8 сакавіка – «сумнеўнае» свята?

08 сакавіка 2012 11:22  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Што мы ведаем наконт традыцыі святкавання 8 сакавіка? Чаму аргкамітэт БХД з ходу назваў яго «сумнеўным святам»? З чым найперш звязанае гэтае свята – і што выклікае крытыку, у тым ліку у асяроддзі вернікаў?

Пачытаўшы энцыклапедычныя матэрыялы пра гісторыю свята, пра Клару Цэткін і Розу Люксембург (апошняя, як падаецца, не мае прамога дачынення да свята), можна зрабіць такія высновы.

Свята ўзнікла ў працэсе барацьбы за правы жанчынаў. Прычым асноўнымі ў тым кантэксце было права на роўную аплату працы (а таксама за паляпшэнне ўмоваў працы – бо жанчынкі тых часоў працавалі, што тыя кітайцы, па 16 гадзін у содні і ў дрэнных умовах), – і за выбарчае права для жанчынаў. Можам запытацца: што дрэннага у гэтых патрабаваннях? І ў чым яны нязгодныя з хрысціянскай мараллю?

У біяграфіі Клары Цэткін ня ўбачыла нічога жахлівага. Ну, акрамя камуністычнай ідэалогіі, ну ды яшчэ нехта можа зважыць на перамену мужоў (але ж гэта законныя шлюбы – і ці наша справа корпацца?!..) Але ж левыя рухі ў Заходняй Еўропе выліліся, у выніку ўсяго гістарычнага працэсу, у нармалёвую, цывільную барацьбу за правы працоўных і за сацыяльныя гарантыі. (Гэта на славянскіх прасторах яны набылі анархічны крывавы размах… На гэты конт лічу патрэбным параіць кнігу: Бердяев «Истоки и смысл русского коммунизма»). А на Захадзе рух за сацыяльныя правы рэалізаваўся у асноўным праз маніфестацыі і забастоўкі і зрабіў істотны ўнёсак у пабудаванне таго тыпу грамадства, якім мы зараз захапляемся на Захадзе. Паверце, калі ты з уласнага досведу даведваешся, што грамадства гатовае табе і матэрыяльна дапамагчы ў складанай сітуацыі, і даць больш шанцаў на працаўладкаванне – асабліва калі ты сам у гэтым грамадстве іншаземец, і нават бы зразумеў крыху іншае стаўленне! – гэта дарагога каштуе…

Пратаіерэй Усевалад Чаплін адзначае: «Традиция празднования 8 Марта вошла в наш быт, но православные люди не забывают и не забудут о том, что она связана с революционными движениями, которые принесли много страданий людям». А а. Андрэй Кураеў сцвярджае: «8 марта – не день женщины, а праздник определенного типа женщин, день женщины-революционерки. И потому в тех странах, где революционная волна начала ХХ века захлебнулась, празднование Революционерки не прижилось».

Па-першае, адзначу: у Бельгіі – дакладна прыжылося… І рэвалюцыйная хваля пачатку 20 стагоддзя тут не «захлынулася», а вылілася (на мой погляд) у канструктыўныя рухі за сацыяльныя правы, у тым ліку – правы жанчынаў. Дый тыя жаночыя рухі, тыя маніфестацыі, якія непасрэдна звязаныя з пачынаннем традыцыі жаночага дню, – былі мірнымі. І патрабаванні тут былі, на мой поглад, справядлівымі.

У пратаіерэя Усевалада Чапліна у многіх яго выказваннях бачны летматыў: рэвалюцыі – гэта дрэнна. Відаць, слова «рэвалюцыя» у яго шчыльна асацыіруецца менавіта з крывавымі варыянтамі кшталту бальшавіцкага. І бачна, што любыя народныя пратэсты ён схільны асацыіраваць менавіта з дэструктыўным пачаткам. Гэтага святара я ведаю толькі па некаторых цытатах, але пэўныя выказванні нагадваюць адназначнасцть пазіцыі: пратэсты, хваляванні – дрэнна. Гэта ягонае меркаванне, але бачна, што тут магчымы вельмі крытычны аналіз.

А Клара Цэткін… Так, гэта – левая ідэялогія. Але нічога асабліва дрэннага ў выніку нябачна…

“Наряду с теоретическими дискуссиями, Цеткин участвовала в борьбе женщин за равные права, в том числе за смягчение трудового законодательства для женщин и предоставление всеобщего избирательного права”.

«Начиная с момента их возникновения, Клара Цеткин последовательно осуждала фашизм и НСДАП»…

 Роза Люксембург… Да 8 сакавіка яна асаблівага дачынення не мае, але як прадстаўнік фемінізму – дама, канешне, больш гарачая. Драйву ў яе біяграфіі хапае – турмы, пераследы. Але бесчалавечнасці – не заўважаю…

«Самая безоглядная революционная решительность и самая великодушная человечность — только в них истинное дыхание социализма. Мир должен быть перевернут, но каждая пролитая слеза, которую можно осушить, — это обвинение, а каждый человек, который, спеша по важному делу, просто по грубой невнимательности давит бедного червя, совершает преступление», – сцвярджае рэвалюцыянерка.

