Віншуем усіх беларусаў з Днём беларускай вайсковай славы!

08.09.2012, 10:14  |  Галоўныя навіны, Палітыка, Грамадства

Кіраўніцтва і сябры аргкамітэту партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя шчыра віншуюць усіх беларусаў з Днём беларускай вайсковай славы! Слава Воршы ўжо не горша. Слаўся князь Астрожскі!

 

Амаль паўтысячагоддзя таму на Раство Багародзіцы 8 верасня 1514 года на рацэ Крапіўна пад Воршай адбылася славутая перамога 30-тысячнага войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім над амаль ўтрая пераўзыходзячам яго войскам маскоўцаў. Праваслаўны хрысціянін гетман Астрожскі перад бітвай маліўся, каб Гасподзь дараваў яму перамогу, і Бог пачуў ягоныя малітвы. 

 

Бітва пад Воршай была прызнаная адной з найбуйнейшых у Еўропе ў пачатку ХVІ стагоддзя, увайшла ў еўрапейскія хрэстаматыі як узор удалай тактыкі змагання з нашмат большымі сіламі ворага. У гонар гэтай славутай перамогі і самога гетмана Астрожскага пісаліся вершы і панегірыкі нават у Рыме, складаліся песні, была напісаная славутая батальная карціна з адлюстраваннем усіх эпізодаў сечы, дзе можна ўбачыць дзяржаўны сьцяг Вялікага Княства Літоўскага з выявай Пагоні, а на дзідах літвінскай кавалерыі  - белыя сцяжкі з чырвонай паласой на белым тле, прататып бел-чырвона-белага сьцяга.

 

У 1992 годзе ў дзень гадавіны бітвы пад Воршай на плошчы Незалежнасці ў Менску адбылася прысяга беларускіх вайскоўцаў на вернасць свайму народу. З пачатку 90-х беларуская грамадскасць святкуе 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы.

Навіны па тэме