Вандроўка, канцэрты і прэзэнтацыі да 102-га дня народзінаў Ларысы Геніюш (Фота)

09 жніўня 2012 18:05  |  Грамадства

9 жніўня спаўняецца 102 гады са дня народзінаў славутай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, ахвярнай хрысьціянкі, нязломнай патрыёткі, сакратаркі БНР і пакутніцы камуністычнага ГУЛАГу. Штогод да дня народзінаў Ларысы Геніюш на радзіме паэткі праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя яе памяці. У гэтым годзе яны пройдуць ў Зэльве ў суботу 11 жніўня.

У Праваслаўнай Сьвята-Троіцкай царкве насупраць колішняга дому паэткі на вуліцы Савецкай, дзе знаходзіцца помнік і музей Ларысы Геніюш, аб 11-й гадзіне адбудзецца памінальная служба, а затым ускладаньне кветак ля помніку і на магіле паэткі. У праграме ўрачыстасьцяў таксама прэзэнтацыя кнігі эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш «Лісты з Зэльвы», выступленьне беларускіх бардаў і літаратараў.

А напярэдадні 102-га дня народзінаў славутай паэткі ў суботу 28 ліпеня адбылася арганізаваная сябрамі БХД традыцыйная вандроўка Тerra Genius, прысьвечаная ёй. Разам зь вядомым краязнаўцам і музыкам Аляксеем Фраловым, дасьледчыкам спадчыны Ларысы ГеніюшМіхасём Скоблам і грамадзкай дзяячкай Валянцінай Трыгубовіч удзельнікі вандроўкі наведалі родныя мясьціны Ларысы Геніюш, пабачаць прыродныя і рукатворныя цуды гэтай зямлі, каб зразумець, адкуль паходзяць Волаты Духу. 

Удзельнікі вандроўкі завіталі ў колішні фальварак Жлобаўцы, у якім на падмурках роднай хаты паэткі адбыўся невялічкі канцэрт вядомай бард-сьпявачкі Тацьцяны Беланогай. Таксама вандроўнікі наведалі Гудзевічы, якімі валодаў дзед Ларысы Антонаўны Павал Францавіч Міклашэвіч –  пан Міклаш, і ў якім зараз знаходзіцца вядомы этнаграфічна-краязнаўчы музэй Алеся Белакоза. 

Безумоўна, не маглі удзельнікі вандроўкі прамінуць месца апошняга прытулку Ларысы Антонаўны – Зэльву. Там аматары творчасьці паэткі наведалі Траецкую царкву, у якой зараз знаходзіцца невялічкая экспазіцыя, прысьвечаная паэцы, а на падворку стаіць ці не адзіны ў Беларусі помнік Ларысе Геніюш. Цягам вандроўкі Міхась Скобла правёў таксама прэзэнтацыю кнігі лістоў Ларысы Геніюш «Лісты з Зэльвы», якая выйшла ў гэтым годзе ў серыі «Гарадзенская бібліятэка».

Акрамя гэтага, шлях вандроўнікаў упрыгожвалі і іншыя геніяльныя помнікі архітэктуры і дойлідзтва рэнэсанса, барока, класіцызму і рамантызму. Разам з цудоўнымі краявідамі заходняй Беларусі яны спрыялі развагам пра феномен геніяльнасьці і пра геніяў з нашай Бацькаўшчыны ў сусьветным кантэксьце. І вядома, цягам усёй вандроўкі гучалі вершы. 

Славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш (9 жніўня 1910 – 7 красавіка 1983) нарадзілася ў фальварку Жлобаўцы Ваўкавыскага раёну. У 1937-1948 жыла з мужам ў Празе, брала ўдзел у працы ўрада БНР на эмiграцыi, была прызначаная сакратаркай БНР. У 1948 годзе разам з мужам, лекарам Янкам Геніюшам, Ларыса Геніюш была арыштаваная, выдадзеная савецкаму КДБ і асуджаная на 25 гадоў лагераў. Каб даведацца пра лёс архіваў БНР, у менскай амерыканцы яе асабіста дапытваў кіраўнік КДБ Беларусі Лаўрэнці Цанава. Вызваленыя праз восем гадоў ГУЛАГу, яны вярнуліся ў Беларусь і пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве. Да канца жыцьця мужная паэтка не прыняла савецкага грамдзянства, заставалася грамадзянкай БНР і была прыкладам для ўсіх беларускіх патрыётаў. Да сёньняшняга дня генеральная пракуратура Беларусі працягвае адмаўляць ў рэабілітацыі паэткі і да сённяшняга дня жыцьцё і вершы Ларысы Геніюш натхняюць беларусаў у змаганьні за свабоду сваёй Бацькаўшчыны.

 

Вандроўка, канцэрты і прэзэнтацыі да 102-га дня народзінаў Ларысы Геніюш (Фота)
Вандроўка, канцэрты і прэзэнтацыі да 102-га дня народзінаў Ларысы Геніюш (Фота)
Вандроўка, канцэрты і прэзэнтацыі да 102-га дня народзінаў Ларысы Геніюш (Фота)
Вандроўка, канцэрты і прэзэнтацыі да 102-га дня народзінаў Ларысы Геніюш (Фота)
Вандроўка, канцэрты і прэзэнтацыі да 102-га дня народзінаў Ларысы Геніюш (Фота)
Вандроўка, канцэрты і прэзэнтацыі да 102-га дня народзінаў Ларысы Геніюш (Фота)
Вандроўка, канцэрты і прэзэнтацыі да 102-га дня народзінаў Ларысы Геніюш (Фота)

Болей навін