзную працу, спрабуючы давесці беларускім пратэстантам: вашыя карані — у Залатым веку Рэфармацыі XVI ст. Кніга Якава Радзевіча «Залаты век Беларусі», фільм Аляксея Шэіна «Забаронены Хрыстос» і беларускія прэзентацыі пасля набажэнстваў на пратэстанцкай Берасцейшчыне і зараз урабляюць тую ўрадлівую, але па-балотнаму заглыбленую спадчыну Мікалая Радзівіла Чорнага, Дзёкуць-Малея і Эрнста Сабілы. Ці не адсюль — нядаўні звар’яцелы штурм «Ліцвінскага клуба»?

 

У Беларусі з’яўленне пратэстанцкай грамады — найлепшы спосаб каталізаваць каталікоў і паправіць праваслаўных: духоўнае жыццё ў горадзе ці мястэчку адразу пачынае віраваць.

У трох формах хрысціянскага вучэння для ўсіх характараў і тэмпераментаў выяўляецца і свабода выбару, і ачышчальная канкурэнцыя, і ўзаемадапаўняльная поўная — уся непаўторная ў сваім адзінстве і барацьбе супярэчнасцяў — беларуская тройца.

 

Мара беларускіх пратэстантаў вось ужо пяцьсот гадоў тая ж — выцягнуць беларусаў з балота. Цёплага, роднага балота штодзённасці, набрынялага асабістымі паразамі ды набытымі звычкамі. Але, папярэджвае Евангелле, чалавеку гэта немагчыма…

 

Так што зусім не пратэстанты гэта.

 

З глыбіні Залатога веку, пахаванага пад сатлелымі тоўшчамі, забалочанага ў нашых сэрцах, затопленага ў дрыгве, цягне беларусаў, выцягвае, каб не захлынуліся, не дагнілі дарэшты, Сам Госпад Бог.

Болей навін