Беларуская глыбіня. Апазіцыя сумлення

27.09.2012, 11:39  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Хто не супраць вас, 

той за вас.
Марка 9:40

— Хто не са Мною,
той супраць Мяне,
І хто не збірае са Мною, той раскідае.
Лукі 11:23

 

Беларусы ўжо даўно ў маўклівай апазіцыі.

 

Хтосьці летась згубіў дабрабыт, кагосьці нарэшце дастаў паўсюдны ўціск, а камусьці крыўдна за дзяржаву ўжо 18 гадоў, на працягу якіх рэжым з нахабствам бандзюкаватага бэйбуса дасягаў свайго паўналецця.

 

Маўчым, бо ўсё адно нічога не зменіш, бо як разявіш рот, будзе горш, бо няма каму заступіцца. Зрэшты, ёсць і больш глыбокая прычына: сённяшні беларус разумее, што насамрэч страх, гвалт, хлусня ды крадзеж сённяшняга начальства жыве ў ім самім.

 

Таму той, хто ўсё-такі спрабуе змагацца з Лукашэнкам у спадзяванні, што людзі супраць, завісае па-над безданню.

 

На пытанне пра апазіцыю жыхары пружанскай ваколіцы паціскаюць плячыма. Быў, маўляў, тут нейкі рыжы, выпінаўся нешта, ды з’ехаў за мяжу.

 

Часам збіраецца купка за белмову… Вось хтосьці сцяг ваш гэты вясной вывесіў… ну, і калісьці быў бээнэф трыста чалавек.

 

А ўнутраная нязгода — лічы што ў кожнага.

 

Насамрэч усе прыкметы яўнай апазіцыйнасці — адкрыты пратэст, сімвалы, мова, еўрапейскі выбар ды дэмакратыя — апошнія гады здрабняюцца і блякнуць на тле ўзрослага прыгнечанага ўсенароднага маўчання, з якім беларус трывае зло.

 

Часам здаецца, што гэта нема стогне сама Беларусь

 

І менавіта гэтай сілы рэжым баіцца найбольш.

 

Бо сэрцам жывога і дзейснага супраціву злу ў маштабах цэлага народа і цэлай краіны можа быць толькі закладзенае ў кожнага чалавека звышнепрыняцце грэху: гвалту, хлусні, падману.

Інстынктыўны адпор няпраўдзе ў самім сабе ды іншых. Калі апазіцыя абапіраецца не на раздражнёныя пачуцці, а на хай сабе смутны боль сумлення — яна рана ці позна прымусіць здацца любую тыранію.

 

Але беларускі крыж, кры­жавіна правалу свабоды з катастрофай свядомасці адчыняецца толькі крыжовым жа ключом: пакутлівай самаахвярнасцю і ўваскрасеннем.

 

Таму праўда і свабода, вера і любоў мусяць стаць не адно выглядам, а самой сутнасцю апазіцыі. Несумленнасць, бруд і сваркі ўнутры такой апазіцыі робяцца проста невыноснымі.

 

Усім разам, нават рэзка рвануўшы, выцягнуць сябе за валасы з балота не атрымаецца. Значыць, трэба шукаць тых самых носьбітаў сумленнасці, пакліканых стаць нацыянальнымі кропкамі апі¬рышча, — тых самых, якія пакуль «не лезуць у палітыку». Дзе? Сярод вернікаў-хрысціянаў найперш; сярод удумлівай, у тым ліку тэхнічнай, інтэлігенцыі, сярод несапсаванай моладзі.

 

Менавіта цяпер вызначаецца, чым будзе Беларусь. Менавіта з сённяшняй дзесяцімільённай жывой раны, з сённяшняй цяжарнасці сумлення нараджаецца заўт­рашняя нацыянальная тоеснасць. Хтосьці бачыць Беларусь гэткай утульна ліберальнай Чэхіяй, хтосьці — правінцыйнай расейскай адпачывальняй з белымі росамі і малачком, хтосьці — туманнай ускраінай Еўропы…

 

Але Беларусь будзе Беларуссю.

 

Гэта ж двойчы два: нацыю крышталізуе нацыянальная ідэя.

 

А формула нашай нацыянальнай ідэі простая: «Беларуская форма — хрысціянскі змест». Беларуская мова, гісторыя, культура, адметнасці — дзеля найвышэйшага, хрысціянскага зместу, які іх напаўняе і асвячае. Ува ўсёй светлай, празрыстай, бел­чырвона­белай ахвярнай глыбіні беларускасці прасвечвае Хрыстос.

 

І гэта не толькі і не столькі для саміх беларусаў. Сваіх найлепшых творцаў ды найвыбітнейшых геніяў Беларусь аддала Расеі ды Польшчы, гісторыю — Літве, унію — Украіне, габрэйства — Ізраілю, адрывала ад сябе жывыя кавалкі, наталяючы і дабраслаўляючы ворагаў, і, укрыжаваная, сталася Хрыстовым вобразам і падабенствам у сэрцы Еўропы.

 

Скажаш, народу фіялетава?..

 

Але беларускі народ — гэта не адно дзесяць мільёнаў сённяшніх насельнікаў Бе­ларусі. Гэта і мільёны жыхароў ВКЛ ды Рэчы Паспалітай, і паўстанцы Каліноўскага, і закатаваныя ў ГУЛАГу вернікі… І адначасна пакаленні тых, хто будзе пасля нас.

 

ТЫЯ нямногія, хто здольны гэта ўмясціць, — адказныя за ўсіх астатніх.

 

Урок беларускіх Адраджэн­няў пачатку і канца ХХ ст. заключаецца ў тым, што акцэнт на форму (беларускасць) аказаўся мацнейшы, чым на змест (на Хрыста) — а любая форма, якая імкнецца паглынуць змест, рана ці позна правальваецца. Беларуская праўда, свабода і справядлівасць, ды ў рэшце рэшт і адметнасць, насамрэч заключаюцца не ў аканні, яканні або форме ўзораў на арнаменце, а хочаце верце, хочаце не — у Ісусе Хрысце.

 

Часам раяць: чуеш, пра­паведнік, а ідзі-ка ты… у царкву. Наадварот, гэта царква мусіць ісці ў грамадства, ацаляць, прасвятляць і перавязваць параненых ды паміраючых беларусаў, якіх мільёны.

 

Апазіцыя, патрэбная Бе­ларусі, — гэта актыўная супольнасць сумлення. Жывыя цэрквы (не іерархіі — цэрквы!). Прыстойныя сем’і, дбайныя гаспадары. Моладзевыя рухі, якія ідуць ад сэрца.

 

Верыш у Бога? Любіш Беларусь? Дзейнічай!

 

Крыжовая сістэма каардынатаў будучага Адра­джэння і будучай перамогі — трохканфесійная хрысціянская беларускасць.

 

І прычына не толькі ў тым, што гісторыя Беларусі наскрозь евангельская, што маральнасць сама па сабе ёсць падмуркам любой дзяржавы, і нават не ў тым, што праз здабыткі ды знакі тысячагадовай хрысціянскай Беларусі мы ўсведамляем сваю прыналежнасць да заходняй цывілізацыі.

 

Галоўная прычына — Бог рэальна існуе. І Ён дабраслаўляе тых, хто выракаецца сябе, бярэ свой крыж і ідзе за Ім — пад сцягам Ягонага ўваскрасення і перамогі.

Навіны па тэме