Беларуская глыбіня. Адкрыццё Хрыста

17.09.2012, 12:34  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Грамадства

Бог, Які сказаў заззяць
З цемры святлу,
азарыў нашыя сэрцы
пазнаннем славы Божай
у асобе Ісуса Хрыста.
Другое да Карынцянаў 4:6

 

Спытай беларуса пра Бога — і ўбачыш чалавека, які раптоўна прачнуўся. Усхапіўся, тарашчыць вочы і не разумее, дзе ён.

 

«Ісус?.. — крыва ўсміхаецца, блішчыць залатым зубам муляр Лёнь, павольна ачомваецца. — А… Ён мне не перашкаджае.»

 

«Ці веру… я… у Бога?.. — задуменна, па складах, спрабуе «ўехаць» токар Валянцінавіч. — Гэта пытанне, як табе, сказаць… якое навука яшчэ… точна не ўстанавіла».

 

«Не, штосьці-то ё, — зваршчык Анатоль апускае вочы, цяжка думае, чухае сівую галаву і пераключаецца ўбок. — Але — ну дзе справядлівасць, а?! Вось паглядзі…»

 

Асэнсаванне прабіваецца на тварах скрозь забыццё, павольна, ненадоўга — і на нейкі момант у вачах праблісквае водсвет чагосьці светлага, прыгожага… Страчанага…

 

Так хочацца, каб яны не аплывалі зноў у сваю змрочна зморшчаную кому!

 

Але — махне рукой, адвернецца ці выдыхне, вось такія, маўляў, пірагі — і брык. Зноў напаўжывы.

 

Мы вечна губляемся, пачуўшы самае важнае пытанне. А між тым, штотыдня паўтарае наш баптыст-гарманіст, каторы прапаведуе ў камендзе, гэта галоўнае — вызначыцца, дзе ты хочаш правесці вечнасць.

 

У справах жыцця і смерці нават няверуючыя набываюць прытомнасць перад Ім.

 

Але, быццам у вадзе, у іншай стыхіі — а ці можна тут хаця б дыхаць?! — спохапам надзімаюць шчокі, мычаць ды ліхаманкава кубатураць, куды б адсюль дзецца.

 

Заўсёды, калі рэч у праўдзе, свабодзе, справядлівасці, заўсёды, калі час надломваецца ў змаганні дабра і зла, калі людзі пакутліва напружваюцца, высільваюцца, церпяць з астатніх сіл і пад невыносным напорам грэху і гвалту здаюцца — усяму народу даводзіцца кожны раз наноў адкрываць адну простую і глыбокую ісціну. Чалавечымі сіламі гэта адолець немагчыма. Сумарнага зараду зла, якое тоіцца ў сэрцы кожнага з нас, насамрэч хопіць, каб у трэскі разнесці ўсю Беларусь. І цемра ўнутры чалавека, не пераможаная Богам, будзе тлець роўна столькі, колькі трэба для канчатковага вызначэння: хочам мы вечнага жыцця — ці вечнай смерці.

 

Аднойчы такое даводзіцца перажыць і чалавеку, і пакаленню, і цэламу народу.

 

Гэта адкрыццё прыходзіць пасля вялікага болю, расчаравання ці спусташэння, як цуд. Як спатканне з каханнем першага позірку. Раптоўна. Працінае сэрца так, што ты трапечаш, бы злоўлены матылёк.

 

І ціха.

 

Ты раптам спахопішся: у тваім жыцці Нехта ёсць.

 

Ты пазнаеш Яго ў цёплых вачах верніка — напарніка, які бярэцца падмяняць цябе, хворага, на працы; у вінаватых усмешках жанчын, якія пасля набажэнства ў царкве абвешваюць цябе пакункамі з ежай; у раптоўным болю параненага на разгрузцы жалеза «хіміка», які заціскае рукой сіфон крыві і тут жа сцінае зубы, каб не лаяцца.

 

Ты пазнаеш Яго ў Беларусі — незямным позірку азёраў, што глядзяцца ў вышыні, у пяшчотнай смузе, якая сцірае межы зямлі і неба; у міры і супакоі, што закалыхваюць дыханнем лагчынаў ды ўзгор’яў любую далечыню; у адчуванні прысутнасці і пранізлівай светліні; у такіх пакорлівых і такіх патрабавальных вачах беларускіх дзетак.

 

Ісус з тым, каму цяжка, хто церпіць несправядліва, хто плача ў адчаі. Ісус — з бяссілымі. Тымі, хто разумее, што самі змяніць мы краіну не зможам, бо не ў сілах нават змяніць сябе.

 

Ісус нараджаецца ў нашым сэрцы — маленькі, з вераю, — пакутуе ў змаганні з грэхам, памірае на крыжы нашага цела, калі мы выбіраем зло.. і ўваскрасае пад бел-чырвона-белым сцягам, скрываўленай плашчаніцай — калі мы даём Яму перамагчы.

 

Выжыванне беларусаў як нацыі залежыць толькі ад таго, ці набярэцца ўрэшце крытычная маса людзей, гатовых дазволіць выявіцца ў сабе Ісусу Хрысту.

 

Калі Беларусь адкрывалася Ісусу — яна нараджалася і адраджалася. У Х ст., з прыняццем хрысціянства, расквітнела Полацкае княства. Пасля ХІІ ст. эпохі вялікіх Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрамія Смаленскага — расце і мацнее ВКЛ. У ХVI ст. з Рэфармацыяй і адначасовым абуджэннем Касцёла ды праваслаўя ўспыхвае Залаты век Беларусі — са Скарынам, найлепшымі з Радзівілаў ды Львом Сапегам… У ХХ ст. напачатку і напрыканцы — два нацыянальныя Адраджэнні на хвалі духовых абуджэнняў.

 

Як гэта ні дзіўна, большасці сапраўдных герояў беларускай гісторыі мы і не ведаем.

 

Тых, хто штодня шэптам вымольвае ад знішчэння цэлыя гарады; тых, чые ўлюбёныя Богам сэрцы захлынаюцца крывёю за нас, хворых, жорсткіх, раздражнёных; тых, чые невымернай глыбіні вочы каўтаюць неба, наталяючы ўвесь народ…

 

Што мы наогул ведаем пра іх? Тое, што яны і сярод праваслаўных, і ў касцёлах, і ў малітоўных дамах? Тое, што яны і ёсць празрыстай таямніцай Цела Хрыстова — Ягонай Сапраўднай Царквой? Тое, што яны пазнаюць Ісуса адзін у адным як зміргнуць — і гэта дае ім слёзы любові і натхнёныя ўсяночныя, пашырае іх сэрцы да памераў цэлай краіны ды распасцірае перад імі зорныя шляхі?

 

Колькі іх, сённяшніх беларускіх святых? Дзесяцера, дзеля якіх Госпад не знішчае нашыя Садом і Гамору? Сем тысячаў стоеных, верных Яму, як у гісторыі прарока Іллі?

 

Беларусу, які сядзіць у сабе, бы ў зачыненай хаце, дробна калоціцца ад страху ды роспачы ці змучана ные ад бессэнсоўнасці працы, пара адчыняцца.

 

Адчыняць дзверы, у якія Ён дзень і ноч ледзь чутна стукае.

 

Калі адкрываеш Яму сваё сэрца — у табе самім раптам праглядвае Ягонае.

 

Калі задыхаешся ад грэху — ірві сэрца, як кашулю на грудзях. І расхінай, намаганне за намаганнем, справа за справаю, усю краіну, невядомую Беларусь пад белымі крыламі сцяга Хрыста.

 

Бо Беларусь збавіць не снайпер.

 

Беларусь збавіць Ісус.

 

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме