Актывістка БХД прэзентавала дзве новыя кнігі паэзіі

31 сакавіка 2012 20:48  |  Грамадства

Паэтка, актывістка БХД Марыя Баравік прэзентавала чытачам, якія сабраліся ў глыбоцкай бібліятэцы, дзве новыя кнігі паэзіі – “Камень смутку” і “Прымі, душа, таямніцу”.

Вершы, якія склаліся ў кнігі, былі напісаныя на працягу апошніх некалькіх год. Выйшлі ў свет дзякуючы глыбоцкаму выдавецтву “Прэфект-інфо”.

 

“Гэтыя кнігі напісаныя не натхненнем, яны напісаныя слязьмі”, – кажа паэтка. Ладная частка вершаў прысвечана памяці Сяргея, памерлага мужа Марыі Баравік.

 

 

У вершах – глыбокія асабістыя перажыванні, успаміны, якія пераплятаюцца з рэлігійным досведам паэткі. Яна кажа, што перажыванні, звязаныя са стратай любімага чалавека, умацавалі яе веру ў Бога.

 

“Я не лічу, што мая кніга змрочная. Яна філасофская”, – кажа паэтка. У вершах, прачытаных падчас прэзентацыі, яна разважае пра жыццё і смерць, звяртаецца да Бога, вяртаецца ў памяці да памерлага мужа і памерлага брата.

 

 

“Мой муж, калі быў п’яны, запытваў: “Ці любіш мяне?” Мяне гэта моцна раздражняла. А аказалася, што яго люблю, люблю па-Боску”, – распавяла паэтка чытачам.

Сяргей жа нарадзіўся ў атэістычнай сям’і і прыняў хрост толькі за дзесяць дзён да смерці. “Ледзь-ледзь дайшоў да царквы”, – успамінае Марыя Баравік.

 

У другой кнізе – “Прымі, душа, таямніцу” – шмат вершаў на рэлігійную тэму.

 

 

Марыя Баравік кажа, што часта сніла новыя свае кнігі. “Калі хлопцы [супрацоўнікі выдавецтва “Прэфект-інфо”]выдалі кнігу, я ўзгадала гэтыя сны”, – кажа паэтка.

Удзел у прэзентацыі прыняла Марыя Новікава, дачка Марыі Баравік. Яна выкладае музыку ў школе ў Самахвалавічах пад Мінскам ды грае на арганах у сталічным касцёле святых Сымона і Алены. Марыя грала на фартэп’яна і спявала песні на словы маці, а таксама выканала некалькі ўласных твораў.

 

Дуэтам, маці і дачка, праспявалі песню на словы глыбоцкага паэта Алеся Жыгунова. Жыгуноў, праўда, на прэзентацыю не прыйшоў – быў дужа заняты журналісцкай працай у “Весніку Глыбоччыны”.

 

 

Марыя Баравік падзякавала супрацоўнікам выдавецтва “Прэфект-інфо” Яраславу Берніковічу і Змітру Лупачу. Паэтка прачытала верш у гонар выдаўцоў, а пасля яе дачка праспявала песню ў іх гонар.

 

Напрыканцы паэтка падзялілася сваімі творчымі планамі. Распавяла, што мае яшчэ нявыдадзеную прозу. Плануе выдаць кніжку казак для дзетак, а таксама надрукаваць свае новыя філасофскія вершы. Таксама хоча пакінуць пасля сябе біяграфічныя нататкі.

 

“Мы такія часовыя – хоць бы паспець нешта зрабіць”, – падсумавала Марыя Баравік

Болей навін