Паабапал чырвонай дарожкі. Нататкі назіральніка

03.10.2012, 15:18  |  Блог Галіны Каржанеўскай, Палітыка

На ўчастку № 135 панавала незразумелая паныласць. Камісія выглядала панура, на старшыні, што называецца, “не было лица”. Дакладней, ліцо было, але дужа бледнае, з прыкметамі бяссоннай ночы. Толькі пазней да мяне дайшло: адказныя за вынік на ўчастку даўно зразумелі, што патрэбнай яўкі не будзе і лічбы давядзецца падвышаць. Прысутнасць назіральнікаў, якія спраўна ставілі свае кропачкі і рысачкі, не тое каб перашкаджала, але пазбаўляла камфорту і пачуцця бяспекі.  Аднак – ці першы раз?! Як-небудзь выкруцімся…

 

Як і многія сябры незарэгістраванай БХД, я ішла прадстаўніцай ад іншай партыі – ад АГП. Датэрміновае галасаваннне абышлося без прыгод. Укінуць бюлетэні прыходзілі добра апранутыя, задаволеныя  жыццём людзі гадоў сарака, моладзь і пралетарыі. (Падумалася, што гэта вадзіцелі і слесары з аўтапарка №2, дырэктар якога быў сярод прэтэндэнтаў.) Прыбягалі жанчынкі з суседняга дзіцячага садка, адна нават у спецхалаце. Паведамілі камісіі: “Скора ўсе нашы падцягнуцца…” Студэнтка прасіла даць ёй даведку, што яна аддала свой голас, бо ўсім ім абяцалі вольны дзень. Важны момант: усе прысланыя, прыгнаныя і абавязаныя прагаласаваць па службе не звярталі ніякай ўвагі на партрэты кандыдатаў. Ішлі нацэлена, ведаючы сваю задачу.

 

Пратаколы ўвечары спраўна вывешваліся, лічбы з афіцыйнымі ў нас сышліся. Першыя тры дні мы, назіральнікі, яшчэ асмельваліся ўступаць у кантакт з камісіяй, пытацца пра агульную колькасць выбаршчыкаў на ўчастку і да т.п. Для гэтага мы падсаджваліся на стульчыкі, пастаўленыя для выбаршчыкаў (пры іх адсутнасці). Пазней мяне рэзка асадзіла сакратар Таміла: “А вы знаете, что вам нельзя здесь сидеть?” У спрэчку ўступаць не выпадала. Нас папярэдзілі, што там лёгка выганяюць прадстаўнікоў апазіцыі – было б да чаго прыдрацца. І сапраўды, старшыня суседняй камісіі (а ў класе размяшчаліся два ўчасткі) чапілася да сваіх назіральнікаў і нават “строіла” нашых. У першы ж вечар яна накінулася на майго напарніка У. Пракапенку, чаму ён дапамагае апячатваць скрыню. У пятніцу ўчыніла скандал і і зняла з назірання прадстаўніцу “Грамады” – мяккую і карэктную кабету сталага веку. Толькі за тое, што яна знаходзілася блізка да скрыні падчас вячэрняга апячатвання.

 

У. Пракапенка, інжынер-праграміст, меў намер пратрымацца да канца і аказаўся цвёрдым арэшкам для камісіі. Я ведала яго ў твар па сходах БХД. За спіной у яго, як я даведалася, былі Плошча, перапоўнены аўтазак, суд Савецкага раёна і адсідка 12-ці сутак у Жодзінскім СІЗО. За тое, што ў асноўны дзень ён паскардзіўся прадстаўнікам ОБСЕ, яму забаранілі задаваць пытанні і пераходзіць праз чырвоную дарожку. Гэтая дарожка была паміж імі і намі, як памежная зона: “Стой! Хто ідзе? Страляць буду!”

 

Каб можна было, яны абнеслі б нас калючым дротам. Бо ў іх былі свае назіральнікі. Тым не было патрэбы лічыць, іх задача – прысутнічаць і ў выпадку эксцэсаў сведчыць супраць альтэрнатыўнікаў. Іх лёгка было адрозніць: чытаюць глянец або газеты, нудзяцца, размаўляюць паміж сабой. Па сутнасці гэта група падтрымкі. Ім можна было пераходзіць за дыванок і вітацца з галоўнымі ў камісіі. Усе ведалі ўсіх, адна шайка-лейка. Аднак калі адзін з іх перад падлікам бюлетэняў уздумаў устаць і зрабіць крок да сталоў, малапрыкметная цётачка з шэрагу іх назіральнікаў гаркнула на яго з такім металам, што запахла рэжымнай установай. Вось і думай, каго “ўнядрылі” для нагляду і кантролю за  волевыяўленнем грамадзян.

 

Смешна было бачыць, як да гэтых падсадных вутак звяртаюцца высокія госці з ОБСЕ, а тыя толькі разгублена ківаюць, не ведаючы, што сказаць. Еўрапейцам, відавочна, не паведамілі пра   камуфляжнае назіранне, а самі яны да такога хітрага прыёму ўлады дадумацца не змаглі.

