Меркаванне. Святлана Ўранава: не веру, што гэта немагчыма

31.08.2012, 10:44  |  Навіны » Грамадства

Прадстаўляем вашай увазе артыкул пра беларускую мову "чыстапароднай" чэшкі Святланы Ўранавай, які яна даслала ў рэдакцыю сайту Bchd.info.

 

Адпраўляюся ў падарожжа ў Польшчу. Перада мной – сустрэча з беларускімі хрысціянамі, якую чакаю з вельмі вялікім нецярпеннем! Сябры з найдаражэйшых, беларускія патрыёты, людзі, якія размаўляюць па-беларуску. Апошнім разам я​​ з імі была два гады таму. Тады я сама беларускую яшчэ не ведала і я была зачараваная асяроддзем, у якім я не чула рускую мову. Цяпер ужо беларускую трохі ведаю, таму з нецярплівасцю чакаю, што я змагу яе палепшыць. У радасным прадчуванні дарога праходзіць хутка, і я тут.

 

Вітанне, абдымкі, радасць, абед ... І затым першая агульная малітва. Мае вочы засціліся слязьмі, калі пасля такога доўгага часу чую беларускую малітву. Мы разам чытаем Біблію па-беларуску, а затым гаворым пра тое, што мы чыталі. Мне вельмі падабаецца магчымасць гаварыць на гэтай прыгожай мове!

 

Але што я чую? Мне здаецца, што ў словах маіх сяброў раз-пораз чутно рускае слова. Вывучаючы беларускую ў чэшскім асяроддзі, я не абцяжараная рускім уплывам. Маё вуха, падрыхтаванае мовай прафесійных журналістаў Белсату і іншых СМІ, адчувальнае да русізмаў. Але, у гэтым выпадку, мне гэта напэўна толькі здаецца? У рэшце рэшт, гэтыя мае сябры з’яўляюцца "найбольш беларускімі" беларусамі, якіх я ведаю! Аднак, праз некаторы час у мяне ёсць нават цэлы спіс “падазроных” слоў. Падчас перапынку ўжо не магу вытрымаць, і пытаюся: “Ці гэта сапраўды правільна па-беларуску? Ці гэта не русізм?” На жаль, падазрэнне змяняецца ва ўпэўненасць. Так, гэта русізмы. Паступова адкрываю, што мова маіх беларускіх “прыкладаў” русізмамі цалкам працятая.

 

У сэрца прабіраецца расчараванне і смутак. Апошнім часам я сустракала беларусаў, якія самі расейскамоўныя, толькі са мной імкнуліся размаўляць па-беларуску. Хутчэй за ўсё, мы вучылі адзін аднаго. Дык дзе я магу пачуць чыстую беларускую мову, калі нават тут, сярод гэтых людзей, няма такой магчымасці? Яны ж лічаць сябе захавальнікамі беларускіх каштоўнасцяў у нацыі. Заахвочваюць іншых да здаровага патрыятызму і выкарыстання беларускай мовы. Яны робяць для гэтага вельмі шмат, некаторыя ахвяруюць практычна ўсім. Адмаўляюцца пасылаць сваіх дзяцей у расейскамоўныя летнікі, каб не сапсаваць іхнюю беларускую мову, скардзяцца на ўзровень мовы ў беларускамоўных школах, крытыкуюць ўзровень роднай мовы ў дзяржаўных СМІ... А тады яны самі адкрываюць свае вусны – і да сваёй каханай, Богам дадзенай роднай мовы дамешваюць так шмат замежных слоў.

 

Але больш за ўсё мяне шакуюць іх тлумачэнні. Быццам бы, яны тут на вакацыях, таму і не павінны зважаць. Мабыць, я павіна зразумець, што ёсць розніца паміж беларускай літаратурнай і гутарковай мовай, і ў гутарковай цяжка ўтрымаць яе чысціню, калі ты знаходзішся ў рускамоўным асяроддзі. Нешта мне гэта нагадвае... Некаторыя беларускую не ведаюць і апраўдаюцца тым, што ў рускамоўным асяроддзі па-беларуску казаць нельга. Іншыя ведаюць беларускую вельмі добра, аднак апраўдваюцца гэтак жа. Чамусьці я ў гэтым ня бачу вялікай розніцы...

 

Душа ўва мне крычыць: НЕ, НЕ, НЕ! Сябры! Хто, калі не вы, хто беларускую мову сапраўды добра ведаеце, павінен ахоўваць яе чысціню – не важна, ці то на працы, ці то падчас адпачынку? Хто, калі не вы, павінен вучыць сваіх дзяцей (і замежнікаў, якія прагнуць навучання) правільнай чыстай мове, вольнай ад пабочных дамешак? Хто, калі не вы можа разбурыць міф пра тое, што ў рускамоўным асяроддзі нельга гаварыць (чыста) па-беларуску? Я з такім нецярпеннем чакала, што сярод вас удасканалю сваю мову! Але, прабачце мяне, я нарэшце пачала турбавацца тым, што, калі б я была з вамі даўжэй, я б заразілася вашымі моўнымі парокамі!

 

Жадаю вам і сабе, каб вы кінулі выклік вашаму камфорту і сталі больш сачыць за сваім ротам. Каб быць сапраўднымі ўзорамі. Каб сваіх дзяцей і людзей вакол вас вучыць сапраўднай беларускай мове. Дык, як вы, у рэшце рэшт, хочаце пераканаць сваіх рускамоўных блізкіх, што яны могуць пакінуць сваю звычку казаць на рускай і могуць прыняць рашэнне пачаць казаць па-беларуску? Як хочаце іх пераканаць, калі вы самі не хочаце вырашыць кінуць сваю звычку гаварыць на “размоўнай беларускай”, поўнай рускіх дамешак, і не хочаце прыняць рашэнне пачаць гаварыць правільна па-беларуску? У адрозненне ад тых, хто яшчэ не гавораць па-беларуску наогул, у вас усё прасцей. Таму што, вы, калі звернеце ўвагу, добра ведаеце, дзе робіце памылкі. Вам сапраўды патрэбна толькі жаданне і невялікае намаганне. Я малюся за вас, каб вы пачалі жадаць. Насамрэч, Бог учыняе ў людзях і хаценне і дзеянне. Я хачу верыць, што, калі мы сустрэнемся ў наступны раз, вашу прыгожаю мову ніякія “іншаземныя захопнікі” ўжо псаваць не будуць.

 

 

PS:

У сваім нядаўнім артыкуле я звярталася да беларускамоўных беларусаў, імкнучыся  захапіць іх пачаць карыстацца моваў продкаў. Сёння ж я звяртаюся да гэтай даволі невялікай групы беларусаў, што роднаю мову добра ведаюць і карыстаюцца ёй штодзень. У той час як для першых важна пачаць гаварыць у любы спасоб і не саромецца рабіць памылкі ў мове, у другіх важна, каб яны гаварылі на правільнай мове, даючы прыклад іншым.

 

Прашу прабачэння, калі я кагосьці пакрыўдзіла. Як перакладчык і карэктар, я імкнуся пільнаваць чысціну чэшскай мовы, абараняючы яе ад англіцызмаў, якія ў апошнія гады нашую прыгожаю мову атакуюць з небывалай сілай. Таму для мяне натуральна, каб рабіць тое ж самае таксама з іншай мовай, якую я люблю.

 

 

Беларускамоўная, аднак “чыстапародная” чэшка

Светлана Вранова

24.8.2012

Навіны па тэме