Павал Севярынец: свабоду Дашкевічу!

18.07.2012, 17:00  |  Галоўныя навіны, Палітыка

У дачыненні да лідэра "Маладога Фронту" Змітра Дашкевіча ўзбуджаная новая крымінальная справа - "за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі". Пра гэта абвясцілі 18 ліпеня раніцай у перадачы "Зона Х" ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1". Калі Дашкевіча прызнаюць вінаватым, яму пагражае яшчэ адзін год пазбаўлення волі.


Гэтую сітуацыю пракаментаваў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец:

 

"Рэжым пераследуе Дашкевіча па дзвюх прычынах. Па-першае, ён да гэтага часу ўзначальвае найбуйнейшы і найбольш уплывовы беларускі маладзёвы рух - Малады Фронт. Па-другое, ён нават у турме паводзіць сябе годна і нязломна. Рэжым баіцца Дашкевіча, і вось гэтая крымінальныя справа паказвае, наколькі моцна баіцца.

 

Дашкевіч - абсалютна невінаваты. Ён нават да Плошчы не дайшоў. Уся Беларусь ведае, што арышт яго і Эдуарда Лобава быў правакацыяй. Натуральна, у калоніі Зміцер адмаўляецца падпарадкоўвацца незаконным загадам. За гэта невінаватаму чалавеку і лідэру беларускай моладзі пагражае яшчэ год турмы. Больш за тое, гэта аб'яўляецца па дзяржаўным тэлебачанні і напярэдадні дня нараджэння Змітра. Сістэма проста звярэе.

 

Беларусы павінны патрабаваць свабоды для Змітра Дашкевіча. Зваротамі, акцыямі, сцягамі, інтэрнэт-кампаніямі. Іначай рэжым будзе душыць нас паасобку. Свабоду Дашкевічу! Свабоду палітвязням! Свабоду Беларусі! "

Навіны па тэме