Беларуская глыбіня. Слава

12.11.2012, 09:26  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Грамадства

Ад краю зямлі
мы чуем песню:
«Слава Праведнаму!»
Ісаі 24:16

 

З’явіўся ён на складзе ўвесну — невысокі, сціплы, негаваркі. Гадоў сарака пяці на выгляд, з кароткастрыжанай сіваватай галавой. Слава, а як па-бацьку?.. Ды называй проста Слава.

 

Баптыст.

 

Баптыста Славу наняў наш гаспадар.

 

Найбуйнейшаму ў раёне складу аўтазапчастак з абаротам у мільярды штомесяц запатрабаваўся сумленны, адказны і цягавіты распарадчык, а тут ведама, што такога (ды яшчэ і незадорага) знойдзеш хіба толькі пратэстантаў.

 

Адзінае, от, не працуюць у нядзелю.

 

За савецкім часам ад Славы, кончанага алкаша і хулігана, ванітавала ўсю ваколіцу. Больш за 40 прыводаў у міліцыю, бойкі, п’янкі, суды…

 

З развалам Саюза згубіў Слава і тое, што меў — дзяржаву, сям’ю, працу, кватэру… Некалькі гадоў увогуле бамжаваў (у пашпарце дагэтуль пропуск у рэгістрацыі — дзе жыў?). Дзевяць страсенняў мозгу, хворыя ногі, рука, якой не падымеш цяжар. Ён згадвае, і ўсе колішнія шнары ды расколіны растрэскваюць твар балючымі зморшчынамі. Руйнаваў д’ябал, ірваў, каб знішчыць, бо, пэўна, прадчуваў, што ў нейкі момант ён выдыхне, раптам убачыць па-над сабой неба і застогне… Госпадзе, ну ўсё… Я ж чалавек. Я так больш не магу. Божа, нават не веру… Памажы мне!

 

Слава пакаяўся — і пайшоў у царкву. Абсталёўваў дом малітвы.

 

Прапаведаваў Таго, Хто яго ўратаваў, у навакольных вёсках. Знайшоў жонку — верніцу, кіраўніцу тутэйшага Чырвонага Крыжа.

 

У царкве прапаноўвалі: ты ж нясеш гаспадарчае служэнне, будзем утрымліваць. Слава адмовіўся: апостал Павал, прапаведуючы, зарабляў на хлеб вырабам намётаў. Машыны няма — ровар. І вельмі хворы бацька.

 

Ну вось, падумаў я, пачуўшы ягоную гісторыю, трапіў ты, дзядзька: два вернікі ў заваленым запчасткамі танкавым ангары. Сказаць па шчырасці, на момант з’яўлення Славы я ўжо тут трохі даходзіў.

 

Калі праца прымусовая, ды яшчэ нудная, нервовая, калі даводзіцца забіваць і без таго занятую галаву тысячамі мёртвых жалезак, колькасцяў, адзінак вымярэння, прыходаў, расходаў, памылак, калі хранічна пераўтамляешся і ў адказ на град пытанняў тупа праварочваеш у мазгах толькі здагадкі, раз-пораз, губляючы трыванне, пачынаеш тлумачыць заклапочаным інжынерам ды механікам, чаму ты тут — сама патрэбнае цярплівае, ключык за ключыкам, навучанне з адмыканнем сэнсу: чаго ад цябе менавіта на гэтым месцы хоча Бог.

 

Што насамрэч кожная дробязь, кожная дэталька паслядоўна падлучаецца да механізма наладжвання стасункаў, рытму сэрцаў, руплівага рамонту свядомасці.

 

Што кожная свяча запальвання можа даць іскру да змены жыцця, а кожная гайка, няўлічаная на шалях, перапоўніць чашу цярпення.

 

Што ў кожным пытанні, і кожным чалавечым раздражненні, і ў кожным недаўменні — зерне тонкай размовы і ключавіна магчымага адкрыцця.

 

Што якраз дзеля гэтага Госпад гадамі выхоўвае і навучае…

 

«Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца» — пасмейваецца Слава, — сказаў таварыш Ленін, і камуністы ўсё вучацца.

 

А Ісус сказаў: «Навучыцеся»… «Навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам, і знойдзеце супакой душам вашым». Слава цытуе Біблію раздзеламі — на памяць.

 

Парадак на складзе Слава навёў за пару тыдняў, ціха і непрыкметна: спярша днямі даследаваў і перакладваў жалеззе, потым узяўся за справаздачы і накладныя і, нарэшце, прыступіў да людзей.

 

Трэба было бачыць, як ён адным-двума словамі ў адказ на запыханыя ды задыханыя скаргі на жыццё і працу ачомваў рабочых ды інжынераў. «Пачакайце хвілінку… Вы думаеце, гэта дапаможа? А вы не чулі, як Бог хоча вам дапамагчы?»

 

Слава дзяліў свой абед з «хімікамі» і кіроўцамі, размаўляў з бухгалтарамі і жанчынамі, што перабіраюць бульбу, выклікаў на шчырасць і недаверлівага гаспадара, і рабочых.

 

— О-о, Ігар! Прысаджвайцеся. Магу пачаставаць вас кафеінам… з пячэнькам, а? Ну, расказвайце, як яно.

 

Слава размаўляе проста і пераканаўча. Бог ёсць. Верыш? Добра. А куды ты пасля смерці збіраешся? Вырашай, што табе трэба. Хочаш жыццё вечнае? Бяры.

 

Гэткі душахват з гарачанькай гарбаткай і шчоўканнем грэцкіх арэшкаў.

 

Калі на складзе выдавалася зацішная хвіліна, Слава даставаў заўсёдную Біблію і трапна, амаль без даліствання, раскрываючы патрэбны раздзел, зачытваў. Бывала, заходзіш на працу — і ўнутрана збіраешся, як у прысутнасці Божай.

 

— Законы? А я жыву па нябёсных законах — тут.

 

Дапаможа заўжды, але і праўду скажа ў вочы. О, такім і ў царкве нялёгка — ды ці не на такіх камянях будуе Госпад Свой дом?

 

Дбанне аб сваіх абавязках у сапраўднага верніка ў крыві: робіш не для сябе і нават не для людзей — для Бога. Сведчыш пра Хрыста? — тады не маеш права не быць прыкладам сам. Але Слава ясна разумеў, што на скла-дзе галоўная сутнасць ягонай працы — адчыніць душам, якія блукаюць і пруцца ў пекла, выйсце. Дзелавіты, засяроджаны, як жа перажываў ён кожную памылку, кожны крок, які зрабіў у сумленні!..

 

Ён сведчыў усім, каго сустракаў, — ад сэрца. Не цягнуў, не валок сілком. Проста прыходзіў, паіў гарачай гарбатай і прапаноўваў: «Хочаш жыццё вечнае? Бяры».

 

— Заканчваецца мой час тут, — неяк сказаў мне Слава, — адчуваю, Бог дасць нешта іншае.

 

Славу спрабавалі ўлучыць у «каманду» фірмы. Размовы. Нарады. Прэміі. Скідваемся на дні народзінаў. Але ў люзей, з’яднаных зарабляннем грошай, насамрэч няшмат агульнага з самотным і ўпартым вернікам. І «каманда» пачала Славу адпіхваць як чужака. Закон жыцця: слабое звяно.

 

Урэшце Слава паклаў заяву на стол.

 

Пасля бурнай, на некалькі гадзінаў, размовы з гаспадаром той не спаў усю ноч. Нараніцу — падпісаў звальненне без ніякіх прэтэнзіяў, кантрактаў і рэвізіяў. Сказаў: уначы прачнуўся, а ўвушшу голас: «Адпусці!»

 

«Шчасліва вырваўся», — напаўголаса праводзілі Славу рабочыя.

 

Склад апусцеў. Стол, за якім сядзеў Слава, перацягнулі ў бухгалтэрыю. Жыццё пайшло сваёй чарадой — але так, быццам жуеш без солі.

 

І раптам зваршчык Анатоль, з якім Слава бяседаваў у абед, прытарабаньвае ў бытоўку мех падабраных драўляных абрэзкаў: тапі, Паш, печку. І раптам — сусед-слесар Генадзь, маўклівы і ўнураны, знячэўку пачынае штодня частаваць цябе яблыкамі. А трактарыст-«хімік» Саня, якому Слава распавядаў пра Ісуса і якому вось-вось вызваляцца, просіць: «Не кідай мяне! Выйду — сап’юся. Завядзі ў царкву…»

 

Слава Богу, ёсць яшчэ такія людзі, як Слава. Самотныя. Ціхія. Непрыкметныя. Вандроўнікі.

 

Тыя, хто не шукае славы сабе, а жыве паводле апошняга правіла Евангельскай Рэфармацыі, распачатай паўтысячы гадоў таму Радзівілам менавіта на Берасцейшчыне: Адзінаму Богу слава.

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме