Незарэгістраваныя кандыдатамі сябры БХД падалі скаргі ў ЦВК

24.08.2012, 14:22  |  Галоўныя навіны, БХД, Палітыка

Менскія сябры аргкамітэту БХД Вольга Кавалькова і Марына Хоміч сёння падалі ў Цэнтральную выбарчую камісію РБ скаргі аб сваёй незаконнай нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Вольга Кавалькова таксама падала скаргу на незаконны друк бланкаў для галасавання, якія яна зафіксавала ў акруговай камісіі Шабаноўскай выбарчай акругі №91 за дзень да апошняга тэрміну рэгістрацыі кандытатаў.

 

Сябры БХД просяць адмяніць незаконныя рашэнні аб іх нерэгістрацыі, прынятыя акруговымі камісіямі на падставе быццам бы памылак у падатковых дэкларацыях, а юрыстка Вольга Кавалькова просіць правесці разбіральніцтва па факце незаконнага друку і знаходжання 22 жніўня ў акруговай камісіі Шабаноўскай выбарчай акругі №91 бюлетэня для галасавання са спісам толькі 4 кандыдатаў у дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў, хаця згодна з дзеючым заканадаўствам апошнім днём для рэгістрацыі кандыдатаў з'яўлялася 23 жніўня і ў незарэгістраваных кандыдатаў яшчэ ёсць час на абскаржванне адмоўнага рашэння акруговых камісіяў.

 

У інтэрв'ю прэс-службе БХД Вольга Кавалькова распавяла: "Сёння каля 13-30 мы занеслі заявы ў ЦВК, вельмі ветлівая жанчына зарэгістравала нашыя скаргі і сказала, што адказ на іх будзе ў самым хуткім часе, можа нават увечары. Але хутчэй за ўсё, гэта будзе простая фармальнасць. Улада баіцца байкоту, таму не рэгіструе кандыдатаў, якія даносяць да беларусаў гэтую пазіцыю. Факт знаходжання ўжо надрукаванага бюлетня ў выбарчай камісіі да афіцыйнай рэгістрацыі кандытатаў сведчыць, што на сённяші дзень "выбары ў Палату прадстаўнікоў" ужо адбыліся і "дэпутаты" ўжо прызначаныя. Я заклікаю усіх людзей, якім сталі вядомыя факты фальсікацыі, агалошваць іх, выкладваць у інтэрнэт і закідваць ЦВК сваімі скаргамі.".

Навіны па тэме