Еўрапейскі суд

17 красавіка 2012 15:59  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Тэрарыст Брэйвік на лаве падсудных. Не ў жалезнай клетцы, а пасярод адвакатаў. Не абколаты, не збіты, не запалоханы, без чорных кругоў пад вачамі, здольны адчуваць і рэагаваць. І хоць ён прымусіў сябе сядзець, калі ўсе ўсталі на пачатку паседжання, суддзі паціснулі яму руку. Не ў знак павагі, як могуць падумаць некаторыя, а ў знак прызнання права грамадзяніна Нарвегіі на суд па Законе, на еўрапейскі суд.


Як ні дзіўна, менавіта кадры з першага дня суда, распаўсюджаныя па свеце, яшчэ  раз паказалі нам усю дзікасць нашай праваахоўнай і судовай сістэм – з іх пераводамі ў выглядзе “ластаўкі”, з “расцяжкамі” палітычных, з сярэднявечным здабыццём доказаў, расстрэламі ў духу 30-ых і многім іншым. З верхавенствам беззаконня і асабістай помслівасці.

 

Мы не ведаем, калі харызматычны нарцыс Брэйвік зрабіў выбар паміж дабром і злом. (Ён яго занадта фатальна і яскрава прадэманстраваў.) Мы не ведаем, калі сённяшні кіраўнік Беларусі, бацька трох сыноў, зрабіў свой галоўны для чалавека, сутнасны выбар.  Мы не можам ведаць, што яго чакае ў перспектыве: забяспечаная старасць у цёплай краіне, клетка для крымінальніка або два адвакаты па баках. І ці паціснуць яго руку суддзі. (Калі нашы, то пэўна ж  – не.) Адно відавочна: не можа сучасная Беларусь пазіцыянаваць сябе як еўрапейская дзяржава. Геаграфія тут ні пры чым.

 

БРЭЙВІК НА СУДЗЕ

 

Тонкай рукою раз-пораз

Ён выціраў слязу,

Гледзячы відэа,

На якім выглядаў

Шчаслівым і вольным –

Ну проста звышчалавекам.

 

Ён плакаў па тым,

Чаго нельга вярнуць,

Бо сам, пасярэдзіне лета,

Раптам панішчыў усё –

Разам з мінулым і будучым –

Тонкай рукою забойцы.

 

Душы забітых

З жахам глядзелі

Гэта нямое кіно.

Болей навін