Бэнэдыкт XVI: Касцёл не павінен баяцца пераследу, а верыць у дапамогу Бога

18 красавіка 2012 16:16  |  Грамадства

«Касцёл не павінен баяцца пераследу, які заўсёды вымушаны перажываць у сваёй дзейнасці, але, як Езус у Гетсэманіі, павінен верыць у прысутнасць, дапамогу і моц Бога», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі 18 красавіка 2012 г.

 

Папа прапанаваў вернікам паразважаць над так званым «малым спасланнем Духа Святога», якое адбылося ў кульмінацыйны момант цяжкага перыяду жыцця маладога Касцёла, што апісваецца ў Дзеях Апосталаў. Пантыфік згадаў пра малітву, прамоўленую апосталамі пасля вызвалення Пятра і Яна з вязніцы. Гэта была згодная малітва супольнасці ў сітуацыі пераследу. «Перад абліччам пераследу супольнасць не толькі не баіцца — яна глыбока з’яднаная ў малітве, каб заклікаць Пана», — падкрэсліў Святы Айцец.

Першая супольнасць хрысціян, па словах Папы, спрабуе зразумець тое, што адбылося, спрабуе адчытаць падзеі ў святле веры. Малітву супольнасць пачынае ад узгадвання велічы Бога і пераходзіць да распазнання таго, як Бог дзейнічаў у гісторыі. 

Плёнам супольнай малітвы першых хрысціян стала спасланне Духа Святога, дару Уваскрослага, які падтрымлівае ў верніках свабоднае і адважнае абвяшчэнне Божага слова — без страху, каб несці Добрую Навіну ажно да краю свету. «Таксама і мы можам навучыцца распазнаваць, што Бог прысутнічае ў нашым жыцці, нават у цяжкія хвіліны, і што ўсё з’яўляецца часткай дасканалага плану любові, у якім канчатковую перамогу над злом, грахом і смерцю атрымае дабро, ласка, жыццё, Бог», — дадаў Пантыфік.

Як падкрэсліў Папа, падобна як гэта адбывалася ў першай хрысціянскай супольнасці, малітва дапамагае нам адчытаць асабістыя і агульныя падзеі ў перспектыве Бога. 

Болей навін