 

Парадак на ўчастках ахоўвалі міліцыянты. У прыватнасці, наш пры датэрміновым правяраў кабіны на прадмет знаходжання падазроных рэчаў. А яго самога правяраў падпалкоўнік: вітаўся за руку, а потым распісваўся ў сшытку. Тут жа дзяжурны набіраў нумар на спецыяльна праведзеным гарадскім тэлефоне і дакладваў начальству аб праверцы. Кантора працавала як належыць.

 

Ўвесь дзень туды-сюды снаваў крэпкі мужычок невядомага прызначэння, які свідраваў позіркамі нашы блакноты, прыслухоўваўся да тэлефонных размоў і з’яўляўся вачамі і вушамі невядомых падраздзяленняў улады.

 

 “Штосьці свята не адчуваецца”, -- бойка прамовіла жанчына з суправаджаючым, таксама правяраючая аднекуль, і старшыня Хоціна хуценька выйшла насустрач,  павяла госцю на лесвіцу: “Усё вам раскажу…”

 

Некалькі разоў наведваўся на ўчастак высокі рафінаваны джэнтльмен яўна не мясцовага разліву (як стала вядома, прадстаўляў СНД). Ён паводзіў сябе падкрэслена, дэманстратыўна адчужана ад усяго, што тут адбывалася. Гэта нагадвала бясстраснасць даследчыка, які мае справу з глістамі. Якім жа цынізмам павінна адрознівацца суседняя дзяржава, якая ўсё бачыць, усё разумее і… падтрымлівае!

 

Першымі аддалі  доўг радзіме дачнікі. К 12-ці няспешна падцягнуліся бабулі і дзядулі з унукамі, а таксама маладыя сем’і з дзецьмі. У буфеце круцілі песенькі, прадавалі булачкі і цукеркі. Трохі пазней вернападданыя матулі прыводзілі за руку сваіх толькі што апераных выбаршчыкаў. Люд увогуле быў стракаты, але з гэтага перарывістага раўчука аніяк не складваўся паўнаводны паток, здольны вынесці дзіравую лодку нашых парламенцкіх выбараў у акіян еўрапейскага прызнання.

 

К закрыццю ўчастка напружанне дасягнула эпагею. Чатыры школьныя сталы былі ссунуты ў дальнім куце школьнага хола і закрыты круглявымі жаночымі целамі. Усё было як звычайна. Бюлетэні раскладваліся вокамгненна, а потым з такой жа спешкай пакаваліся і заклейваліся клейкімі стужкамі. А далей у старшыні пачалася працяглая праца з калькулятарам: перш  разам з сакратаром, потым у адзіноце. Адна была па-ранейшаму белай, другая палала, як у ліхаманцы. Члены камісіі стаялі каля сталоў па стойцы “смірна”. У памяшканні  панавала магільная цішыня. “Што ў іх там з чым не сыходзіцца?”—думала я, бо гэтыя падлікі занялі мо гадзіну часу. Адказам быў моўчкі, без агалошвання вывешаны пратакол. Яго абступілі назіральнікі. Нават рафінаваны зазірнуў праз чыёсь плячо. Наша лічба прагаласаваўшых у асноўны дзень – 453, іх – 946.

 

Гэта быў момант ісціны. Дык вось яно што! Састарэлі былыя метады фальсіфікацый. Цяпер не крадуцца як цені да скрыняў (раней іх называлі урнамі), не зрываюць пячатак, не падкідваюць стосы бюлетэняў, не падрабляюць подпісаў… Цяпер абыходзяцца звычайнымі прыпіскамі. Дастаткова вынайсці такую лічбу, каб яна азначала звыш 50-ці адсоткаў яўкі – і справа зроблена. Цікава, што ўсе 500 “лішніх” галасоў былі шчодра кінуты  аднаму кандыдату, які і стаў у выніку “слугой народа”.

 

Назаўтра ўсіх нас, хто галасаваў і хто – не, звыкла залівала хлусня з экранаў. Якіясь неверагодныя працэнты… Якіясь падазроныя еўрапейскія назіральнікі… Л.Ярмошына ў новым касцюме выглядала шчаслівай, як шкадлівы дзіцёнак, які разбіў каштоўную вазу і надзейна схаваў аскепкі.

 

Можна да хрыпаты спрачацца, што тут адыграла большую ролю – агульная млявасць і абякавасць да жыцця альбо нацэленасць апазіцыйных структур на байкот, -- але факт ёсць факт: гэтыя выбары народам правалены. Вынік сумны: за дзесяцігоддзі малаграматнай аўтакратыі разбурана ўсё: мараль, каштоўнасці, нацыянальная ідэнтычнасць, сяло, эканоміка… І цалкам, дарэшты – дэскрыдатавана выбарчая сістэма Беларусі. 

Навіны па тэме