Віталь Рымашэўскі. Дзень Волі: калабарацыя ці супраціў?

22 сакавіка 2012 13:46  |  Блог Віталя Рымашэўскага

25 сакавіка ў Менску пройдуць афіцыйна дазволеныя шэсце і мітынг у гонар 94-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі!

Збор удзельнікаў пачнецца ў 13:30 на пляцоўцы каля Акадэміі Навук.

За апошнія два стагоддзі ў Беларусі часта змяняліся кіруючыя рэжымы: польскі, нямецкі, расейскі, нацысцкі, савецкі …

Змяняліся формы дзяржаўнага кіравання, мяняліся нацыянальнасці акупантаў, але нязменна ў беларусаў было толькі два выбары: калабарацыя ці супраціў.

Можна дыскутаваць аб правільнасці таго ці іншага шляху. Супраціў заклікае да ўсяго самага лепшага, што ёсць у чалавеку, але ўключае рызыку. Калабарацыя патрабуе пагадненняў з сумленнем, але пры гэтым дапамагае фізічна выжыць.

Несумненна адно – уся беларуская нацыянальная гісторыя апошніх стагоддзяў складаецца выключна з памятных дат Супраціву: бітва пад Воршай 8 верасня, Грунвальд, Слуцкі збройны чын, паўстанне 1863 года, 25 сакавіка – Дзень абвяшчэння Незалежнасці Беларусі. Гэта даты перамог і паразаў, памылак і правільных адказаў. Але ўсе гэтыя падзеі – вехі барацьбы, гісторыя супраціву. Калі б не было іх, не было б і Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы ў 21 стагоддзі.

Чаму так здарылася? Магчыма, кіруючыя рэжымы апошніх стагоддзяў не пакідалі беларусам іншага выбару. Поўная лаяльнасць патрабавала адмовы ад нацыянальных традыцый, веры, памяці. Улады дамагаліся не толькі палітычнай лаяльнасці, яны імкнуліся знішчыць беларусаў як нацыю. Задачай кіруючых рэжымаў была не проста ліквідацыя непакорлівых, мэтай было – забойства народа.

Калабарацыя прымала розныя формы. Носіш ты паліцэйскую форму, значку ВЛКСМ ці БРСМ – залежыць ад гістарычнага перыяду, у якім жывеш, але сутнасць застаецца адна: ты згаджаешся з чужой для беларусаў ідэалогіяй праслаўляць акупацыйных правадыроў, адмаўляешся ад сваёй гісторыі, культуры, краіны. Ты здраджваеш Беларусі.

Супраціў таксама былў розным – у залежнасці ад часу і магчымасцяў. Ваяры Канстанціна Астрожскага, паўстанцы 1863 года, заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, беларускія партызаны 1940-х, беларускія палітыкі і дзеячы культуры ад Багушэвіча ды Васіля Быкава – кожны па-свойму, але ў шэрагах беларускага Супраціву.

Калабарацыя ці супраціў – галоўны выбар для беларусаў і сёння.

У гэтай парадыгме жыве краіна. Немагчыма жыць у Беларусі і заставацца па-за яе. Любы рэжым, любая форма дзяржаўнага праўлення ўключае ў сябе не толькі кіруючую вярхушку, але і ўсіх грамадзян краіны. Кожны з нас павінен даць адказ на пытанне: што я зрабіў для свабоды свайго народу, бяспечнай будучыні сваіх дзяцей, незалежнасці сваёй краіны?

Свабода выбару – тое, што адрознівае чалавека ад жывёлы. Свабода прадугледжвае ўменне яе абараняць, за яе змагацца. Свабода прадугледжвае супраціў страху і рабства.

Для беларусаў прыйсці 25 сакавіка ў 13.30 на плошчу перад Акадэміяй Навук – значыць зрабіць маленькі крок да свабоды, засведчыць свой выбар – быць свабоднымі грамадзянамі, быць народам.

Болей навін