У Менску пасля Чарнобыльскага шляху затрымалі актывістаў БХД

27.04.2012, 10:22  |  Навіны » Палітыка

Пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях» былі затрыманыя каля 40 чалавек. Усе яны былі дастаўленыя ў Савецкі і Цэнтральны РУУС, пра гэта Tut.by распавяла праваабаронца Наста Лойка.

 

За што канкрэтна былі затрыманыя ўдзельнікі акцыі, пакуль невядома, аднак актывіст «Маладога фронту» і сябар БХД Раман Васільеў паспеў паведаміць, што хутчэй за ўсё будуць складзеныя пратаколы па арт. 17.1. КоАП «Дробнае хуліганства».

 

Маладафронтавец і сябар БХД Мікола Дземідзенка дастаўлены ў Савецкі РУУС, піша spring96.org.

 

Як паведаміла актывістка незарэгістраванай арганізацыі Наста Палажанка, у судзе Савецкага раёна будуць судзіць Міколу Дземідзенку, Міхала Мускага і Рамана Васільева.

 

Таксама міліцыя затрымала Валянціну Дваракову, якая вітала дэманстрацыю з балкона сваёй кватэры на вуліцы Сурганава, міліцыя таксма затрымала і адпусціла пасьля складаньня пратакола па артыкуле 23.34 КоАП («парушэнне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).

 

Варта адзначыць, што перад заканчэннем акцыі адбылася кароткая гутарка намесніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігара Яўсеева і экс-кандыдата ў прэзідэнты, сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, які прасіў Яўсеева «абыйсціся гэтым разам без затрыманняў».

 

«Якія затрыманні? Няма ніякіх затрыманняў», — заявіў Яўсееў. На той момант з’явілася інфармацыя толькі пра затрыманых актывістаў расійскага "Яблока", Яўсееў адзначыў, што яму пра гэтыя затрыманні нічога невядома.

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме