Абмеркаванне праграмы БХД. Сацыяльная палітыка

31.08.2012, 15:29  |  Абмеркаванне праграмы БХД, БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з'ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

 

CАЦЫЯЛЬНАЯ ПАЛІТЫКА НАРОДНЫ ДАБРАБЫТ

 

Сацыяльная палітыка БХД накіравана на паляпшэнне жыццёвых шанцаў людзей і іх суіснавання ў грамадстве. Спалучэнне асабістай адказнасці, дзяржаўных паслуг і грамадзянскай актыўнасці з’яўляецца неабходным для гарантавання сацыяльнай бяспекі.

 

Падчас фармавання сістэм сацыяльнай абароны мы павінны арыентавацца на тры прынцыпы: яны павінны замацоўваць прынцып асабістай адказнасці, адпавядаць прынцыпу салідарнасці пакаленняў і не парушаць прынцып справядлівасці паслуг. Сістэмы сацыяльнага страхавання павінны ўлічваць розныя патрэбы, жыццёвыя сітуацыі і этапы жыцця чалавека.

 

Мы выступаем за ўзмацненне канкурэнцыі, празрыстасці, эфектыўнасці, дэцентралізацыі і прынцыпу субсідыярнасці ва ўсіх сістэмах сацыяльнага страхавання.

 

Фінансавай базай сацыяльнай абароны БХД бачаць адмысловыя пазабюджэтныя дзяржаўныя фонды – Пенсійны фонд, Фонд сацыяльнага страхавання на выпадак часовай непрацаздольнасці, мацярынства і няшчасных выпадкаў і Дзяржаўны фонд медыцынскага страхавання і рэгіянальныя фонды абавязковага медыцынскага страхавання.

 

Рашэнне задачаў сацыяльнага забеспячэння і медычнага абслугоўвання павінна быць максімальна набліжана да жыхароў краіны. БХД лічыць неабходным павялічыць ролю мясцовых самакіраванняў і прафсаюзаў у пытаннях сацыяльнага забеспячэння, а ў пытаннях аховы здароўя – рэгіянальнай адміністрацыі і самакіравання.

 

1. Пенсійная сістэма

 

Існуючая ў Беларусі пенсійная сістэма вычарпала сябе і ўжо зараз не можа забяспечваць годнага існавання грамадзян пенсійнага ўзросту. Дэмаграфічны крызіс і старэнне насельніцтва, якія няўхільна прагрэсуюць у Беларусі, абумоўліваюць адыход ад аднаўзроўневай размеркавальнай пенсійнай сістэмы.

 

БХД бачыць паляпшэнне ўзроўню жыцця грамадзян пенсійнага ўзросту і непрацаздольных грамадзян за кошт спалучэння абавязковага і дадатковага добраахвотнага пенсійнага страхавання, размеркавальных і накапляльных механізмаў фінансавання.

 

Найлепшым для Беларусі шляхам па ўдасканаленню пенсійнай сістэмы з’яўляецца ўвядзенне  трохузроўневай сістэмы. Яна спалучае, з аднаго боку, салідарнасць пакаленняў, а з другога – асабістую зацікаўленасць кожнага чалавека ў забеспячэнні сваёй будучыні. 

 

Першы ўзровень пенсійнай сістэмы складаюць сацыяльныя пенсіі, другі – працоўныя (страхавыя) і трэці – дадатковыя недзяржаўныя пенсіі. 

 

Сацыяльныя пенсіі гарантуюцца дзяржавай. Сродкі на першую ступень паступаюць у выглядзе адмысловых унёскаў наймальнікаў і прадпрымальнікаў у дзяржаўны Пенсійны фонд.

 

Памер гэтай часткі пенсіі адпавядае пражытковаму мінімуму альбо пэўнай частцы ад сярэдняга заробку па краіне.

 

Другая ступень уяўляе накапляльную сістэму, якая прадугледжвае персанальныя рахункі ў Накапляльным фондзе як частцы дзяржаўнага Пенсійнага фонду. Выплаты ў Накапляльны фонд паступаюць як ад дзяржавы, так і прыватных асоб. Накапляльны фонд скіроўвае свае сродкі ў каштоўныя паперы і іншыя фінансавыя інструменты для атрымання прыбытку.

 

Прыбыткі Фонда накіроўваюцца на выплату другой накапляльнай  часткі пенсіі. Пасля смерці пенсіянера рэшту яго назапашванняў у Накапляльным фондзе атрымліваюць яго спадкаемцы. Накапляльны фонд уключае ў сябе таксама прафесійнае пенсійнае страхаванне асобных катэгорый работнікаў. 

 

Трэці ўзровень уяўляе сабой дадатковую і дабраахвотную частку пенсійнай сістэмы. Грамадзяне могуць ствараць дадатковыя накапленні для сваёй будучай пенсіі, робячы ўнёскі ў прыватныя пенсійныя фонды. Грашовыя сумы, сплочваемыя ў прыватныя фонды, інвестуюцца ў каштоўныя паперы, акцыі і іншыя інвестыцыйныя праекты. Заробленыя дывідэнды павялічваюць выплочваемыя суммы першай і другой ступені Пенсійнага фонда.

 

Сацыяльныя віды пенсій па інваліднасці, па догляду, па адсутнасці карміцеля павінны адпавядаць памеру пражытковага мінімуму па краіне. 

 

Пенсійная рэформа праводзіцца адначасова з рэформамі ў іншых сферах эканомікі. Неабходным з’яўляецца забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты і нізкага ўзроўню інфляцыі, стварэнне развітага ўнутранага фінансавага рынку і фармаванне інстытуцыйнай базы сістэмы назапашвання, а менавіта кіруючых кампаній, дэпазытарыяў, кантралюючых і наглядных органаў.

 

Сённяшнія пенсіянеры зрабілі вялікі ўнёсак у стварэнні нацыянальнага багацця нашай краіны. Яны не могуць быць пазбаўлены магчымасці атрымання сваёй долі ў размеркаванні прыбыткаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.

 

БХД выступае за:  

*     стварэнне Накапляльнага пенсійнага фонду і персанальных накапляльных рахункаў, на якія работнікі адлічваюць да 6,5% свайго заробку;

*     перадачу ў Накапляльны пенсійны фонд не менш за 25% акцый буйных дзяржаўных прадпрыемстваў або 25% сродкаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці;

*     паступовае пераразмеркаванне абавязковай страхавой нагрузкі паміж працадаўцам і работнікам;

*     удасканаленне механізму стымулявання больш позняга выхаду на пенсію;

*     спрыянне прысутнасці сталых людзей на рынку працы;

*     выраўноўванне ўзросту выхаду на пенсію для мужчын і жанчын да 60 год з 2020 года і да 2025-2028 гадоў да 63 год;

*     фінансаванне датэрміновых пенсій за кошт мэтавых унёскаў працадаўцы;

*     развіццё прыватных пенсійных інвестыцыйных фондаў;

*     аднясенне страхавых унёскаў па страхаванню дадатковых пенсій на сабекошт пры адлічэнні як у дзяржаўныя, так і недзяржаўныя пенсійныя фонды;

*     сістэму надбавак да пенсіі асобам, якія маюць не менш за двух дзяцей;

*     заканадаўчае рэгуляванне сістэмы пажыццёвай рэнты.

 

2. Сістэма аховы здароўя і медыцынскае страхаванне

 

БХД імкнецца, каб і надалей у Беларусі – незалежна ад даходаў, узроста і рызыкі – кожны чалавек атрымліваў якаснае, набліжанае да месца пражывання медыцынскае забеспячэнне.

 

З увагі на дэмаграфічныя змены і медыцынскі і медыка-тэхнічны прагрэс павінны развівацца структура, арганізацыя і фінансаванне беларускай медыцыны.

 

Для паляпшэння фінансавання нашай медыцыны мы лічым неабходным паступовы пераход ад бюджэтнага фінансавання медыцыны да сістэмы абавязковага і добраахвотнага медыцынскага страхавання, стварэння роўных умоў для дзяржаўных і прыватных медыцынскіх устаноў.

 

Фонд абавязковага медыцынскага страхавання павінен быць перададзены дзяржаўным страхавым кампаніям. Сродкамі добраахвотнага медыцынскага страхавання могуць кіраваць як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя страхавыя кампаніі.

 

Мы бачыць неабходнасць правядзення рэформы першаснай тэрапеўтычнай дапамогі з увядзеннем такіх інстытутаў, як сямейныя дактары і прыватныя медыцынскія кабінеты першага (нізавога) ўзроўню медыцынскай дапамогі.

 

Кожны чалавек нясе адказнасць і зацікаўлены ў захаванні свайго здароўя і папярэджанні захворванняў. Важным крокам да ўзмацнення асабістай адказнасці, прафілактыцы і падтрыманню здароўя грамадзян з’яўляецца пашырэнне механізму суплацяжоў за медыцынскія паслугі. Узровень суплацяжоў чалавека за медыцынскія паслугі павінен залежаць ад ўзроўню яго даходаў.

 

Рэфармаванне на макаўзроўні павінна пачынацца з рэформаў кіравання сістэмай аховы здароўя, абароны навакольнага асяроддзя і сацыяльнай абароны насельніцтва. БХД лічыць неабходным інтэграцыю службаў аховы здароўя і сацыяльнай абароны шляхам стварэння Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага развіцця.

 

Беларуская сістэмы аховы здароўя павінна імкнуцца да дэцэнтралізацыі сваіх структур і асноўвацца на прынцыпах плюралізма і самакіравання.

 

БХД выступае за:

*     вызначэнне дакладных дзяржаўных абавязацельстваў у дачыненні да відаў і аб'ёмаў медыцынскай дапамогі насельніцтву. Гэта прадугледжвае ўвядзенне базавага набору медыцынскай дапамогі за кошт абавязковага медыцынскага страхавання;

*     прырост выдаткаў на ахову здароў на 1,5% ад ВУП кожныя 2-3 года і давядзенне гэтага паказніка да 10-12% ад ВУП;

*     адлічэнне ў фонд абавязковага медыцынскага страхавання сродкаў ад абарота спіртных напояў, табачных вырабаў, гульнявога бізнесу, штрафаў за экалагічныя парушэнні;

*     падатковыя льготы для сацыяльна адказных кампаній;

*     увядзення празрыстага механізму суплацяжоў насельніцтва пры аказанні медыцынскай дапамогі: набыццё хворымі лекаў, харчаванне за свой ​​кошт, выкарыстанне асабістай пасцельнай бялізны і посуду ў стацыянары. Суплацяжы, якія ўносіць грамадзянін за год, не павінны перавышаць сумы мінімальнага месячнага заробку па краіне. 

*     вызначэнне ўрадам ліміту росту выдаткаў на стацыянарную дапамогу;

*     увядзення інстытуту сямейных дактароў; 

*     папраўкі ў дзеючае падатковае заканадаўства, якія прадугледжваюць вылік асабістых выдаткаў на медыцынскую дапамогу з базы падаткаабкладання пры вылічэнні падаходнага падатку.

*     інфармацыйную сістэму маніторынга дзяржаўных гарантый у галіне аховы здароўя разам са стварэннем для гэтых мэтаў адмысловага центра - Цэнтральнага НДІ арганізацыі і інфарматызацыі аховы здароўя.

*     забарону адкрыцця платных кабінетаў пры бюджэтных паліклініках;

*     адкрыццё медыцынскіх прадпрыемстваў гаспадарча-разліковай формы;

*     увядзенне свабоднага цэнаўтварэння для арганізацый, якія не фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэта. 

*     маніторынг коштаў на платныя медыцынскія паслугі дзяржавай шляхам паведамляльнага характару ​​рэгістрацыі прэйскурантаў коштаў;

*     замацаванне «падатковага выліку» як у выпадку набыцця поліса добраахвотнага страхавання па кампенсацыі медыцынскіх выдаткаў, так і пры непасрэднай аплаце за лячэнне ў касу медыцынскай арганізацыі.

*     льготы арганізацыям і асобам, якія займаюцца медыцынскай дабрачыннасцю;

*     стварэнне «пазітыўных» і «негатыўных» спісаў лекаў, выдаткі на набыццё якіх пакрываюцца ці не пакрываюцца дзяржавай за кошт медыцынскай страхоўкі, выкарыстанне лекаў-джэнэрыкаў;

*     стварэнне фармулярнай сістэмы лекавых сродкаў;

*     ажыццяўленне механізму дэцентралізацыі сістэмы забеспячэння лекамі;

*     гарманізацыю заканадаўства ў сферы лекавага звароту і фармацэўтычнай дзейнасці з міжнароднымі дакументамі;

*     ўзмацненне дзяржаўнай падтрымкі айчыннай медыцынскай і фармацэўтычнай прамысловасці з мэтай зніжэння дэфіцыту айчынных і высокіх коштаў імпартных лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння;

*     удасканаленне структуры санітарна-эпідэмічнай службы шляхам узбуйнення устаноў, стварэння міжмуніцыпальных і міжрэгіянальных лабараторных цэнтраў і цэнтраў Дзяржэпіднагляду;

*     павелічэнне грамадскага ўдзелу ў фармаванні прыярытэтнасці здаровага ладу жыцця і прапаганды медыцынскіх ведаў як асновы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва;

*     накіраванне эканоміі сродкаў на развіццё аховы здароўя і матэрыяльнае стымуляванне працы медыцынскіх работнікаў.

 

3. Страхаванне па часовай непрацаздольнасці, мацярынству і няшчасных выпадках

 

Сродкі на страхаванне па часовай непрацаздольнасці, мацярынству і няшчасных выпадках павінны акумулявацца ў пазабюджэтным Фондзе сацыяльнага страхавання Рэспублікі Беларусь (ФСС). ФСС бачыцца як самастойная дзяржаўная фінансава-крэдытная установа. Каардынацыя дзейнасці ФСС павінна ажыццяўляцца Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Рэспублікі Беларусь з ўдзелам агульнабеларускіх аб’яднанняў прафсаюзаў і мясцовых самакіраванняў.

 

У разглядзе спраў і размеркаванні сацыяльнай дапамогі на нізавым узроўні павінны актыўна ўдзельнічаць муніцыпальныя камісіі з прадстаўнікоў мясцовых самакіраванняў і грамадскіх арганізацыяў. Прафесійныя саюзы павінны кантраляваць выдаткі і ўдзельнічаць у фармаванні сацыяльнай палітыкі па санаторна-курортнаму лячэнню і аздараўленню дарослага насельніцтва і дзяцей.

 

БХД лічыць неабходным узмацненне высілкаў дзяржавы па падтрымцы сям’і ў межах адмысловай дзяржаўнай праграмы «Сямейны капітал». Сямейны капітал павінен ісці на атрыманне адукацыі дзіцяці, паляпшэнне жыллёвых умоў сям'і і фармаванне накапляльнай часткі працоўнай пенсіі бацькоў.

 

Дапамога па догляду за дзецьмі павінна даваць магчымасць і мужчынам і жанчынам сумяшчаць працоўнае жыццё з сямейным. Тэрмін выплаты дапамогі можа дзяліцца паміж абодвума бацькамі пароўну.

 

Аліменты на дзіця, чые бацькі не пражываюць разам, павінны выплочвацца з ФСС. Памер аліментаў на кожнае дзіця павінен быць не меншы за мінімальны пражытковы ўзровень. Сума аліментаў, часткова або цалкам, павінна спаганяцца з асобы, якая нясе аліментныя абавязкі.

 

Страхаванне па беспрацоўю з’яўляецца салідарным страхаваннем. Дапамога па беспрацоўю павінна забяспечваць годнае існаванне грамадзяніна на тэрмін, які неабходны для пошуку працы. Працягласць атрымання дапамогі па беспрацоўю павінна залежаць ад працягласці выплаты ўнёскаў работніка і адсоткавых суадносінах гарантаваць атрыманне дастаткова высокай часткі яго прыбыткаў ад папярэдняй занятасці.

 

Палітыка дзяржавы ў адносінах да страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці павінна стымуляваць працадаўцаў да паляпшэння ўмоў працы і прафілактыкі траўматызму.

 

БХД выступае за:

*     перадачу ў ФСС не менш за 15% акцый буйных дзяржаўных прадпрыемстваў або 15% сродкаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці;

*     распрацоўку і прыняццё дзяржаўнай праграмы «Сямейны капітал», якая накіравана на павелічэнне сацыяльнай абароны і дзяржаўнай дапамогі сем'ям з двума і болей дзецьмі;

*     прадастаўленне бацькам нованароджаных права на 14 дзён адпачынку з 100% аплатай у сувязі з нараджэннем дзіцяці;

*     шырокае выкарыстанне рынкавых механізмаў і надбавак для страхавацеляў у залежнасці ад ўзроўня траўматызму і прафесійных захворванняў на канкрэтным прадпрыемстве;

*     стварэнне комплексу мераў на павелічэнне зацікаўленасці працадаўцаў у змяншэнні ўзроўню траўматызма, прафілактыцы нясчасных выпадкаў і прафесійных захворванняў;

*     павелічэнне памераў падатковых вылікаў на дзяцей да 18 гадоў і ўтрыманцаў да 50% памеру бюджэта пражытковага мінімума на кожнае дзіця, а для асоб, якія маюць права на атрыманне такога выліку ў павялічаным памеры (ўдавы, ўдаўцы, адзінокія бацькі, апекуны, папячыцелi і інш), - 100% памеру бюджэта пражытковага мінімума на кожнае дзіця. 

*     павелічэнне дапамогі па беспрацоўю да 65% прыбыткаў ад папярэдняй занятасці на працягу першых трох месяцаў, 50% - падчас наступных трох месяцаў і 35% падчас наступных 6 месяцаў, але не менш за бюджэт пражытковага мінімума.

Навіны па тэме