Беларуская глыбіня. Ружанец разбуранай велічы

19.03.2012, 08:01  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Няўжо веліч Ягоная 
не палохае вас,
і страх Ягоны 
не нападае на вас?..
Ёў, 13:11

 

Калі з Купліна па слонімскай дарозе едзеш на Мінск, праз нейкі час пасля панылага балоцістага Палесся зямля пачынае дыхаць узвышшамі. Далягляд калышацца, і ў ружаватай смузе паўстае невялікі трохтысячны пасёлак, па-над якім на ўзгор’і з’яўляюцца руіны знакамітага палаца Сапегаў.

Ружаны.

 

У гэтым палацы, збудаваным на мяжы залатога ХVI і срэбнага ХVIІ стагоддзяў ВКЛ, Сапегі прымалі каралёў і вялікіх князёў Уладзіслава ІV і Станіслава Панятоўскага, а Канцлер Львінае Сэрца парадкаваў Літоўскую метрыку. Падвалы-лабірынты тут такія глыбокія, што ад недахопу кіслароду затухаюць свечы.

 

Пра Палац расказваюць, што ў ім захоўваюцца нечуваныя скарбы, што падземныя хады (ды такой вышыні, каб вершнік праехаў!) ідуць у Косава, Бярозу ды Слонім, і што аднойчы ў 1970-х позна ўвечары чорная «Волга» з літоўскімі нумарамі пад’ехала да сцяны замка, а зранку там зеўрала вялізная ніша і ў грудку бітай цэглы тутэйшыя падабралі пару залатых манетаў.

 

З гаспадарак Ружанскага краю, якія атаварваюцца ў Купліне, прыязджаюць мужыкі-ліцвіны — жывой беларускай гутаркі, святлейшыя, у адрозненне ад цёмных палешукоў, ды рослыя, ды дужыя, і ў мазгах шторазу шыецца падазрэнне: а ці не сапегаў двор і сапегава прыватная гвардыя, што стагоддзямі таўклася ў Ружанах і ваколіцах, падмацавала тут генафонд грэнадзёрамі?

 

Герб Ружанаў аточаны вянком ружаў, ахвяраваных Дзеве Марыі. Ружаны — гэта ад ружанца, асаблівага спосабу малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы на пялёстках ружы, і разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Ружанец адгаворваюць на пацерках (ад Pater noster — «Ойча наш», пачатковай малітвы), калі метадычна, злучво за злучвом, адзначаецца кожная кароткая частка.

 

Руіны Палаца, контур разбураных сценаў на сотні метраў — агромністы ружанец, пакладзены на ўзгор’і. Глыбы з вачніцамі высаджаных вокнаў, рэшткі муроў, асобныя аркі, бы каласальныя пацеры, — ідзеш, перабіраеш вачыма, кранаеш пыл з камення і адлічваеш малітвы за аднаўленне велічы Вялікай Літвы.

 

Молімся за беларускі народ, які сам забыўся, як маліцца, і ходзіць на разваліны, каб адкаркаваць «чарніла», абвесці былыя ўладанні пустымі вачыма, задраць глотку ўгару, туды, адкуль хлыне павольная смерць, і хрыпла прачысціць горла: «Ну, будзем….»

 

Молімся, каб у сённяшняй дробненькай Беларусі паўставалі волаты, падобныя Сапегам: Ільву, абаронцу незалежнасці, аўтару статута; Казіміру Леону, што атрымаў адукацыю ў чатырох еўрапейскіх універсітэтах, валодаў васьмю мовамі, заснаваў кляштар картузаў у Бярозе ды катэдру права ў Вільні; кардыналу Адаму Стэфану, што вывеў у свет Караля Вайтылу, будучага Папу Яна Паўла ІІ…

 

Молімся за выбарны Богам народ Ізраіля, бо якраз з мястэчка Ружаны — адзін з кіраўнікоў сіянісцкага руху Іэхіэль Пінэс, пісьменнік і паэт Ааарон Любашыцкі, кампазітар Генры Русота, восьмы і дзясяты прэм’ер-міністр Ізраіля Іцхак Шамір… і сотня насельнікаў ружанскага гета, вывезеных нацыстамі ў Трэблінку.

 

Молімся, каб ружанцы, сучасныя жывыя ружанцы, памяталі: усё прамінае: і слава, і багацце, і веліч, але застаюцца, запісаныя ў вечнасці, справы чалавечага сэрца.

 

Заходзіш у агромністы пралом, бачыш небакрай, надламаны руінамі, узгадваеш, што Палац быў пабудаваны ў форме крыжа, раптам разумееш, які ты ў свеце маленькі-маленькі — і вусны самі пачынаюць шаптаць: Ойча наш!..

 

Веліч чалавечая заключаецца ў здольнасці прызнаць уласную нішчымнасць перад усёмагутнасцю Божай — бо менавіта праз нашую немач выяўляецца Моц

Таго, Хто стварыў і гэтую краіну, і гэтую мову, і нас саміх.

 

Палац паціху аднаўляюць, пачынаючы з брамы. Марудна. Цяжка.

 

Але настойлівыя, доўгія, шматгадовыя малітвы, якія ўваскрашаюць паўмёртвыя нацыі, патрабуюць надзвычайнай руплівасці і цярпення.

 

Час збіраць камяні. Час аднаўляць — глыба за глыбай, пацерка за пацеркай, замак за замкам, храм за храмам — увесь грандыёзны Ружанец Беларусі — цэрквы, касцёлы, зборы, палацы, калісьці, у эпоху беларускай магутнасці, збудаваныя тымі, хто любіў Беларусь і верыў у Ісуса Хрыста.

Навіны па тэме

Фото юзера Таццяна Р.
Таццяна Р. 19.03.2012
Так трогательно и так вдохновенно написано!
Читаешь и как-будто приоткрываешь завесу на стыке эпох...
Никогда не была в Ружанах, но между строк воочию увидела и старые развалины в виде розы, и величественный старинный замок в форме креста, и бесконечные лабиринты подземных ходов, и людей, чьи имена золотыми буквами записаны в истории, а главное, Бога - Великого, Могущественного и Бесконечного! На ряду с возникающими перед глазами образами, ощутила глубокое побуждение снова и снова молиться о Беларуси, о тех, кто, занимая активную жизненную позицию, служит своей Родине, а также, о духовном возрождении белорусского народа!
Павел, то, о чем Вы пишете, не только интересно, но и актуально! А то, как Вы пишете, не оставляет равнодушным, побуждает к действиям! Пишите! И пусть Ваши руки никогда не ослабевают!
Да благословит Вас Господь!!!