Абмеркаванне праграмы БХД. Актыўныя грамадзяне і свабода сумлення

31 жніўня 2012 15:06  |  Абмеркаванне праграмы БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

 

АКТЫЎНЫЯ ГРАМАДЗЯНЕ І СВАБОДА СУМЛЕННЯ


1. Актыўныя грамадзяне ў вырашэнні грамадскіх праблем

БХД зыходзіць з таго, што развітая грамадзянская супольнасць з’яўляецца гарантыяй паспяховага вырашэння сацыяльных праблем, дае магчымасць паменшыць дзяржаўную прысутнасць у розных сферах грамадскага жыцця за кошт самарганізацыі грамадзян і іх актыўнага ўдзелу ў жыцці супольнасцяў і грамадства ў цэлым. 

 

У нашым разуменні грамадзянская супольнасць – гэта сукупнасць формаў актывізму ў прасторы сацыяльных адносінаў, куды не ўваходзіць барацьба за палітычную ўладу, дзяржаўнае кіраванне і бізнэс. Такімі формамі актывізму з’яўляюцца адносіны паміж людзьмі, іх дзеянні, дамоўленнасці, формы ўзаемадачыненняў, якія маюць не прыватны, а сацыяльны характар. Такі актывізм часта набывае арганізаванасць у выглядзе фармальных і нефармальных грамадскіх арганізацыяў, ініцыятываў, рухаў і асацыяцыяў грамадзян.

 

Яны існуюць дзеля прадстаўніцтва і прасоўвання інтарэсаў шматлікіх сацыяльных груп, дзеля садзейнічання вырашэнню грамадскіх праблем, дзеля спрыяння самаарганізацыі грамадзян, укаранення ў грамадстве каштоўнасцяў плюралізму і дэмакратыі, дзеля вынаходніцтва новых ведаў, удзелу ў сацыялізацыі грамадзян, пашырэнні сацыяльнага капіталу ў грамадстве, аказання грамадска значных паслугаў.

 

БХД бачыць некалькі асноўных праблем, якія мы мусім вырашаць у грамадзянскай супольнасці і якія будуць захоўваць сваю актуальнасць і пасля падзення ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму. Дадзеныя праблемы з’яўляюцца асноватворнымі з пункта гледжання якаснага развіцця грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

Па-першае, перад беларускімі грамадскімі арганізацыямі стаіць неабходнасць дасягнення кансэнсусу па базавым каштоўнасцям як, напрыклад, дэмакратычны лад у дзяржаве, адраджэнне беларускай мовы, незалежнасць беларускай дзяржавы.

 

Па-другое, нізкая ступень грамадзянскай і палітычнай мабілізацыі насельніцтва, што звязана, у тым ліку, з моцнай унутранай ізаляванасцю, калі людзі самаадхіляюцца ад удзелу ў грамадскім жыцці, замкнёныя на самастойнае вырашэнне прыватных праблем, якія маюць сацыяльныя карані. Што тычыцца нізкай мабілізацыі насельніцтва, то гэта з’яўляецца галоўнай пагрозай развіцці дэмакратыі знізу. Мы разумеем, што пасля падзення аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, паспяховаць і хуткасць станаўлення дэмакратычных працэдур будзе залежыць ад палітычнай і грамадзянскай актыўнасці людзей і іх даверу да новых уладаў як на рэспубліканскім узроўні, так і на месцах.

 

2. Прадстаўніцтва інтарэсаў і трэці сектар

 

Мы імкнемся да стварэння плюралістычнай мадэлі прадстаўніцтва інтарэсаў, пры якой будуць свабодна выражацца і рэалізоўвацца самыя разнастайныя грамадскія інтарэсы. У дадзенай мадэлі інтарэсы рэалізоўваюца па прынцыпу сваёй значнасці, грамадскай падтрымкі і надзённасці, яны заўсёды носяць дынамічны характар і не адбываецца дысрэдытацыі ў прадстаўніцтве інтарэсаў.  

 

Інстытуцыі грамадзянскай супольнасці будуць прадстаўляць усю магчымую сацыяльную разнастайнасць, будуць мець магчымасць свабодна ўзнікаць і дзейнічаць.

Мы бачым неабходнасць фармавання мадэлі трохбаковага партнёрства паміж грамадзянскай супольнасцю, дзяржавай і бізнэсам дзеля ўстойлівага развіцця і вырашэння грамадскіх праблем. Пры чым такое партнёрства не азначае, што грамадзянская супольнасць стане правадніком дзяржаўнай палітыкі, палітычных інтарэсаў ці інтарэсаў бізнэса. Грамадзянская супольнасць у дачыненнях з дзяржавай і бізнэсам будзе раўнапраўным партнёрам. Нашае бачанне такога патнёрства грунтуецца на ўяўленні пра няздатнасць дзяржавы вырашаць усе грамадскія праблемы самастойна і абмежаванасць рынкавых адносін для сацыяльнай сферы грамадства. З гэтага вынікае зацікаўленасць абмежаванай дзяржавы і сацыяльна адказнага бізнэса ў сумеснай працы з грамадзянскай супольнасцю дзеля агульнага дабра.

 

У дзяржаўнай палітыцы ў розных галінах, у тым ліку ў сацыяльнай і моладзевай палітыцы ўрад будзе фармуляваць асноўныя кірункі, мэты і прыярытэты палітыкі, але ў яе рэалізацыі галоўная роля належыць паветам, мясцоваму самакіраванню, а таксама грамадскім арганізацыям. Частка сродкаў будзе размяркоўвацца ў паветах і на месцах сярод грамадскіх арганізацыяў, якія працуюць у сацыяльным сектары.

 

БХД выступае за свабоднае ўтварэнне грамадскіх арганізацыяў і іх рэгістрацыю заяўным прынцыпам. Кантролем над дзейнасцю грамадскіх арганізацыяў займаецца Міністэрства юстыцыі. Грамадская арганізацыя можа быць ліквідавана толькі па рашэнню суда ў выпадку грубага і сістэматычнага парушэння заканадаўства.

 

3. Царкоўныя арганізацыі і свабода сумлення

 

БХД разглядае свабоду сумлення як свабоду трымацца тых або іншых прынцыпаў, поглядаў і перакананняў, свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не вызнаваць ніякай. Згодна поглядам БХД, свабода сумлення з’яўляецца найважнейшым правам чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве. Свабода веравызнання палягае ў тым, што кожная канфесія мае права свабодна існаваць і развівацца у Беларусі, калі яна не парушае законы Рэспублікі Беларусь і не мае дэструктыўнага ўхілу. Дэструктыўнасць той ці іншай арганізацыі вызначаецца па прыкмеце парушэння правоў асобы, пагрозы здароўю, жыццю чалавека, фінансавым махінацыям, махлярствам, рабаўніцтву, вымагальніцтву і эксплуатацыі чалавека.  

 

Кожны чалавек мае права выбіраць форму вызнання той або іншай рэлігіі публічна ці патаемна, аднаасобна ці сумесна з іншымі людзьмі. Не павінна існаваць ніякіх абмежаванняў свабоднаму распаўсюду рэлігійных поглядаў і перакананняў. Кожны чалавек павінен мець права на вольнае навучанне асновам выбранай ім рэлігіі, мець права на вольныя рэлігійныя аб’яднанні і царкоўныя суполкі.

 

Царкоўныя арганізацыі таксама як і грамадскія арганізацыі павінны мець магчымасць свабодна ўзнікаць і дзейнічаць. БХД выступае за рэгістрацыю царкоўных суполак заяўным прынцыпам. Недапушчальна любое ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы царкоўных арганізацыяў, за выключэньнем выпадкаў, калі маюць месца парушэнні закону. Царкоўныя арганізацыі павінны мець ўсе правы грамадскіх арганізацыяў, як, напрыклад, права юрыдычнай асобы, права на фінансавыя сродкі і ўласнасць.

 

Царкоўныя арганізацыі акрамя ўласна рэлігійнай дзейнасці могуць ажыццяўляць і царкоўна-сацыяльную актыўнасць – дабрачынныя акцыі і мерапрыемтсвы, нядзельныя школы і царкоўныя пачатковыя школы, удзельнічаць у ажыццяўленні сацыяльнай палітыкі ў якасці суб’екта нароўні з грамадскімі арганізацыямі.  

 

БХД лічыць неабходным забяспечыць наступныя правы царкоўных суполак:

*     права на публічныя пропаведзі і набажэнствы;

*     права на выкладанне рэлігіі ў дзяржаўных і прыватных навучальных установах на аснове роўнасці і добраахвотнасці;

*     права на выданне, куплю і продаж рэлігійнай літаратуры, часопісаў і газетаў;

*     права на карыстанне сродкамі масавай інфармацыі, радыё і тэлебачаннем;

*     права на дабрачынную дзейнасць і збор ахвяраванняў, гэтак жа як і на іншыя формы гаспадарчай і фінансавай дзейнасці, якія не супярэчаць закону;

*     права на місіянерскую дзейнасць і на арганізацыю паломніцтва вернікаў да святых мясцінаў;

*     права на ўтварэнне дзіцячых рэлігійных таварыстваў пры абавязковым захаванні прынцыпу добраахвотнасці;

*     права на роўныя і справядлівыя адносіны з боку дзяржавы пры аказанні матэрыяльнай або іншай дапамогі з абавязкам устрымання ад непасрэднага ўмешвання ў справы дзяржавы;

*     права на садзейнічанне з боку дзяржавы пры вяртанні і аднаўленні канфіскаваных або разбураных святыняў і пабудоваў, што належалі рэлігійным арганізацыям;

*     права на рэабілітацыю бязвінна рэпрэсаваных вернікаў, як святароў, так і міранаў, з абавязковай кампенсацыяй канфіскаванай маёмасці і прызначэннем адпаведнае пенсіі і іншай дапамогі;

*     права на судовую абарону законных правоў і інтарэсаў вернікаў;

*     права на асабісты характар рэлігійных перакананняў ці іх адсутнасць з забаронаю прымусовага атрымання звестак аб рэлігійных перакананнях грамадзянаў;

*     права на вольную змену сваіх рэлігійных перакананняў без ганенняў за гэта з боку дзяржавы альбо рэлігійных арганізацыяў.

Болей навін