Па адных выказваннях, канешне, нельга судзіць, – светлыя і гожыя слова казаў і Дзяржынскі. Дый «перавярнуць» свет – падазорная інтуіцыя; як паказвае практыка, лепш імкнуцца не перавярнуць, а падкарэктаваць. Але ня бачна, каб актыўнасць Розы Люксембург выяўляла нейкую жахлівую неадпаведнасць яе словам…

Не ведаю адносінаў узгаданых вышэй жанчын да царквы і да хрысціянства. Магчыма, яны былі адмоўнымі. Але ў Заходняй Еўропе, трэба памятаваць, антыцаркоўныя настроі былі абумоўленыя клерыкалізмам і адмоўнымі адносінамі прадстаўнікоў цэркваў да барацьбы за сацыяльныя правы. Таму нельга сказаць, што ўсіх, хто дрэнна ставіўся да царкоўных структураў ў той час, можна адразу залічваць у шэрагі антыхрыстаў.

А, яшчэ адзін цікавы погляд на 8 сакавіка выкзваў той жа а. А. Кураеў, – лічыў, што менавіта на 8 сакавіка жаночы дзень прызначылі яўрэі, і звязана гэта з яўрэйскім святам Пурым, калі царыца Эсфір спрычынілася да жорсткага вынішчэнгня ворагай яўрэйскага народа. Але тут мне зусім усё роўна. Калі хто такое прыдумаў – сам хай і радуецца і святкуе, што сам лічыць патрэбным.

8 сакавіка крытыкуюць найперш як свята феміністак, як свята ў гонар жаночага раўнапраўя. І ў гэтым плане фемінізм «трапляе пад раздачу» на гэткіх жа асновах, як і рок-музыка, як авангарднае мастацтва, як раней – вальс і музыка Бетховена, гарадскія святы з карнаваламі і г.д. Прычым тут усё гэта? – Пры тым, што мы, хрысціяне, часам схільныя да такога «перагібу»: калі ў нейкай сферы многа граху, мы пачынаем лічыць усю гэтую сферу грахоўнай. У некаторых рок-аўтараў гучаць сатанінскія матывы – пачынаем лічыць увесь рок сатінізмам. У асяроддзі феміністак у пэўны момант стала папулярнай барацьба за права на аборт (дарэчы, д’ябальскі хітрык тут у тым, што барацьба за легалізацыю абортаў у міжваенны перыяд была абумоўленая, між іншым, і вялізнай колькасцю нелегальных абортаў, ад чаго паміралі дзесяткі тысяч жанчын); найбольш радыкальныя праявы фемінізму і праўда, мажліва, заслугоўваюць крытыку з боку багаслоўя, псіхалогіі дый проста здаровага сэнсу  – але ж ці значыць, што увесь фемінізм дрэнны? Тым больш што з’ява гэта разнастайная, ёсць розныя плыні.

Некаторыя, праўда, лічаць, што фемінізм – дрэнна, а ўмераная барацьба за правы жанчын – нядрэнна. Але дзе тут правесці дэмаркацыйную лінію? Буду ўдзячная, калі падкажаце.

Канешне, для мяне, як для праваслаўнай, большую вагу мае Нядзеля жанчын-міраносіц. Следаванне за Хрыстом да апошняга, мужнасць, якую праявілі Ягоныя верныя паслядоўніцы – гэта больш каштоўна, глыбока і экзестэнцыйна, чым барацьба за сацыяльныя правы. Але ж ці адмяняе гэта некаторую каштоўнасць апошніх? Тым больш што ёсць асновы гаварыць пра хрысціянскія карані сацыяльных правоў.

Іронія лёсу і ў тым, што фемінісцкае свята 8 сакавіка часам крытыкуюць якраз феміністычна настроеныя жанчыны. Бо з цягам часу яно ў савецкім кантэксце згубіла свой палітычны запал і… стала прапагандаваць вобраз жанчыны, які некаторыя лічаць сэксісцкім і нават патрыярхальным.

Як бы тое ні было, тое, чаго сапраўды не хацелася б, – гэта неразумення каштоўнасці правоў жанчынаў у царкоўным асяроддзі, а таксама – несправядлівасці ў адрас гістарычных асабаў. Тых жа Клары Цэткін і Розы Люксембург. А яшчэ – пераносу працоўных дзён на нядзелю, што ёсць самым звычайным дзяржаўным ЖЛОБСТВАМ!!  Як быццам бы дзіры ў дзяржаўным мэнэджменце залатаюцца тым, што грамадзяне не адпачнуць лішні дзянёчак. Наконт жлобства добра кажа руская прымаўка: «Жадный дважды платит».

Болей навін