Беларускія пахаванні ў Польшчы наведалі на Радаўніцу (фота)

26 красавіка 2012 10:08  |  Палітыка

Магілы беларусаў, якія знайшлі свой апошні спачын у Польшчы, наведалі беларусы Варшавы, Гданьска, Кракава. Арганізацыя Беларуская Нацыянальная Памяць распачала дзень Радаўніцы на магіле беларускага дзеяча Пятра Ластаўкі ў Новым Двары Мазавецкім, а пазней актывісты наведалі праваслаўным могілкі ў Варшаве – кажа старшыня арганізацыі, сябар Нацыянальнай Рады БХД Анатоль Міхнавец:

 

– Там ёсць магілы беларусаў. І мы наведалі магілу Янкі Жамойціна, вядомага беларускага дзеяча, сябра Саюза беларускай моладзі, пісьменніка, сябра Беларускай незалежніцкай партыі, наогул вельмі адданага беларуса, які ўсё жыццё, усе свае сілы паклаў для незалежнасці Беларусі. Таксама нам стала вядома, што там ёсць магіла айца Бегуна, праваслаўнага бацюшкі, які падчас вайны быў праваслаўным беларускім светаром у Беларусі, пасля вайны быў вымушаны з’ехаць, і ўвесь час таксама клапаціўся пра беларусаў. І таксама на могілках праваслаўных знаходзіцца магіла прадзеда Паўла Севярынца ігумена Мітрафана Будзькі.


Актывісты на магілах паставілі знічы і прачыталі малітву “Ойча, наш”.

 

Доктар Лена Глагоўская наведала беларускія магілы ў Гданьску, хаця адзначае, што каб абыйсці ўсіх – аднаго дня ня хопіць:

 

– Справа ў тым, што могілак у Гданьску ёсць вельмі шмат. І ў прыгадзе ёсць вельмі шмат. І на кожных могілках нехта з беларусаў пахаваны. Так што такі маршрут у такі дзень вельмі цяжка правесці. Але я выбрала такія могілкі, дзе ёсць вельмі вядомыя пахаванні беларускіх дзеячаў з Гданьска, якія ўжо адыйшлі на той свет, або пахаванні дзецей вядомых беларусаў, якія былі ў нашым Таварыстве. І я некаторым з іх абяцала пры жыцці, калі памруць, то буду да іх прыходзіць на Радаўніцу.


Між іншымі, доктар Лена Глагоўская наведала магілы Лукаша Дзекуць Малея, Зіны Рагулянкі – дачкі Васіля Рагулі, Юркі Аляхновіча – сына Францішка Аляхновіча ды іншыя.

 

Болей навін