Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя падрыхтавала змены ў закон “Аб ахове здароўя” (тэкст)

13 ліпеня 2012 10:37  |  Галоўныя навіны

Увосень 2012 года будуць уносіцца змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”. У план падрыхтоўкі законапраектаў на 2012 год уваходзіць разгляд закона «Аб ахове здароўя».

 

Менавіта гэтым законам дазваляецца і рэгулюецца правядзенне абортаў. З кожным годам беларусаў становіцца ўсё менш – наш народ вымірае. Нягледзячы на ​​гэта, толькі за 2010 год у Беларусі было праведзена 33300 абортаў! (46,1% зачатых дзяцей у Беларусі не дажываюць да моманту нараджэння)

 

Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь заклікала грамадзян краіны прыняць удзел у абмеркаванні праекта новага Закона. У адказ юрыдычная камісія Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі падрыхтавала свае прапановы па ўнясенні змяненняў у Закон. Вось асноўныя з іх:

 

– Увесці права для лекара адмовіцца ад правядзення аборту, за выключэннем выпадкаў правядзення аборту па медыцынскіх паказаннях, і адсутнасці магчымасці замены лекара.

 

– Увесці абавязковы пяцідзённы перыяд чакання з моманту падачы заявы аб намеры зрабіць аборт да моманту яго правядзення;

 

-. Абавязаць лекараў інфармаваць жанчын аб рэлігійных і грамадскіх арганізацыях, якія займаюцца прафілактыкай абортаў;

 

– Скараціць тэрмін для правядзення аборту да 7 тыдняў;

 

– Выключыць сацыяльныя паказанні для абортаў;

 

– Увесці забарону правядзення клінічных выпрабаванняў на чалавечых эмбрыёнах.

 

Мы разумеем, што немагчыма адразу цалкам спыніць практыку масавых абортаў у Беларусі. Але сёння можна зрабіць першы важны крок на шляху да гэтай мэты. Калі прапанаваныя змены будуць прынятыя, то ўжо ў гэтым годзе будуць выратаваны тысячы дзяцей!

 

Сёння ў нас з вамі ёсць унікальны шанец абараніць іх жыцці!

 

– Распавядзіце аб гэтай ініцыятыве іншым людзям;

 

– Пастаўце свой подпіс у падтрымку зменаў закона і збярыце подпісы ў сваіх знаёмых.

 

praekt_zmenaw_u_zakon.doc Праект зменаў у Закон

 

padpisnyarkush.doc Падпісны аркуш

Болей навін