Галіна Каржанеўская: Астравок свабоды

02.08.2012, 19:32  |  Блогі » Блог Галіны Каржанеўскай

Два запар пікеты за байкот парламенцкіх выбараў зладжаны на Камароўцы. Я ўдзельнічала ў другім і перапоўнена ўражаннямі. Стэнды з надпісамі “Не галасуйце --
вас падмануць” былі выстаўлены  кругам і адразу прыцягнулі ўвагу. Да таго ж над намі луналі сцягі з сімволікай БХД.

 

Вакол снаваў пераважна пенсіянерскі і жаночы кантынгент. Адны ўзіраліся здалёк і, прачытаўшы стэнды, з перакошанымі тварамі шыбавалі міма. Другія падыходзілі, уступалі з намі ў размовы, выказвалі стаўленне да ўлады (даводзілася асаджваць, каб “не абзываліся”). Апавядалі жыццёвыя гісторыі. Асабліва доўга не маглі адысці, тапталіся побач тыя, хто актыўнічаў у  90-ых і яшчэ памятае  грамадзянскі ўздым таго часу і такі неабходны чалавеку дух волі.

 

Простых людзей хвалююць простыя рэчы: сын змушаны працаваць у Расіі, каб зарабіць; банк бярэ высокія працэнты за крэдыт; ад продажу дачы заплаціла такі падатак, што лепей бы не прадавала… Гучалі пытанні, на якія цяжка было адказаць: чаму начальства панастроіла сабе дамінаў і “жыруе”; што гэта за мода такая пайшла – усе цэны прывязваць да еўра і долараў (капронавая накрыўка каштуе тысячу!); нашто тыя дэпутаты, калі мы іх не бачым і не чуем.

 

На тэме прызначанага парламенту варта запыніцца. Пра “слуг народа” ад аховы здароўя добра напісала С.Калінкіна. Яны палічылі нармальным зацвердзіць дзіўную санітарную норму: адзін памперс на тры дні для ляжачых у домах састарэлых, а таксама не прадугледзелі закуп уралагічных катэтараў для для хворых мужчын. Ад сябе дапоўню: адмовіліся ад такіх неабходных абязбольваючых пластыраў для анкалагічных хворых. Палічылі, што дорага, непад’ёмная нібыта сума для рэспубліканскага бюджэту…

 

Няхай бы яны прыкінулі, у якую капеечку абыходзіцца гадзіна арэнды высотных кранаў на засакрэчаным аб’екце па праспекце Пераможцаў. А іх там прастойвае зараз пяць штук!

 

З медыкамі ўсё больш-менш зразумела: адміністратары ад медыцыны перастаюць быць урачамі. Які Гіпакрат?! Якія клятвы, калі трэба служыць бяздушнай дзяржаўнай машыне?! Вы, спадзяюся, не думаеце, што дэпутаты ад іншых сфер дзейнасці працуюць больш эфектыўна.

 

Але я забыла сказаць пра трэцюю – самую праблемную – катэгорыю грамадзян, з якой мы сутыкнуліся на рынку: гэта “правільныя”, старой савецкай закваскі дзяды і бабулі. Яны агрэсіравалі і пырскалі слінай. Аднаго такога я ветліва адправіла ад нашых стэндаў, бо гнаў хвалю і правакаваў навакольных на негатыўныя эмоцыі. Яшчэ адзін дзядок пагрозна размахваў кіем і ў відавочным стрэсе выкрыкваў: “За што я ваяваў?!” Як быццам ваяваў ён якраз за паспяховыя парламенцкія выбары 2012 года, а нейкія апазіцыянеры ўздумалі іх байкатаваць.

 

“Хіба да такога штосьці дойдзе?”—адкаментавала адна з кабет побач. Словы другой гучалі як афарызм: “Представляете, есть странные люди, которые верят государственному телевидению!”. “Няўжо яны дасюль сядзяць?” – здівілася трэццяя грамадзянка, пабачыўшы доўгі спіс палітвязняў. Такая вось разбежка ў галовах нашых суайчыннікаў…

 

Увогуле сталыя мінчукі парадавалі мяне сваёй неабыякавасцю, абазнанасцю ў падзеях, трапнасцю меркаванняў, шырынёй поглядаў (і пра Расію, і пра Еўропу маюць сваю думку). А галоўнае – яны ахвотна падпісваліся за вызваленне Мікалая Статкевіча, нашага лідара Паўла Севярынца і іншых палітычных, якіх лічаць нявінна пацярпелымі і вельмі ім спачуваюць. І без боязі давалі інтэрв’ю прысутным незалежным СМІ.

 

Мы размаўлялі з зацікаўленымі і адмахваліся ад замшэлых. Былі для некаторых адзінай крыніцай аб’ектыўнай інфармацыі. І хоць нас атачылі мужчыны ў цывільным і бесперапынна здымалі на камеру невядомыя, мы пад сваімі сцягамі з валошкай адчувалі сябе ўпэўнена і нават прыўзнята. І нашаму астраўку свабоды можна было пазайздросціць.

Навіны па тэме