Беларуская глыбіня. Сеціва

20.08.2012, 10:49  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

…І кажа ім: ідзіце за Мною!
Зраблю вас лаўцамі
людзей.
Евангелле 
паводле Мацвея 4:19

 

Беларусь паволі сплывае ў сеціва.

 

Людское сумоўе, навіны, кнігі, газеты, надвор’е, карысныя парады і разумныя думкі, цікавасці і цікавосткі, ды і сам час беларуса ўсё больш і больш заблытваецца ў неабдымнай, шматмоўнай, поўнай выбраных знакаў, улюбёных мелодый, знаёмых і новых абліччаў, падуладнай аднаму толькі дотыку пальцаў прасторы. А яна, гэтая прастора, штодня выкалыхвае з доннай каламуццю, падхоплівае ды выцягвае на паверхню яшчэ не вядомыя чалавецтву бліскучыя цуды і страхалюдствы самай глыбокай у свеце беларускай глыбіні.

 

Менавіта ў сеціве наўпаўней усплываюць беларуская засяроджанасць і хітрамудрасць, зайздрасць і пакрыўджанасць, прыгажосць і летуценнасць, агульная млявасць і абыякавасць да жыцця.

 

Бясконцыя водарасці выслоўяў ды выяваў у сяброўскіх стужках, гронкі безыменнага і беспрадметнага гневу ў каментарах, кілатоны тутэйшай балотнай твані — і ніколі не бачаныя на нашай прэснаводнай сушы (не блытаць з сушы) глыбакадумныя салёнасці… Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны (са здымкамі), пружанскія плёткі (з падрабязнасцямі), тутэйшыя кошты (дзе пасля кожнае лічбы — ооо! — крыкі нулёў)… І калі ў навакольных калгасах усё яшчэ вырашаюць аб’ява ў раёнцы, хатняя тэлефонія ды радыё АБС, дык у пераважна маладзёвай камендзе большасць або «Укантакце», або на інтэрнэт-гульнях, або на сайтах сумнеўнага зместу.

 

Сеціва імгненна, чуйнымі позвамі, адгукаецца на тое, што сапраўды хвалюе беларускі народ, хваля нарастае, ператвараецца ў вал — і людское мора раптам ускіпае вакол выпадковага відэа ці гуку, якія трапляюць сённяшняй Беларусі ў сэрца.

 

Улёткі і налепкі — ужо толькі дапаможныя сігналы. Беларускія маўклівыя акцыі давялі магутнасць плыняў, народжаных у сацыяльных сетках; дык гэта летась, а з той пары Байнэт яўна пашырыўся. Еўрапейскія акцыі і арабскія вёсны мільёнамі клікаў за лічаныя дні мяняюць улады і лады жыцця. Нават Расія, да якой увогуле ўсё тугавата даходзіць, народ якой вечна безмолвствует — нарэшце закіпела праз сеціва пасля ўсё той жа сфальшаванай «парламенцкай кампаніі».

 

Адказ на бяссіласць «старой апазіцыі» — тры-дабл-ю.

 

Гаварашчая галава «кандыдата ў дэпутаты», каторы выступае па абласной тэлевізіі за ўсё добрае і супраць усяго кепскага, нікому не цікавая. А вось відэа, колькі людзей насамрэч нагамі зайшло да «выбарчых урнаў» 23 верасня ў параўнанні з афіцыйнымі дадзенымі «камісіяў», сеціва парве.

 

Падчас нешматлікіх масавых акцыяў беларусы павальна, поседам сядзяць у нэце.

 

Самы паспяховы палітычны лідар апошняй кампаніі, Саннікаў — кандыдат у прэзідэнты ад інтэрнэт-сайта. Найбольш розгаласныя беларускія праекты апошніх часоў разгортваюцца праз «кантакт», «ю-цюб», мульцікі ды фільмы, скачаныя на асабісты камп'ютар. З дэмаграфічным змяншэннем колькасці моладзі, з закручваннем гаек і ад’ездам вялікай колькасці праца-здольных за мяжу ў беларускага руху, па вялікім рахунку, застаўся адзіны рэсурс для пашырэння — кліпы, суполкі ды акцыі, накіраваныя на збіранне ды вывад актыўных анлайнераў у жыццё.

 

Адзіны прарыў, магчымы зараз у парламенцкай кампаніі 2012, — гэта калі мільёны беларусаў даведаюцца праўду пра факты фальсіфікацыі, выкладзеныя тысячамі відавочцаў байкоту ў нэт.

 

У Беларусі, дзе пяць мільёнаў карыстальнікаў і сто тысячаў блогераў, толькі праз сеціва можна паразіць зло ў такіх маштабах: тут уваход не толькі дахаты, з дрыжачым ад фальшу голасам: «Выбары!..» — але і ў асабісты пакой да кожнага другога беларуса.

 

І беларускасць, і свабода, выцесненыя з рэальнасці, засяляюць сеціва. І ў Беларусі, і ў волі зараз нашмат больш агульнага з нябачнасцю, умоўнасцю, паветранасцю нэту, чым сённяшняй рэчаіснасцю.

 

Гэта — патэнцыял. Магчымасці весці і евангелізацыю, і беларусізацыю, і грамадзянскую адукацыю, і палітычную агітацыю — бяспрыкладныя.

 

Наведвальнасць незалежных навінавых сайтаў сувымерная з абсягамі афіцыйных СМІ — прычым як на нацыянальным, так і на мясцовым узроўнях. І магчымасць даць беларусу ачомацца, усвядоміць сябе тым, кім ён ёсць, як ні парадаксальна — найбольшыя цяпер менавіта тут.

 

Няўлоўнае электрамагнітнае поле інтэрнэту — аснова альтэрнатывы прымусова падпісаным газетам, чорным бэтэшным ды расейскім тэлескрыням, вечна цёплым ад сядзення начальніцкіх задоў крэслам на райвыканкамаўскіх нарадах, іерархіям органаў і кантроляў, працоўным кантрактам і нясплачаным крэдытам, колькіслойным кратам страху — усёй грувасткай і ржавай шматпавярховай сістэме клетак рэжыму.

 

Дзе яны, нашы Пятры і Андрэі, лаўцы чалавекаў?..

 

Дзе яны, нашы Навальныя?

 

Знайсці і злавіць беларуса, найвялікшага адмыслоўца ў майстэрстве хавацца ў бульбу!...

 

Галоўнае — не заблытацца ў сеціве самім.

 

Бо наша мэта — не «раскруціць» сябе, не распаліць яшчэ большую нянавісць да Лукашэнкі, а выцягнуць з мора страху, падману і ўсеагульнай хлусні як мага больш яшчэ жывых людзей, якія ўрэшце зменяць воляй і верай аблічча гэтай зямлі…

 

Так, як было паўсюль — з лёгкім, любоўным подыхам нябачнага і няўлоўнага Святога Духа.

Навіны па тэме