Беларуская глыбіня. Бездань Азэфа

12.03.2012, 10:10  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Хай не паглыне мяне багна,
хай не замкне нада мною
прорва пашчы свае…
Псальма 68:16


Далёка-далёка, недзе на краі зямлі, ёсць такія месцы, глыбіня якіх невымерная. Кінеш туды каменьчык — і не пачуеш ані гуку ў адказ.

 

У Беларусі такое месца раптам развярзаецца перад табою на 52.51.17 паўночнай шыраты і 24.36.54 усходняй даўгаты, на мяжы Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны, паміж Ружанскай ды Белавежскай пушчамі. Вёсачка Лыскава на колькідзясят двароў, месца пахавання класіка польскага сентыменталізму Францішка Карпінскага, нараджэння біскупа Аляксандра Мікалая Гараіна, і радзіма найвялікшага правакатара ХХ стагоддзя, лідара партыі расійскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, тэрарыста Азэфа.

 

Цяпер Лыскава — гэта 40 кіламетраў ад Пружанаў, 443 жыхары, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка… валы былога каралеўскага замка ХVI ст. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы,

 

Царква Раства Божай Маці… вялікія старадаўнія могілкі. Але калі паглыбляешся ў мінулае —

займае дух і зямля сыходзіць з­пад ног.

 

Адсюль Азэф.

 

Народжаны ў Лыскаве ў 1869, у сям’і беднага габрэйскага краўца, Еўна з юнацтва ўдзельнічаў у гуртках рэвалюцыйнай габрэйскай моладзі.

 

Звычайны габрэйскі хлопчык з беларускага мястэчка… Але на фота з дасье ахранкі (фас, профіль) ужо цяжкі чорны позірк няголенага, звераватага твару.

 

Калі ж пачалася пачвара?

 

Яшчэ падлеткам, скраўшы вялікую суму грошай, юны Еўна выязджае за мяжу. Падман, буйныя грошы і пераход усялякіх межаў цяпер стануць знакам ягонага жыцця.

Пачынаў вялікі правакатар ХХ стагоддзя гэтак жа, як і які-небудзь агент Вектар — за 50 рублёў у месяц ад сакрэтнага дэпартамента паліцыі расейскай імперыі пайшоў пастукваць на сваіх аднакурснікаў у Політэхнічным інстытуце ў Карлсруэ. Аказаўся надзвычай спрытны: у выніку паспяховай шпіёнскай працы вылучыўся на першыя ролі ў расейскім сацыял­рэвалюцыйным руху, удзельнічаў у яднанні разрозных падпольных гурткоў — і вось пасля арышту літоўскага габрэя Гершуні ўжо ў 1903 стаў кіраўніком Баявой арганізацыі эсэраў. Тэрарыстам №1 у імперыі. На гэты момант жалаванне Еўна Фішалевіча Азэфа («інжынера Раскіна», паводле паліцэйскага дасье) дасягнула 1000 рублёў.

 

Азэф арганізаваў больш за 30 тэрарыстычных актаў, ажыццявіў забойствы ключавых дзеячаў царскага ўрада, у тым ліку сваіх начальнікаў:

міністра ўнутраных справаў і шэфа корпуса жандараў Плеве (якога лічылі галоўным арганізатарам габрэйскага пагрому ў Кішынёве ў 1903), генерал-­губернатара Масквы, Вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, пецярбургскага граданачальніка фон дэр Лаўніца, галоўнага вайсковага пракурора Паўлава…

 

Менавіта Азэф ініцыяваў ліквідацыю Гапона як правакатара. І ён жа выдаў увесь склад эсэраўскага ЦК ды дзясяткі эсэраў-баевікоў.

 

Раскрыты ў 1908, уцёк за мяжу, дзе і памёр ад хваробы — праз месяц пасля таго, як на ягонай радзіме была абвешчаная незалежнасць БНР.

 

Ударамі сваёй здрады Азэф, быццам малатабойца, наносіў страшныя прабоіны Раейскай імперыі з сярэдзіны. Кожны выбух ці арышт патрабаваў усё большай і большай лютасці, нянаісці, крыві і ад дзяржавы, і ад народа.

 

Негаваркі, змрочны, але надзвычай вымудраны, Азэф віртуозна, з більярдным разлікам і нечалавечай вываротлівасцю ўзрываў сваіх куратараў і другой рукой тут жа здаваў выканаўцаў. Адзіны, каму Азэф заставаўся верным, напэўна, быў д’ябал, чый дух і почырк у бясконцых крывавых здрадах і забойствах відавочны.

На магіле Азэфа пасадзілі куст шыпшыны.

 

О, Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет!.. Хто б мог уявіць, што прэ з тваёй прэлай балоцістай зямлі і што ў тваёй глыбокай і пакорлівай душы народзяцца Азэф, Дзяржынскі, Шэйман і нават Генадзь Давыдзька.

 

Ноччу ля закратаванага акна спецкамендатуры ў Купліне, на паўдарозе паміж Лыскавым і Дастоевым, глядзіш у бездань, поўную далёкіх агеньчыкаў, — і думаеш: страшна стаць Азэфам.

Свая маленькая, як радзімка, вёсачка Лыскава ёсць у кожным беларусе.

Цярушыш шчэпцю гэтую зямлю і шукаеш зместу: чый ген пераможа? Паэта? Святара? Здрайцы?..

А здрада роднаму чалавеку? Бліжняму? Здрада Радзіме? Веры? Памяці?

Насамрэч мы здраджваем штодня, і праўда ў тым, што нашы бясконцыя маленькія і вялікія здрады спрычыняюцца да духоўнай смерці многіх і многіх.

Хто можа зразумець Азэфа? Дараваць Азэфу? Вырваць Азэфа з самага прадоння свайго сэрца?

Чалавеку гэта немагчыма.

Але ўсё магчыма Госпаду.

Навіны па тэме