Беларуская глыбіня. Перакласці Бога

13.05.2012, 14:06  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Грамадства, Рэлігія

Пра пераклады Святога Пісання на беларускую мову піша палітвязень, сустаршыня БХД Павел Севярынец.


На пачатку было Слова,
і Слова было ў Бога,
і Слова было Богам.
Евангелле паводле Яна, 1:1.


«Ніц не буде, чаго вон кажэ!..» У Пружанах як прамовяць — заслухаешся: што лексіка, што фанетыка.

Беларускія глыбіня, сумежжа Падляшша, Берасцейшчыны ды гістарычнай Літвы — неверагоднае бруенне беларускай, польскай, расійскай, украінскай, радзіма унікальных творцаў, спевакоў і… перакладчыкаў Бібліі.

Тут быццам ажывае цуд Пяцідзясятніцы з Дзеяў Апостальскіх: «І з’явіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусціліся па адным на кожнага з іх, і напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць».

Праз сутокі міжмоўя, шмат’языкія кірмашы, адкуль крынічаць культуры і цэлыя цывілізацыі, Госпад прамаўляе да чалавецтва асаблівым чынам: вуснамі геніяў, такіх як Дастаеўскі, Міцкевіч, Сянкевіч ці Высоцкі; рухам падзеяў, накшалт найбольш паспяховай хрысціянскай уніі за тысячу гадоў расколу, антыалкагольнага руху, здольнага скалануць імперыю, ці развалу СССР, і, нарэшце, наўпрост — Словам. Перакладамі, пералівамі, вытлумачэннямі Бібліі, усімі адценнямі сэнсу, пакліканымі выявіць багацце, разнастайнасць і хараство Божай ласкі — невымоўнай, але прамоўленай.

У ключавым для гісторыі ВКЛ 1563-м у старажытным Берасці, на месцы сённяшняй крэпасці, правадыром беларускай Рэфармацыі канцлерам Мікалаем Радзівілам Чорным была выдадзеная шыкоўная Біблія па-польску: найвядомейшыя навукоўцы таго часу перакладалі Святое Пісьмо са старажытнагабрэйскай ды грэцкай. Усе 738 старонак гатычнага шрыфту з 14 гравюрамі і віньеткамі, на якія Чорны выдаткаваў 10 тысячаў дукатаў? — гадавы даход усіх сваіх уладанняў — былі прызначаныя для распальвання Рэфармацыі ў Кароне. Гэта яе, Радзівілаўскую Біблію, сыны канцлера будуць скупляць па ягонай смерці, каб публічна паліць на плошчах, а друкарню прададуць езуіцкаму калегіуму.

Яшчэ адзін тутэйшы перакладчык Бібліі — знакаміты баптысцкі пастар Лукаш Дзекуць-Малей. Хрышчаны на рацэ Супрасль пад Беластокам, калісьці арыштоўваны на Пружаншчыне за казань, заснавальнік евангельскай грамады ў Берасці, ён разам з Антонам Луцкевічам выдаў у 1931 «Новы Запавет і Псальмы», найперш дзеля пратэстанцкага руху Берасцейшчыны — і плён гэтай працы па сёння відаць у гушчыні тутэйшых цэркваў.

Якраз сюды, у пушчы, у савецкія часы хрысціяне таемна перапраўлялі шрыфты з Польшчы ды паперу са Скандынавіі, каб друкаваць Біблію для дзясяткаў народаў Саюза — па¬расейску, украінску, грузінску, асяцінску, удмурцку…

Ужо ў наш час Васіль Сёмуха, чуйны і адораны лінгвіст з пружанскага хутара Ясенец, да 2000 года пераклаў усё Святое Пісьмо ёмістай, смачнай літаратурнай мовай. Біблія Сёмухі, выдадзеная 10-тысячным накладам у 2002, дагэтуль застаецца самай пашыранай з беларускамоўных.

І ўсё-такі Беларусы, каторыя атрымалі друкаваную Біблію на жывой мове народа трэцімі ў свеце, народ Скарыны, Цяпінскага, Федаровіча і Мсціслаўца — да цяпер, праз 500 гадоў, не маюць аніводнага канфесійнага, прызнанага, поўнага перакладу Святога Пісьма — толькі цэлы россып непрызнаных.

У 2017 Беларусь падыдзе да паўтысячагадовага юбілею Бібліі Скарыны. З чым? Праца Біблійнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і перакладчыкаў Касцёла далёкая да завяршэння. А беларусам так патрэбная Біблія на роднай мове!.. І не 10 тысячаў — 10 мільёнаў, кожнаму. Адзінае, шанаванае ўсімі хрысціянскімі канфесіямі Слова.

Гісторыя сведчыць, што менавіта ў такіх перакладаёмістых кутках — нямецка­фрацузска­рэтараманамоўнай нейтральнай Швейцарыі, франка¬фламандска¬нямецкамоўнай Бельгіі, дзе былі надрукаваныя знакамітыя пратэстанцкая жэнеўская ці каталіцкая Брусэльская Бібліі — магчымыя прарывы агульнахрысціянскага маштабу.

Новы пераклад, выдадзены Беларускім Біблійным таварыствам сёлета, — вялікі крок да адзінай беларускай Бібліі. Поліканфесійны — над імі працавалі і легендарны ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, і евангельскі пастар Антоній Бокун, і каталічка Жанна Некрашэвіч-Кароткая, і англіканскі тэолаг Джон Элвалд. Дапоўненая спасылкамі, табліцамі, мапамі, слоўнікам… Менавіта такую Біблію, з залатым цісненнем ды рубам, з клавіятурай закладак, мне падаравалі днямі прыхільнікі «залатой сярэдзіны» ў хрысціянскім адзінстве, грэка-каталікі. Менавіта такую Біблію малітоўнікі з Чырвонага касцёла, аб’яднаныя ў праваабарончую групу «За Волю», перадалі на Вялікдзень кожнаму беларускаму палітвязню.

Для любога народа мова — пытанне жыцця і смерці. Творца даў кожнай нацыі не проста набор словаў, але святыню Слова. Бог — Слова. Які праз веру ўцелаўляецца, укрыжоўваецца і ўваскрасае ў нас, каб мы маглі дажыць да вечнасці.

Беларуская глыбіня, праз Касцёл і Польшчу адкрытая каталіцтву, праз Царкву і Расею — праваслаўю, праз евангельскія грамады Берасцейшчыны — пратэстанцкай Паўночнай Еўропе ды Штатам, край дзясяткаў таленавітых перакладчыкаў і паліглотаў, натуральны суплёт царкоўнаславяншчыны, лаціны, ідыша ды жывых моваў — ці не найлепшае месца для біблійнага руху сусветнага маштабу. Ствараць міжканфесійныя пераклады. Вырашаць спрэчныя пытанні тэалогіі. Вымяраць прадонні значэнняў… Вярнуць Беларусі славу еўрапейскай друкарні і бібліятэкі.

Ці не гэта пакліканне Сэрца Еўропы?... Той самай сучаснай Еўропы, што забыўліва шукае сваёй тоеснасці, нудзіцца, адфыркваецца ад глыбокіх ісцінаў — і ў наш нясцерпна балбатлівы інфармацыйны век усё-такі прагне, прагне Слова, Якое сталася целам — Ісуса Хрыста.

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=72794

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме