Беларуская глыбіня. Рваныя раны ворыва

05.08.2012, 11:24  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Грамадства

Пяты анёл затрубіў, і ўгледзеў я зорку, 
Што ўпала з неба
на зямлю, 
І дадзены ёй ключ ад калодзежа бездані.
Адкрыццё, 9:1

 

Куплінскі склад аўтазап-частак, на якім мне даводзіцца працаваць за трыста метраў ад каменды, — найбольшы ў Пружанскім раёне. У былым танкавым ангары на 400 кв.м — жалеза да трактароў «Беларус», МАЗаў, савецкіх грузавікоў, сельгастэхнікі; падшыпнікі, фільтры, рамяні ды шлангі розных калібраў, эмалі, гаруча-змазачныя матэрыялы, разнастайныя інструменты — ажно да аптэчак і электрапастухоў. Калгасы раёна, калісьці перайменаваныя ў ААТ, затаварваюцца менавіта тут.

 

Склад — гэта звыш чатырох тысяч найменняў, дзе памылка ў нумары акумулятара ці трактарнай шыны будзе каштаваць табе месячнага заробку; гэта змораныя, бегма, купцы, інжынеры і механікі (якія прызнаюцца, што маюць хіба адзін выходны на год — 1 студзеня); гэта некалькі дзясяткаў сваіх рабочых, чорных ад мазуты і пылу, якім трэба выдаваць снадзіва і рыштунак, а таксама процьма ластавак, што напаўняюць былы ангар шчабятаннем, лепяць гнёзды ў скрыжаваннях бетону, віртуозна вылоўліваюць мух ля вокнаў і дзвярэй і выводзяць маленькіх, якія шэрагам, не раўнуючы ноты, сядзяць на лініях дроту ды пачаргова, быццам у мульціках, вучацца ціўкаць.

 

Месячны абарот тут ідзе на мільярды, вага жалеза — на тоны, і спаленыя нервовыя клеткі — напэўна, адзінае, што ўліку не паддаецца.

 

Калгасу, які прыязджае, трэба паказаць, што ёсць, запісаць, аддаць накладныя і выдаць, а часцяком і дапамагчы пагрузіць.

 

Жалезная плынь.

 

Дзякуй Богу, кладаўшчык — баптыст Слава: за парадак можна не хвалявацца. Брат Слава прайшоў і турмы, і бамжаванне, пакаяўся, прыняў Хрыста — і цяпер адзін з кіраўнікоў тутэйшай памеснай царквы. Дапамагае галоўны інжынер Максімавіч — сціплы ды ўсмешлівы беларус-тэхнар з вёскі Забэйды-Суміцкага, знаўца ўсяго неверагоднага жалеззя, вечна на тэлефоне, на запраўцы або ў майстэрнях…

 

Але сам, маючы з тэхнікі хіба што ровар, часам знемагаеш ад атупення.

 

А Госпад жа папярэджваў… У СІЗА КДБ тры месяцы прапускаў міма вушэй бясконцыя аповеды галоўнага інжынера МТЗ пра карданы, рэлюшкі і гідрацыліндры — і вось трапляеш акурат туды, куды едуць па запчасткі для 850 «Беларусаў»!

 

Большасць усяго металу, гумы ды «хіміі» са складу сыходзіць у малако: менавіта «малочка» дае 9/10 экспарту Пружанскага раёна. Трактары, сеялкі ды касілкі працуюць на кармах і збожжы для фермаў; шлангі, вёдры ды вілы ідуць наўпрост у кароўнікі; грузавікі развозяць малако па гіпермаркетах.

 

Прыязджаюць тыя, каго гараджане мімаходзь называюць «калхознікамі» — няшчасныя, дабрадушныя і простыя сімпацягі: то стрыманыя, то жартуны, то змрочна-засяроджаныя, каржакаватыя дзядзькі або асаністыя маладзёны з густымі брывамі ды галасамі, кожны з непаўторнай паляшуцкай ці ліцвінскай гаворкай — адразу ўяўляюцца дрэвы, выкарчаваныя дзесьці ў Пушчы!..

 

Размаўляеш — і разумееш: калгасы, што засталіся на Пружаншчыне, або выцягваюць за кошт колішніх пракаповіцкіх уліванняў Нацбанка — або «выязджаюць» на некалькіх трывушчых беларусах-працаголіках, прыроджаных земляробах, хто яшчэ не спіўся; імі затыкаюць усе дзіры. У стратнай, друзлай, яшчэ саўковай сістэме апошні запас — унутраная, валовая тутэйшая працавітасць.

 

Невынішчальныя, вечныя беларусы, знявечаныя калектывізацыяй ды атэізмам, яны ўсё захоўваюць у кутках вачэй, у вуснах, у цяжкім маўчанні сваю беларускую таямніцу — як удаецца выжыць, карміць горад ды трымаць для дзяцей ды ўнукаў дзесь глыбока-глыбока гарчычнае зерне надзеі.

 

А гаспадарыць на беларускай зямлі па-ранейшаму сталінскі калгас.

 

З размоваў з інжынерамі высвятляецца, што львіная доля трактароў у гаспадарках стаіць; што ў нідэрландскіх комплексаў, закупленых на фермы за вялізныя грошы, зімой замярзаюць паілкі (не разлічылі — іншы клімат); людзі саромеюцца нават казаць, колькі зарабляюць; крадзеж, п’янства, безадказнасць — норма; гісторыі пра калецтвы і смерці (таму тэхніка на полі раструшчыла косткі, той упаў у жатку, таго забіла токам) несканчоныя… і ўсе, усе згаджаюцца, што ўсім усё абыякава.

 

Вёска нават тут, у Заходняй Беларусі, як жывы арганізм — гніе.

 

З зямлі рвуць тое, што аддасць. Гвалтам. Бо трэба вал. Бо (гарачы ком. прывет) — загад.

 

Паступае каманда: 20-га сеяць! І хоць аграном ведае, што зямля яшчэ не адтаяла, што палова плошчаў — яшчэ балота, і сеяць па загадзе — значыць гробіць тэхніку і насенне, дзецца няма куды: на палях ужо кантралёры, і гора тым, хто не вывеў трактар на пашу. Клянуць начальства і асабіста вярхоўнага галоўнакамандуючага — і едуць у Куплін закупаць цапы, трактарныя карданы ды генератары: ведаюць, што дурных паломак ды перасеваў будзе да горла.

 

Уборка? Зноў: усе на бязлітасную барацьбу з ураджаем.

 

Або «семінары» (раённыя ці абласныя накачкі з выездам на палі ўзорных гаспадарак). За два-тры дні да «семінара» замест 10-12 калгасаў штодня прыязджае па 15-20 і размятаюць фарбу, шчоткі, рыдлёўкі, вілы ды лямпачкі — каб, раптам што, было чыста і мігцела.

 

На куплінскім складзе рваны рытм калгаснага жыцця, бы хвароба сэрца, толькі аддаецца знадрыўным, з перабоямі, грукатам жалеза.

 

Краіна Беларусь — адна з найбагацейшых зямлёю ў свеце: плошча ворыва на душу насельніцтва — амаль 0,7 га.

 

Але пакуль бязбожжа — Беларусь без збожжа. Ані побытавай сялянскай веры, ані прыватнай уласнасці — а інакш у зямным жыцці ніяк.

 

У ворыва па-ранейшаму няма гаспадара.

 

У людзей па-ранейшаму няма волі.

 

Па-ранейшаму дае свае ўсходы кроў, пралітая падчас калектывізацыі: раскулачаныя, сасланыя, забітыя, замораныя голадам; разрабаваныя сем’і, закінутыя вёскі… Колькі яшчэ пяцігодак зямля будзе вывяргаць, выціскаць з сябе, выкідаць разам з неўраджаямі боль і выпладні таго гвалту?

 

Даваць беларусам горкі хлеб з прысмакам крыві і поту?

 

Зразумець бы гэта мілым, здзіўленым і спакутаваным інжынерам…

 

А нам, гарадскім едакам, — убачыць бы, як часам дажджамі плача над гэтай знявечанай ірванымі ранамі зямлёю Бог…

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме