Беларуская глыбіня. Нашчадкі

05.11.2012, 09:42  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Грамадства

І, паклікаўшы дзіця,
Ісус паставіў яго сярод іх
і сказаў: праўду кажу вам,
калі не навернецеся
і не будзеце як дзеці,
не ўвойдзеце ў Царства Нябёснае.
Мацвея 18:2-3

 

Штотыдня ў каменду прылятае процьма рознакаляровых, у кветачкі, лістоў і паштовак, спісаных мілымі дзіцячымі почыркамі.

 

Чароўныя нябёсныя, смарагдавыя, рубінавыя, зіхотка­сонечныя матылькі цудоўным чынам віюцца вакол цябе і ўлетку, і ў залатой восені, і нават зімою — і ледзь чутна трапечуць у руках. Лісточкі па-беларуску, з вершамі ды малюнкамі, і зваротнага адрасу ў іх ніколі няма — тыя, хто піша, падпісваюцца толькі імёнамі.

 

Марыя. Хрысціна. Кірыл. Паліна. Аленка. Віка. Воля.

 

Кожны лісточак — твор.

 

Вось на стале, засланым ручніком, — маці Божая Вастрабрамская, партрэт Максіма Багдановіча і ягоныя кнігі, васількі і запаленая свечка. Фотаздымкі прапускаюцца праз каляровую друкарку, выразаюцца і аздабляюцца гелевымі асадкамі з блёсткамі.

 

Вось «ПАГОНЯ». Вось маленькія паштовачкі-складаначкі з біблейскімі карцінкамі. Калядныя фоты. Музей Белага ў Старых Дарогах. Будзьмаўскія прыгажосці. Вось цэлыя серыі па 10—20 самаробных паштовак. «На родных вуліцах». Царква, касцёл.

 

Парк… Сумны анёл на могілках… «Сны аб мінулым». «Дарагія сэрцу сябры». Кветкі: «Летняя ружа». «Валошка». «Ірысы», «Званочкі». «Чабор-2012».

 

Школьныя закладкі з выявамі беларускіх вандровак.

 

Малюнак на Грунвальд: вершнік з мячом і подпіс «Перамога ад Госпада».

 

Раство. Маленькі Ісус у яслях. Пастухі, мудрацы, Марыя і Іосіф.

 

Вялікдзень — Хрыстос уваскрасае і выходзіць з магілы пад бел чырвона белым сцягам…

 

Месца, дзе жывуць маленькія беларусы і беларусачкі, — вёска ў гадзіне дарогі ад Купліна.

 

Першы раз, калі туды запрасілі, падумаў: не можа быць. Праз глухія лясы, бары і дубровы машына вынырнула на нейкай згубленай абжытай выспе. І калі сам убачыў грамаду дзетак з кветкамі, караваем на адмысловым бел чырвона белым ручніку з вышытымі сінімі віфлеемскімі зоркамі (адмыслова для БХД!) і харавое вітанне — «Каго любіш?..» — адказ «Люблю Беларусь» выдыхнулася як нешта само сабой зразумелае.

 

Калісьці сюды дайшла хваля беларускага Адра джэння канца ХХ ст. Вырас і зацвіў беларускі гурток, дзеткі ўзяліся чытаць Купалу і Караткевіча… і дэбіларусізацыя , што скавала краіну з 1995, напэўна, проста заблукала і захлынулася ў тутэйшых гушчарах ды гурток не вымаразіла.

 

Звычайныя школьнікі 5—10 класаў, такога ж веку, як іх гарадскія аднагодкі, што захоплена раскрываюць раты на «Шоу беларушчыны» — але самі ведаюць і разумеюць непараўнальна болей за большасць дарослых. Трымаюцца разам, ладзяць чытанні ды вечарыны і на выходных ездзяць у вандроўкі, якія лепей назваць паломніцтвамі. Мінск. Полацк. Навагрудак. Мір. Гродна. Ліда. Солы. Вязынка.

 

І — прымаюць гасцей. Алеся Камоцкага з «Псальмамі» пад гітару, Алену Макоўскую з «Будзьмай», Антона Аста повіча з расповедамі пра страчаную спадчыну, Франака Вячорку з інтэрнэт праектамі, Паўла Мажэйку, Эдуарда Акуліна, Віктара Шніпа, Віктара Шалкевіча…

 

Тут, у лагчыне ціхай рачулкі, — таполевая алея, пасаджаная гасцямі. Тут, на могілках, ля пахавання слыннага шляхціца — постаць самотнага анёла, да якога дзеці ўскладаюць свежыя кветкі. Тут — старажытная царква, у якой штонядзелі маленькія беларусы моляцца і спяваюць.

 

Выхавала дзетак Настаўніца — моцная, негаваркая, але вельмі светлая спадарыня Наталля. Летам дзеці разам з ёй збіраюць ягады, а грошы пералічваюць беларускім краязнаўчым выданням.

 

Калі б у кожнай з тысячаў беларускіх школаў існаваў хаця б адзін такі гурток — ужо ў 2010-х Беларусь была б беларускай.

 

Але… «У нашай мясціне жыццё спынілася і замерла, — пішуць дзеці. — Сумна і непамысна, як на закінутых могілках». Ва ўнікальнай дзіцячай супольнасці ўражвае глыбіня адчаю, нейкі недзіцячы надрыў, яснае ўсведамленне страху і безнадзейнасці.

 

«Як скрушна жыць у гэтым жорсткім свеце! Чаму дабро бывае пакараным? Чаму зазвычай крыўдзяць безабаронных? Вы кажаце, трэба пацярпець. Але калі мы ўсе будзем толькі цярпець, ці не пераможа тым часам зло канчаткова?»

 

Як яно, такое пяшчотнае, чыстае — можа быць настолькі беларускім, нас толькі глыбокім, настолькі пакутлівым?

 

«Я папрашу ў Цябе, Вялікі Божа,
З маёй зямлі сагнаць адчай -смугу,
Прашу Цябе — бо хто ёй дапаможа?..
Я так хачу, але не ўсё магу»,

 

 — піша Воля.

 

Шчырая, ранімая вера і роспачная беларускасць… Калі і ёсць штосьці, здольнае перамагчы сённяшнюю безнадзейнасць, — дык гэта вось такая дзіцячая вера.

 

«У сваёй нянавісці да ўсяго роднага, у ганебнай спакусе на салодкі танны газ і тлустую нафту беларусы губляюць Радзіму. Чаго ж тады ад Госпада просім? А бывае, і патрабуем… Не выконваючы Ягоныя запаветы: «Любіце адзін аднаго». Нас, беларусаў, няшмат ужо на Беларусі. Мы павінны адшукаць адно аднаго і злучыцца ў адзін неразрыўны ланцуг. Толькі так пераможам. І Божая падтрымка — будзе!» — піша Паліна.

 

Многія з нас моцна здзівяцца ў Валадарстве Нябёсным, кажуць святары. Бо там вакол будуць дзеці. Такія дзеці. Напэўна, там іх увогуле большасць.

 

«Але Ісус сказаў: пусціце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябёснае» (Мацвея 19:13).

 

Толькі тады мы згадаем маленькага Ісуса, Якога малявалі на нашых абразах падобным да беларускіх дзетак, — і ўведаем, што калісьці менавіта Такім, мілым, пяшчотным і безабаронным, з вялікімі нябёснымі вачыма прыйшоў сюды, каб адкрыць у нашых сэрцах далёкую радзіму, Бог.

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме