Гомельскі актывіст БХД ізноў пазбаўлены працы

07 лістапада 2012 17:57  |  Грамадства

Гомельскі актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэй Папоўстраціў працу. Раней ён уладкаваўся на РУП СКТБ «Металапалімер» слесарам, але ўзялі яго на працу з выпрабавальным тэрмінам. 

«У канцы кастрычніка нам, рабочым прадпрыемства, затрымалі заробак і не патлумачылі прычынаў. Я пра гэта паведаміў журналістам, і ў інтэрнэце пра затрыманне заробку з’явілася інфармацыя. На прадпрыемстве даведаліся, што гэта я распавёў пра затрыманне заробку, і са мной не пагадзіліся працягваць далей працоўныя стасункі», – патлумачыў Андрэй Папоў.

 

РУП СКТБ «Металапалімер» займаецца вытворчасцю рознага абсталявання з поліэтылена, дэталяў з тэрмапластычных палімераў, нестандартных металаканструкцый.

 

Праз сваю актыўную пазіцыю Андрэй Папоў ужо пазбаўляўся працы: раней на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве, дзе ён працаваў, практыкавалася змяшчэнне работнікаў на «Дошку ганьбы». Актывіст дамагаўся, каб гэта практыка, якая прыніжае чалавечую годнасць, была адменена. Урэшце ён застаўся без працы.

Болей навін