Беларуская глыбіня. Зарок

02.04.2012, 10:17  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Цверазейце, чувайце,
бо супраціўнік ваш д’ябал
ходзіць, як рыклівы леў,
шукаючы, каго праглынуць.
І Пятра 5:8

 

Наш кіроўца, мужык талковы, у одуме. Усё збілася з тропу: машына ламаецца, у сям’і раптам бязладдзе, начальнік без дай прычыны надоечы вызверыўся. Карацей, жыццё дало расколіну. Раіцца, маўляў, ты ж вернік, ведаеш — можа, гэта з­за таго, што я распяцце без цвікоў набыў?.. Аказваецца, днямі ў краме да яго падышоў нейкі п’янтос, ледзь трымаецца на нагах і просіць: купі, за бутэльку. Распяцце матчына, хіба што дзіркі замест цвікоў… Глядзіш кіроўцу ў трывожныя шырокія зрэнкі і бачыш адну чорную дзірку.

Без цвікоў укрыжоўваюць, Госпадзе. Прапіваюць і спадчыну, і розум, і душу — калі б маглі, і Цябе прапілі б.

 

Тут, сярод замкаў ды пушчаў, п’юць, жлукцяць, квасяць, гасяць, бухаюць, заліваюць горла — бо зеўрае, зеўрае чорная дзірка ў сэрцы, а святое месца пуста не бывае. Рабочыя, вяскоўцы, «хімікі»… Не так адчайна і жорстка, як у Малым Сітне з «максімкай», але грунтоўна, паслядоўна, засяроджана, з яўнай мэтай калісьці дапіцца­такі.

А гэта ж не дзе­небудзь, менавіта тут, у беларускай глыбіні ў 1846—1848 пачаўся знакаміты Пружанскі антыалкагольны рух, які даў першы штуршок небываламу паводле размаху ацверазенню ў 1850-я па ўсёй Расійскай імперыі.

 

Пра гэты самы «пружанскі бунт» як пачатак найбуйнейшай агульнарасійскай кампаніі абстыненцыі з гонарам паведамляе, між іншым, Інфармацыйна­аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ — і рэкамендуе выкарыстоўваць такі факт, уявіце сабе, на лекцыях «Адзінага дня інфармавання». Вядома, адной рукой, праз капеечную гарэлку, піўную рэкламу і батарэю бырла, падліваюць ды падліваюць (і не тое што закусіць — занюхаць не даюць), а другой, заграбаючы грошы ў касу, часам усплёскваюць: авохці, бяда!... вой, што твораць… П’юць жа, паскуды, ну што ты ім зробіш!..

 

Усё пачалося ў 1846-м у местачковых прыходах ды парафіях, з нейкім веяннем духу. Рэй вялі святары. Хопіць піць!.. Вёска за вёскай на заклік бацюшкі ці ксяндза беларус станавіўся перад алтаром ці абразом і заракаўся: болей не дакранацца да спіртнога. Так і ўяўляеш: глядзіцца чалавек у абраз — і вобраз і падабенства Божае ажываюць у ім самім.

А між тым зарок быў злачынствам: закон Расійскай імперыі забараняў даваць нейкія клятвы, апрача прысягі цару.

 

Масавае ацверазенне ахапіла спярша гістарычную Літву: на Гарадзеншчыне зарок далі 220 тысячаў сялянаў, на Віленшчыне — 140 тысячаў, на Міншчыне — 84 тысячы. Вакол цэркваў ды касцёлаў ствараліся таварыствы ці брацтвы цвярозасці. Кабакі зачыняліся праз адсутнасць прыбытку; чыноўнікі паўсюдна адзначалі рэзкі ўздым свядомасці і дабрабыту. І вось ужо шэф жандараў дакладае Аляксандру ІІ: «Здарылася ў нас падзея, зусім нечаканая»…

 

З беларускіх земляў і Ковеншчыны рух цвярозасці перакінуўся на суседнія — і ўрэшце, да канца 1850-х гадоў ачомаліся 32 губерні Расейскай імперыі. Цвярэзнікі засноўвалі свае школы, прытулкі, стваралі касы ўзаемадапамогі — і, быццам з зародку, з зароку перад Богам стыхійна нараджалася самакіраванне. Месцамі адмова ад віна і гарэлкі прывяла да бунтаў: абураныя мужыкі грамадой грамілі манаполькі. Урад, напалоханы размахам непадуладнага руху і стратай каласальных грошай (імперскі бюджэт трэснуў па швах), выправіў на падаўленне непітушчых рэгулярныя войскі. Звыш 11 тысячаў актывістаў руху былі арыштаваныя, бітыя розгамі і высланыя ў Сібір (з іх 780 — у беларускіх губернях).

Ані Раманавы, ані бальшавікі, ані Лукашэнка не адступілі ад загаду Івана Жахлівага: спойваць. Не будуць піць? Адключым газ.

 

«Ну, першы тост за Галоўнакамандуючага, ты ў курсе», — напаўголаса папярэджвае начальства пружанскіх вайскоўцаў на 23 феўраля. І тады, і цяпер дэманстратыўна не выпіць было выклікам. Толькі ходзіць, бродзіць нехта вакол, кружыць, як рыклівы леў, шукаючы, каго б праглынуць нагбом.

 

Пружанскія сяляне ўжывалі віно і хлеб у Прычасці — і прымалі Кроў і Плоць Хрыстовыя. Сёння віно без Бога і хлеб з відовішчамі ператвараюць беларуса ў жывёлу.

Няўжо лёс беларускай глыбіні — дапіць горкую чашу да дна, да поўнай п’яненькай рабскай павіннасці, да выраджэння асноўнай масы народа, да нацыянальнага гена алкагольнай залежнасці?

 

Ды не ўтопім мы нічога і нікога ў тае чарцы, апроч саміх сябе.

 

«Кадзіроўкі» ды паліт­інфармацыі — хіба апахмелка апасля дзяржаўнай палітыкі спойвання. А вось масавы рух, пачаты Царквой, у спалучэнні з падтрымкай сям’і і моладзевай модай на цвярозасць — насамрэч куды большая пагроза для існага рэжыму, чым уся сённяшняя апазіцыя.

 

Таму збляваць чорта, каторы ў глыбіні беларускай душы сушыць, і пячэ, і смокча, і ссе, можна адным­адзінюткім спосабам, ужытым простымі пружанцамі 165 гадоў таму, — не адкаркоўваць новую нульпяць, а адчыніць душу Богу.

Навіны па тэме

Фото юзера Таццяна Р.
Таццяна Р. 02.04.2012
Впечатляет!!!
Хорошо сказано! Очень хорошо! Как говорится, "не в бровь, а в глаз".
Пьянство, как результат безбожия людей, а также, как возможность держать их в рабстве греха, превратив в послушных марионеток. - бич современного общества. Зависимость, которую приобретают, как суррогат счастья, отказавшись от свободы во Христе, сковала многих.
Павел, Вы молодец, что рассказываете людям, используя, как наглядность, исторические факты, о том, что можно получить свободу, обратившись ко Христу. И за это нужно бороться! Бороться за спасение людей, за возрождение нации!
Павел, Вы напоминаете мне апостола Павла, который, находясь в узах, не унывал, не роптал, а писал к тем, кто на воле, наставляя, обдряя их, и проповедуюя Христа распятого! Это сильно!!!
Слава Богу, дающему Вам силу и вдохновение!
Спасибо Вам, Павел, за Ваш труд!
Пишите! Это очень нужно, очень!
Да пребудет с Вами Господь!!!