Беларуская апазыцыя як ахвярны казёл

13 лістапада 2012 11:31  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Крытыкуе (дакладней – пляжыць) дзеючая ўлада з экранаў і ўсіх сваіх папяровых выданьняў. Яна магла б рабіць гэта ня так прымітыўна і груба, але што, калі не да ўсіх дойдзе? Да прыкладу: падчас выбараў 2010-га «Беларусь сегодня» ставіла ў віну палітыкам… прэтэнзію на ўладу! Невядома, чаго тут болей – невуцтва або цемрашальства. Афіцыйныя СМІ дзесяцігодзьдзямі ўлівалі паклёп у вушы электарату, як Клаўдзій – атруту ў вуха бацькі Гамлета. Галоўны папрок – «прадаліся Захаду».

Крытыкуюць недзяржаўныя газэты. Бо апазіцыя – не сьвятарная карова, а галоўнае – не зацягае, калі што, па судах і ня ўлепіць мільённыя штрафы. Дык чаму не прайсьціся, не праявіць дасьціпнасьць, ня высьмеяць? Да таго ж заўсёды ёсьць магчымасьць перадруку рэзкіх выказваньняў з інтэрнэту. Галоўнае абвінавачаньне – у слабасьці і разьяднанасьці.

Час ад часу наяжджае старая гвардыя з-за мяжы. Здаля, зь бясьпечнага ўзвышэньня, ёй чамусьці здаецца, што тутэйшыя палітыкі робяць усё ня так. Асабліва шчыруе Барадач. Выдаючы домыслы за ісьціну ў апошняй інстанцыі, ён размахвае бізуном – судзіць, а то і абражае ўсіх без разбору. Па сутнасьці гэта звычайны скід нэгатыву. Ад такога «змаганьня» з рэжымам эфэкт ня тое, што нулявы, – мінусовы.

З розных бакоў, зь цяжкой артылерыі лупяць палітолягі: хавайся ў бульбу! Вельмі розныя па сваім узроўні і па ступені аб’ектыўнасьці, тыя таксама ў ацэнках ня стрымліваюць сябе і здольныя ва ўпор ня бачыць відавочнага. Шырока вядомы ў вузкіх колах Уладзімер Мацкевіч умудрыўся папракнуць назіральнікаў, прыхільнікаў байкоту, за тое, што не давялі да суду ніводнай выяўленай фальсыфікацыі. Дзіву даесься, як чалавек з гэткім нестандартным мысьленьнем дасюль ня ўцяміў: суды ў Беларусі такая ж фікцыя, як і выбары. Апэляваць да судовай сыстэмы ўсё адно што прасіць Ярмошыну, каб тая пакарала саму сябе за масавыя прыпіскі.

Крытыка, здараецца, гучыць з асяродзьдзя самой апазыцыі з-за несупадзеньня поглядаў на стратэгію і тактыку барацьбы супраць уціску і за ўплыў на масы.

За адарванасьць ад народа спрабуюць ушчуваць ад імя саміх мас. Па-за ўвагай пакідаючы тое, што атрымаць памяшканьне для масавага мерапрыемства або для сустрэчы з электаратам – усё роўна што дазвол на здабычу карысных выкапняў.

Па ўсіх раскладках – татальнай апрацоўцы насельніцтва і заціснутасьці гаек – ніякай апазыцыі ў нас проста не павінна быць. У прынцыпе. Альбо павінна існаваць толькі «канструктыўная», папросту – лаяльная да ўлады, якая сыграе ролю кітайскага балванчыка, што маўкліва ківае галавой у знак згоды. Але й такая не была дапушчана ў кішэнны парлямэнт. «No pasarán» нават бутафорскай палітычнай дыскусіі…  Дык дзе віна лідэраў партый і рухаў і дзе наша агульная бяда, зь якой усім нам трэба нешта рабіць?

Як вядома, энэргія абвінавачваньня робіць кепскую сытуацыю яшчэ горшай. Ускласьці адказнасьць на некага – значыць, зьняць яе зь сябе.
Жаданьне знайсьці ахвярнага казла (г.зн. абяліцца, скінуць на некага супольны грэх), насамрэч, прыкмета таго, што грамадзтва надыхалася разрэджаным паветрам несвабоды і ў паўсьвядомым стане пачынае азірацца ў пошуку вінаватых: «А падайце нам гэтых змагароў, што ня могуць пайсьці за нас на амбразуру!».

Так, становішча ў нас незайздроснае. Памятаеце загубленую жыхарамі плянэту зь фільма «Кін-дза-дза»? Жыць на ёй можна, але цяжка і нядоўга. Такой мне ўяўляецца наша сёньняшняя Беларусь – краіна, дзе страчаныя арыенціры і занядбаныя вышэйшыя каштоўнасьці. Бо клапаціцца толькі пра ўласную бясьпеку і дабрабыт (хто б ты ні быў – абывацель або выбраны прэзыдэнт) – гэта ня якасьць грамадзяніна і патрыёта.

Болей навін