Абмеркаванне праграмы БХД. Нацыянальная бяспека, сілавыя структуры і войска

31 жніўня 2012 15:21  |  Абмеркаванне праграмы БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

 

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ БЯСПЕКА, СІЛАВЫЯ СТРУКТУРЫ І БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА

 

1. Выклікі сучаснага свету

 

Ваенная пагроза на працягу гісторыі з’яўлялася галоўным выклікам існавання дзяржавы і дабрабыту яе народу. Пагроза ваенных канфліктаў і сёння застаецца актуальным пытаннем, але акрамя яе у сучасным свеце набылі распаўсюд і іншыя выклікі, якія пагражаюць дзяржаўнай незалежнасці, нацыянальнай бяспецы і грамадскай стабільнасці.

 

Пагроза суверэнітэту. Мы разумеем наш дзяржаўны суверэнітэт як верхавенства беларускіх законаў і дзяржаўнай волі, якую рэалізуюць палітыкі, абраныя беларускім народам, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму законы і дзяржаўная воля мусяць быць накіраваныя на абарону дзяржаўнага суверэнітэту ад знешняга ўмяшальніцтва і навязвання чужых інтарэсаў. Мы лічым, што для беларускага народу нацыянальная дзяржаўнасць і незалежнасць з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, таму БХД будзе заўсёды выступаць у абарону дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

 

З’яўляючыся ўдзельнікам інтэграцыйных працэсаў, Беларусь натуральна дэлегуе частку свайго суверэнітэту наднацыянальным органам. Гэта неад’емная з’ява сучасных міжнародных адносінаў і ўзамен на гэта дзяржавы атрымоўваюць карысць ад удзелу ў розных інтэграцыйных працэсах. Аднак БХД выступае супраць тых інтэграцыйных праектаў, якія стратэгічна небяспечныя існаванню беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту Беларусі.

 

Складовай часткай пагрозы суверэнітэту з’яўляецца пагроза эканамічнага суверэнітэту, якая заключаецца ў паступовым усталяванні замежнымі эканамічнымі суб’ектамі свайго кантролю над стратэгічнымі прадпрыемствамі і галінамі прамысловасці Беларусі. Удзел замежнага капіталу ў беларускай эканоміцы з’яўляецца безумоўнай карысцю і БХД будзе забяспечваць самыя лагодныя ўмовы для замежных інвестараў і будзе вітаць прыход у Беларусь буйнога замежнага капіталу. Аднак намі разглядаецца непрымальнымі спробы замежных дзяржаў або замежных эканамічных суб’ектаў праз эканамічны ціск здабыць у Беларусі для сябе асаблівыя прэферэнцыі ці дамагціся своекарыслівых мэтаў, якія супярэчаць інтарэсам беларускай дзяржавы. Такая дзейнасць з’яўляецца парушэннем прынцыпа свабоднай канкурэнцыі, разглядаецца намі як варожая і патрабуе спынення і адэкватнага рэагавання.

 

Тэрарызм. Тэрарыстычная пагроза ахапіла ўсе часткі свету і ў многіх краінах рэгулярна адбываюцца тэракты, якія забіваюць і калечаць мірных жыхароў, сеюць хаос і наносяць эканамічныя страты. На вялікі жаль тэрарыстычная пагроза не абмінула і Беларусь. Небяспека, якая сыходзіць ад тэрарызму заключаецца ў вялікім дэстабілізуючым патэнцыяле гэтай з’явы, а таксама прымяненнем новых сродкаў для масавых атак, у тым ліку і зброі масавага знішчэння. Усведамляючы ўсю небяспеку ад тэрарыстычнай пагрозы, БХД выступае за сістэмныя рашэнні для прадухілення тэрактаў у Беларусі. Яны звязаныя з увядзеннем сучасных тэхналогіяў для барацьбы з тэрарызмам, развіццём аналітычнай складаючай у працы органаў нацыянальнай бяспецы, павышэннем кваліфікацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, усталяваннем шчыльнага міжнароднага партнёрства для каардынацыі дзеянняў з іншымі краінамі.

 

Акрамя дзейнасці для прадухілення тэрактаў у Беларусі неабходна супрацьдзейнічаць выкарыстанню тэрыторыі Беларусі для транспартыроўкі, людзей, рэчываў і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці. Беларусь павінна абмежаваць парнёскія і дзяржаўныя кантакты з тымі палітычнымі рэжымамі, якія падтрымліваюць тэрарыстычныя групоўкі.

 

Інфармацыйная бяспека і кіберзлачыннасць. На сённяшні дзень інфармацыя паміж людзьмі, краінамі і кантынентамі перамяшчаецца за секунды. Усё чалавецтва аб’яднана агульнай інфармацыйнай прасторай, якой з’яўляецца інтэрнэт. Гэта абсалютна новая з’ява, якая існуе толькі некалькі дзесяцігоддзяў, але развіццё інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў адбываецца настолькі імкліва, што ўсё новыя сферы грамадскага і асабістага жыцця чалавека прымаюць гэтую з’яву. Інтэрнэт і сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі даюць каласальныя магчымасці для развіцця асобы, атрымання адукацыі, зносін паміж людзмі, працы, арганізацыі адпачынку і г.д. БХД выступае за свабоднае функцыянаванне інтэрнэту, існавання свабоднай канкурэнцыі ў галіне прадастаўлення інтэрнэт-паслуг. Аднак намі ўсур’ёз успрымаецца небяспека, якая сыходзіць ад злачыннасці ў інтэрнэт-прасторы. Гандаль забароненымі матэрыяламі, наркотыкамі, людзьмі, парушэнні правоў чалавека, кібератакі, махлярствы і фінансавыя злачынствы ў інтэрнэт-прасторы – гэта адны з тых праблем, якія патрабуюць кампетэнтнага адказу. БХД прапаноўвае стварыць у структуры Мінстэрства ўнутраных спраў адмысловую кіберпаліцыю, у кампетэнцыю якой будзе ўваходзіць расследаванне, прадухіленне і барацьба са злачынствамі ў інтэрнэт-прасторы і з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.

 

Незаконная міграцыя. БХД бачыць Беларусь адкрытай краінай, якая добразычліва і з павагай ставіцца да замежных грамадзян, якія наведваюць нашу краіну. Але нестабільнасць, войны, сацыяльныя праблемы, палітычны пераслед прымушаюць тысячы людзей з праблемных краін шукаць іншыя месцы для жыцця. Мы са спачуваннем і разуменнем ставімся да праблем імігрантаў і гатовыя аказаць пасільную дапамогу на міжнародным узроўні ў вырашэнне праблем вымушаных перасяленцаў. Мы таксама гатовыя забяспечваць прытулак для некаторых катэгорыяў замежных грамадзян, але ў абмежаваным аб’ёме і строга ў адпаведнасці з будучым міграцыйным заканадаўствам.  БХД выступае катэгарычна супраць незаконнай іміграцыі ў Беларусь і будзе прымаць усе захады на нацыянальным і міжнародным узроўні, каб прадухіліць незаконнае перасяленне ў Беларусь замежных грамадзян.

Некантралюемая іміграцыя пагражае стабільнасці сацыяльнай сістэмы – накладае цяжар на ўстановы медыцыны і адукацыі, пагражае распаўсюдам злачыннасці і цяжкіх захворванняў. Дзяржава мусіць прымаць меры па сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі імігрантаў у беларускае грамадства, што магчыма рабіць толькі ва ўмовах кантралюемага і законнага перасялення замежных грамадзян у Беларусь. БХД лічыць неабходным процідзейнічаць стварэнню моцных этнічных супольнасцяў на аснове кампактнага пражывання з ліку імігрантаў – гэта становіцца перашкодай да інтэграцыі імігрантаў у беларускае грамадства, пераймання культурных традыцяў, грамадскіх нормаў і моваў беларускага народу.

 

Атрыманне беларускага грамадзянства перасяленцамі мусіць быць абумоўлена працяглым пражываннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (5-7 гадоў), плённай працай, сацыяльнай бяспечнасцю, веданнем беларускай мовы і гісторыі.    

 

2. Канфігурацыя органаў нацыянальнай бяспекі і сілавых структур

 

2.1. Да органаў нацыянальнай бяспекі адносяцца: Рада нацыянальнай бяспекі, Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, Служба нацыянальнай варты.

 

Рада нацыянальнай бяспекі дзейнічае пры Прэзідэнце і займаецца пытаннямі ваеннага, палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага характару, звязанымі з нацыянальнай бяспекай. У Раду нацыянальнай бяспекі ўваходзяць Прэзідэнт, Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, Прэм’ер-міністр, Міністр замежных спраў, Міністр абароны, Старшыня Службы нацыянальнай варты, Міністр унутраных спраў, Спікер Сойму, Старшыня Сенату і іншыя дзяржаўныя службоўцы, удзел якіх абумоўлены павесткай дня Рады нацыянальнай бяспекі.

 

Рада нацыянальнай бяспекі мае свой апарат, у які ўваходзяць спецыялісты і аналітыкі з адпаведных галін. Рада нацыянальнай бяспекі з’яўляецца адным з ораганаў, які займаецца выпрацоўкай замежнай палітыкі, акрамя таго Рада нацыянальнай бяспекі займаецца аналітычнай дзейнасцю, накіраванай на дапамогу прыняцця Прэзідэнтам ключавых рашэнняў па пытанням знешняй палітыкі, нацыянальнай стратэгіі і ваеннай дактрыны.      

 

Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы ўзначальвае Раду нацыянальнай бяспекі, удзельнічае ў выпрацоўцы знешняй палітыкі, нацыянальнай стратэгіі і ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь, інфармуе Прэзідэнта пра развіццё і стан мерапрыемстваў па нацыянальнай бяспецы, займаецца ажыццяўленнем рашэнняў Рады нацыянальнай бяспекі, каардынуе мерапрыемствы па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі розных дзяржаўных ораганаў.

 

Служба нацыянальнай варты з’яўляецца спецыяльным органам, які займаецца практычнай дзейнасцю па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі ў розных галінах, барацьбой з тэрарызмам, экстрэмізмам, супрацьдзейнічае разведвальнай дзейнасці іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі, зборам разведвальнай інфармацыі ў інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, забеспячэннем бяспекі дзяржаўнай інфармацыі і мерапрыемствамі па ахове службовых асобаў. Кандыдатуру Старшыні Службы нацыянальнай варты ўносіць Прэзідэнт на зацвярджэнне Сенатам Рэспублікі. У сваёй дзейнасці Служба нацыянальнай варты падсправаздачна парламенту Рэспублікі Беларусь. Служба нацыянальнай варты знаходзіцца па-за межамі палітычнай барацьбы і не павінна выконваць функцыі палітычнай паліцыі. У структуры Службы нацыянальнай варты будзе ўтвораны аналітычны цэнтр, які стане інтэлектуальнай складаючай практычнага забеспячэння нацыянальнай бяспекі.  

 

2.2. Міністэрства ўнутраных спраў узначальвае Міністр унутраных спраў, які з’яўляецца палітычнай фігурай. Міністр унутраных спраў вызначаецца правячай партыяй альбо правячай кааліцыяй, якая мае большасць у Сойме – ніжняй палаце беларускага парламента. Міністэрства ўнутраных спраў павінна забяспечваць надзейную ахову правоў і свабод грамадзян, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ад злачынных замахаў, своечасовае выяўленне злачынстваў і прыцягненне вінаватых да адказнасці, ахову грамадскага парадку. У структуру МУС уваходзяць наступныя органы:

*                 Крымінальная паліцыя – займаецца прадухіленнем, барацьбой і папярэднім расследаваннем / дазнавальніцтвам цяжкіх злачынстваў, карупцыі, эканамічных злачынстваў і г.д.

*                 Упраўленне па барацьбе з незаконным зваротам наркотыкаў.

*                 Кіберпаліцыя – займаецца расследаваннем злачынстваў у інтэрнэт-прасторы і з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.

*                 Экалагічная паліцыя – займаецца расследаваннем злачынстваў у галіне прыродаахоўнага і экалагічнага заканадаўства.

*                 Паліцэйскія сілы хуткага рэагавання, паліцэйскі спецназ і групы антытэрор.

 

На рэгіянальным узроўні павятовая паліцыя займаецца забеспячэннем грамадскага парадку, недапушчэннем і прафілактыкай крымінальных злачынстваў, расследаваннем менш значных злачынстваў, аховай грамадскай і прыватнай маёмасці, рэгуляваннем дарожнага руху і разбіральніцтвам дарожна-транспартных здарэнняў. Кіраўнікі павятовай паліцыі ўваходзяць у склад адміністрацыі Старасты павятовага.

 

3. Беларускае войска

 

Беларусь з’яўляецца мірнай дзяржавай, нікому не пагражае і будуе свае адносіны з суседзямі і ўсімі краінамі на партнёрскай аснове. Беларусь не мае тэрытарыяльных прэтэнзіяў ні да адной краіны і нікому не пагражае.

 

Мы зыходзім з таго, што канфлікты і супярэчнасці павінны вырашацца дыпламатычнымі мірнымі захадамі. Але дзеля гарантыі ўласнага суверэнітэту і незалежнасці, Беларусь павінна мець баяздольнае і добраўзброеннае войска. Сучасныя войны вядуцца невялікімі мабільнымі арміямі з прымяненнем высокатэхналагічных узбраенняў. Таму беларуская армія мусіць адпавядаць сучасным патрабаванням ваеннай стратэгіі і тактыцы.

 

БХД прапаноўвае усталяваць колькасць беларускай арміі на ўзроўні 65 тыс. чалавек. Фармаванне арміі будзе адбывацца як на прафесійнай аснове, так за кошт прызыву тэрмінам на 6 месяцаў. Падчас праходжання тэрміновай ваеннай службы будзе зроблены ухіл менавіта на ваеннай падрыхтоўцы: навучанне ваеннай справе, рэгулярныя і частыя стрэльбы, правядзенне часткі службы ў палявых умовах. Усе аспекты тэрміновай службы, якія не тычацца прафесійнай падрыхтоўкі ваенных, будуць ліквідаваныя.

 

Будзе дадзена магчымасць у поўнай меры рэалізаваць канстытуцыйнае права на альтэрнатыўную службу. Грамадзяне, якія з-за рэлігійных, пацэфісцкіх ці з-за іншых абгрунтаваных перакананняў не могуць прайсці 6 месячную ваенную падрыхтоўку, будуць мець права на альтэрнатыўную службу.

 

Праблема “дзедаўшчыны” або нестатутных адносінаў будзе вырашана кардынальна – кароткі 6-месячны тэрмін праходжання тэрміновай службы ў сукупнасці з паасобнай службай кожнага набору прызыўнікоў і адказнасцю афіцэраў за нестатутныя адносіны.  

 

Будуць ліквідаваныя ўнутраныя войскі, як асобная структурная адзінка вайскавога тыпу ў складзе Міністэрства ўнутраных спраў. Сілы спецыяльнага прызначэння і хуткага рэагавання застануцца ў складзе МУС. Часткова функцыіі, якія сёння выконваюць унутраныя войскі па падтрыманню канстытуцыйнага парадку і тэрытарыяльнай абароне будуць перададзеныя новаму вайсковаму ўтварэнню – Беларускаму Нацыянальнаму Легіёну.

 

Беларускі Нацыянальны Легіён – элітны касцяк беларускай арміі. Будзе фармавацца на прафесійнай аснове і яго колькасць будзе складаць каля 20 тыс. чалавек. Беларускі Нацыянальны Легіён будзе грунтавацца на беларускім патрыятызме і нацыянальным духу, як надзейная гарантыя незалежнасці Беларусі. Беларускі Нацыянальны Легіён будзе забяспечаны самымі лепшымі ўзорамі сусветнага ўзбраення, у ім будзе падтрымлівацца высокі баявы дух і прафесійны ўзровень. Мэтазгодна, каб менавіта сілы Легіёна выкарыстоўваліся ў міратворчых аперацыях пад эгідай ААН.

 

У структуры Беларускага Нацыянальнага Легіёна будуць пяхотныя, бранетанкавыя, ваенна-дэсантныя, ваенна-паветраныя, тылавыя, медычныя адзінкі, а таксама ваенны спецназ. Размяшчэнне пяхотных батальёнаў будзе аснована на тэрытарыяльным прынцыпе.

 

Беларускім вайскоўцам будзе забяспечаны высокі заробак і ўсе сацыяльныя гарантыі, у тым ліку бясплатнае служэбнае жыллё з правам атрымання яго ва ўласнасць.

Болей навін