Яроменку далі 7 сутак, Сяргею – 5

17 мая 2012 18:13  |  Палітыка

Суд Фрунзенскага раёну Менску асудзіў маладафронтаўца Ўладзімера Яроменка на 7 сутак арышту, Паўла Сяргея — на 5 сутак.

 

Іх зьвінавацілі паводле артыкула 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу ў дробным хуліганстве. Абодвух затрымалі напярэдадні ва ўласных кватэрах.

У суд Уладзімера Яроменку і Паўла Сяргея даставілі з турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе яны правялі папярэднюю ноч. Уладзімер Яроменак паведаміў, як адбывалася яго затрыманьне:

«Сядзеў дома, прыкладна каля 15.00 дня — адчыняюцца дзьверы ў кватэру, якія былі зачыненыя, урываюцца два чалавекі, кладуць мяне тварам у падлогу і надзяваюць кайданкі».

Больш Уладзімер Яроменак паведаміць нічога не пасьпеў, бо дзяжурны міліцыянт без папярэджаньня пачаў выштурхоўваць мяне з будынка суду. Яму на дапамогу прыйшлі трое сілавікоў у цывільным. Усе чацьвёра адмаўляліся называцца і тлумачыць прычыну сваіх дзеяньняў. Павал Сяргей на знак пратэсту сеў каля дзьвярэй залі судовага паседжаньня, але яму груба заламалі рукі і таксама вывелі з будынка. Вядома, што Паўла Сяргея, як і Ўладзімера Яроменка, таксама затрымалі на ягонай кватэры. Вось што з гэтай нагоды сказала актывістка «Маладога фронту» Кася Галіцкая:

«Гэта беспрэцэдэнтны ціск на „Малады фронт“, настолькі часта і шмат адміністрацыйных арыштаў — такога не было за ўсю гісторыю нашай арганізацыі. Нават Дашкевіч і Фінькевіч гэтулькі не сядзелі і гэтак часта. Ёсьць падазрэньні, што гэта неяк зьвязана з новым міністрам унутраных спраў. Баюся, што гэта можа быць накіравана на падаўленьне якой-колечы актыўнасьці і дзейнасьці Маладога фронту».

Акрамя Ўладзімера Яроменка і Паўла Сяргея, таксама на кватэры днямі затрымалі маладафронтаўцаў Рамана Васільева, Міколу Дземідзенку і Зьмітра Крамянецкага, якія цяпер адбываюць адміністрацыйны арышт на Акрэсьціна. Праваабаронца Наста Лойка гэтак камэнтуе дзеяньні сілавікоў:

«Проста татальны кантроль — усіх актывістаў альбо саджаюць на суткі, альбо навешваюць ім прэвэнтыўныя нагляды, альбо забіраюць у войска. Таксама максымальна сталі фабрыкаваць адміністрацыйны артыкул 17.1 аб хуліганстве. І тыя формы, якія выкарыстоўваюцца, — гэта ня можа не выклікаць занепакоенасьці. Гэта ўсё цалкам супрацьпраўна, і нават цяжка ўявіць, як гэтаму можна супрацьстаяць. Бо на ўсе скаргі не рэагуе ні пракуратура, ні сьледчы камітэт, а суды выносяць тыя рашэньні, якія ім загадваюць зьверху. Цяжка, безумоўна, у такой сытуацыі казаць пра нейкую грамадзкую актыўнасьць і яе працяг надалей».

Адміністрацыйную справу Ўладзімера Яроменка разглядала судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Людміла Лапо, а Паўла Сяргея —судзьдзя Натальля Каробіна.

Болей навін