У Менску ідзе змаганне за гарачую ваду

24 ліпеня 2012 16:01  |  Рада Народных Дэпутатаў

У Менску ў жылым доме па вуліцы Ленінградская, 3 два разы за лета на 4-5 дзён адключалі гарачую ваду. Упершыню адключэнне здарылася 1 чэрвеня, у другі раз – 20 ліпеня. Пры гэтым вада адключалася ў пятніцу, а вырашэннем праблемы супрацоўнікі ЖЭС-92 пачыналі займацца толькі ў панядзелак, ігнаруючы звароты жыхароў дому і нават пагражаючы выклікаць міліцыю, на тых хто скардзіўся.

 

У якасці парадаў дыспетчары ЖЭС-92 раілі спускаць ваду пакуль яна не нагрэецца. У выніку ў першы раз ваду жыхарам уключылі 5 чэрвеня, у другі – 23 ліпеня. Разам з тым з 24 ліпеня у жыхароў дому адключылі гарачую ваду дзеля “прафілактыкі”.

 

Як вынік, жыхары дому былі змушаныя звярнуцца ў ЖРЭА Кастрычніцкага раёну Менска з просьбай выключыць паўтарэнне падобных сітуацый у далейшым, кампенсаваць шкоду, нанесеную жыхарам дому амаль месяцовым адключэннем гарачай вады, і па магчымасці ўключыць адключаемую для “прафілактыкі” гарачую ваду раней за 7 жніўня.

 

Ініцыятарам звароту і збору подпісаў сярод жыхароў дому у межах кампаніі Рада народных дэпутатаў выступіў сябар аргкамітэту БХД Максім Гацак. 23 ліпеня зварот з подпісамі жыхароў дому быў дасланы ў ЖРЭА Кастрычніцкага раёну.

Болей навін