Беларускі хрысціянскі гумар 1930-х гадоў

22 лістапада 2012 08:40  |  Грамадства

Часопіс «Хрысціянская думка» выходзіў у Вільні ў 1928—1939 гг. Яго нязменным рэдактарам быў ксёндз і выбітны інтэлектуал Адам Станкевіч. Тут публікаваліся не толькі матэрыялы на рэлігійную тэму. Змяшчаліся навіны Заходняй Беларусі, СССР ды ад усяго свету: літаратура, падарожныя нататкі, карысная інфармацыя па здароўі ды гаспадарцы.

На апошняй старонцы традыцыйна друкавалася рубрыка «Жарты». Змяшчаліся анекдоты на самыя розныя тэмы. Многія з іх не адпавядаюць класічнаму разуменню «хрысціянскага зместу».

Верагодна, некаторыя з надрукаваных анекдотаў цыркулявалі ў грамадстве і вызначалі пэўныя настроі, а іншыя прыдумляліся проста ў нумар сябрамі рэдакцыі. Беларускія ксяндзы ўмелі смяяцца з сябе.

Ніжэй пададзеная падборка анекдотаў з нумароў «Хрысціянскай думкі» за 1930-я. Лацінка, на якой друкаваўся часопіс, перададзеная сучасным кірылічным правапісам.
* *
Госць падчас абеду да гаспадароў:
– Што за смачны абед, такога шчэ ніколі не еў.
На гэта сынок гаспадара:
– І мы таксама.
* * *
– Ведаеце, — кажа пан Брахоўскі пры стале ў гасцях, — жанчына можа быць нястройная і нядобрая, няветлівая і няшчырая, але мусіць умець добра варыць. Найлепшым гэтага доказам ёсць наша гаспадыня, у якой мы сёння гасцім.
* * *
– Бачу, што табе нешта далягае.
– Так, бо мая жонка не гавора са мной ужо сем дзён. А ведаю, што калі яна гневаецца, то не гавора восем дзён. Знача, хутка пачне гаварыць…
* * *
– Калі памёр мой муж, дык і я не хачу жыць, пайду за ім!..
– Бойся Бога! Дай ты яму спакою хоць у гробе!
* * *
– Язэп, ці гэта ты выразаў з газеты артыкул «Як дажыць да ста гадоў»? — пытае жонка мужа.
–Так, даражэнькая. Бачыш, я не хацеў, каб гэны артыкул прачытала твая мама.
* * *
– Вы, па-мойму, ужо даўно здалі шафёрскія экзамены і дасталі дазвол ездзіць, але дагэтуль я вас аніразу не бачыў у аўце.
– Так, але з такім трудом здабыў сабе права язды, што не хачу яго так хутка страціць.
* * *
Задуменны прафесар сядзіць над кнігай і задуменна адганяе надаедлівую муху. Кажа да жонкі:
– Злаві ты яе і, не робячы ёй нічога благога, выпусці за акно.
На гэта кажа яму жонка:
– Дык на дварэ дождж лье!
– Ну дык дай ёй мой парасон, — адказвае задуменны прафесар.
* * *
– Не разумею, як адзін чалавек можа зрабіць гэтулькі памылак, — кажа вучыцель да вучня. — Гэта не аднаго работа, мне памагаў тата і сястра.
* * *
Вучыцель:
– Кім быў святы Павел?
Вучань:
– Не ведаю.
Вучыцель падказвае:
– Ап… Ап…
– Аптэкарам.
* * *
У рэстарацыі:
– Гэта ж вы мне падалі сапсутыя яйкі!
– Бачыце, цяпер свет такі сапсуты, што нават куры нясуць сапсутыя яйкі!
* * *
– Чаго ты прыйшоў да мяне з петухом? — пытае гадзіннікавы майстра ў селяніна.
– Можа, пан што дарадзіў бы: заўсёды пяяў а шостай, а цяпер пачаў пазніцца на паўгадзіны.
* * *
– Ідзі паглядзі, ці разнік мае цялячыя ногі?
– Хадзіла, але нічога не бачыла, бо разнік быў у ботах.
* * *
– Прыкра мне, што мая курыца улезла ў пана гарод.
– Нічога, мой сабака яе з’еў.
– Вось добра, пана сабаку я пераехаў самаходам.

Болей навін