Кур'ёзы "выбараў"

28.09.2012, 15:11  |  Навіны » Палітыка

Калі вызначаць жанр нядаўніх "выбараў", то гэта альбо трагікамедыя, альбо фарс.  Выбірайце, што каму па густу, хаця, як па-мойму, дыскрэдытацыя сістэмы выбараў з’ява больш сумная, чым забаўная.

  • Студэнтка, якая прыйшла галасаваць разам з маці, папрасіла ў камісіі па выбарах даведку, што яна аддала свой голас датэрмінова. Бо ім па месцы вучобы ўсім паабяцалі свабодны дзень.

 

  • У Гродна на ўчастку №3, па інфармацыі В.П.Станіна, прагаласавала ў асноўны дзень усяго 199 выбаршчыкаў. Дабраць неабходны працэнт дапамог шалёны лік выязнога галасавання – 224! Як быццам насельніцтва  часткі горада раптам зваліла якаясь эпідэмія, а закінуць свой голас усё роўна хацелася.…

 

  • Дзіўны інцыдэнт адбыўся ў Бабруйску. Знерваваная старшыня 4-га ўчастка 78-ай выбарчай акругі зачыніла ў буфеце нявестку і ўнучку актывісткі БХД Таісіі Кабанчук і прыставіла да іх дзяжурнага міліцыянера. Калі яна выклікала яшчэ аднаго стража парадку, каб скласці пратакол, той узяў ды вызваліў “палонных” за дробязнасцю парушэння.

 

  • Назіральнік Мартысевіч А.В. правёў гендэрнае даследаванне на ўчастках 140 і 141 і горада Мінска. Аказалася, што ў пятніцу сярод прагаласаваўшых было 80 адсоткаў жанчын, а ў суботу – 90. Да таго ж, усе камісіі складаюцца з прыгожага полу. У нашых псеўдавыбараў жаночы твар?

 

  • За тое, што назіральнік участка № 135 Пракапенка У.Ю. ў асноўны дзень назірання паскардзіўся ОБСЕ, яму забаранілі задаваць пытанні і пераходзіць чырвоную дарожку. Гэтая дарожка паміж “імі” і “намі” нагадвала памежную зону: “Стой! Хто ідзе? Страляць буду!”

 

  • Перад працэдурай падліку бюлетэняў з участка №122 (Серабранка) вытурылі адразу трох назіральнікаў.  Апазіцыйных – нібыта за  дэбош  і карыстанне дыктафонам, а хлопца з БРСМ – за тое, што прапанаваў свае паслугі ў спарадкаванні бюлетэняў. Мабыць, за кампанію.

 

 

Галіна Каржанеўская, назіральніца

Навіны па тэме